Адам Гіляры Калікставіч Гурыновіч (13 (25) студзеня 1869, фальварак Кавалі (Кавалькі), Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя, цяпер Мядзельскі раён — 23 студзеня (4 лютага) 1894 (па іншых крыніцах 14 ці 17 студзеня 1894 г.), фальварак Крыстынопаль, Свянцянскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя)[1][2], — беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер.

Адам Гурыновіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 13 (25) студзеня 1869
Месца нараджэння
Дата смерці 23 студзеня (4 лютага) 1894 (25 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, паэт
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання герба «Праўдзіц», вядомага з XVXVI стст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіхгетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку сям’я жыла ў Кавалях (цяпер Мядзельскі раён), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль (цяпер в. Золькі), які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама[3]. Родны дзядзька Адама Гурыновіча — Абдон Іасафатавіч Гурыновіч — таксама нарадзіўся ў фальварку Крыстынопаль (Вілейскі раён). Пахаваны на каталіцкіх могілках у в. Канстанцінава (Мядзельскі раён). На надмагільным помніку маецца надпіс: «Абдон Гурыновіч, памёр 27 кастрычніка 1896 года, маючы 88 гадоў. Божа, выратуй яго душу»[4].

Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну — практычную (рэальнае вучылішча). Сям’я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Адама[3].

У 18791887 гг., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механікатэхнічным аддзяленні дадатковага класа, вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў былі сярэднія, але ўжо тады ён пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці. Але захварэў на тыф і ў студзені 1888 года быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 зноў паступіў на 1-ы курс[3].

У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы. Захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 годзе ў часопісе «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі») і выдадзены асобна[3].

У той жа час Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у т.л. марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім «Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», які ўтварыўся ў 1889 і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характеру ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Ф. Багушэвіча муж і жонка Г. і Ю. Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю. Бурачэўскі, К. Акуліч і І. Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі С. Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка[3].

 
Сямейная капліца Гурыновічаў на каталіцкіх могілках у в. Золькі, часткова адноўленая ў 2008 г.

У 1893 годзе Гурыновіч быў арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры, у тым ліку нататкі, звязаныя з паўстаннем 1863 года. Яго даставілі спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны зза хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы[3].

Творчасць правіць

Як беларускі дзеяч і паэт Гурыновіч сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Францішка Багушэвіча. Пэўны ўплыў на яго мелі таксама традыцыі паўстання 1863 года, ідэі Кастуся Каліноўскага. Пад уздзеяннем марксісцкай тэорыі ў поглядах Гурыновіча знайшлі далейшае развіццё рэвалюцыйна-дэмакратычныя, народніцкія ідэі.

У гісторыю беларускай літаратуры Гурыновіч увайшоў як паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першы з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Своеасаблівым паэтычным маніфестам гучыць прысвечаны Багушэвічу верш «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею…»:

  Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,

Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы,

Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,

Няхай песнь смутная ідзе ў калейку

І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,

Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.

 

Нягледзячы на шляхецкае паходжанне, у сваіх вершах выступае супраць «паноў» ад імя тых, каго і шляхта, і чыноўнікі спрадвеку «абдзіралі»:

  Перш душылі паны,

Што шляхтай зваліся,

Цяпер «сукіны сыны»

За нас узяліся.

Ані той, ані сёй

Нічога не далі,

Нашу ж працу у свой

Кішэнь пакавалі.

 

Які ж выхад бачыць Гурыновіч з дадзенай сітуацыі?

  Няхай хлопцы ўсе

Збіраюццы кучай,

У такім хаўрусе

Станемся мы тучай,

Што дожджыку дасць --

У нашай злой долі

Дух падыме ў нас,

Як рунь у тым полі.

А з той тучы, як гром

Сярод летняй ночы,

Загручыць ўсім паном

Загуба ў вочы!

 

Ён адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі. Плённай была таксама спроба пісьменніка ў перакладах з польскіх, рускіх, украінскіх твораў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспровіча, І. Франко[3].

Значная частка творчай спадчыны Гурыновіча загінула. Частка рукапісаў і пісьмаў зберагаецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь і рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літвы[3].

Упершыню яго творы апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч (з уступным артыкулам) у 1921 г. (газета «Беларускі звон»).

Ушанаванне памяці правіць

 
Помнік Адаму Гурыновічу

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі (Беларусь). У вёсцы Золькі пастаўлены мемарыяльны знак памяці Адама Гурыновіча.

Зноскі

  1. Адам Мальдзіс: Краязнаўчая адысея(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы»
  2. Сяргей Макарэвіч:Выпраўляем памылкі Архівавана 13 сакавіка 2016. // Вялейка-інфо
  3. а б в г д е ё ж Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
  4. Драўніцкі І. Што можа рассказаць надмагільны помнік// Нарачанская зара. — № 21-23. — 9 лютага 2008 г.

Літаратура правіць