Адам Сузін (польск.: Adam Suzin; 30 снежня 1799, в. Куліноўшчына Кобрынскага павета — 11 снежня 1879, Варшава[1]; Псеўданім Adam S.) — член Таварыства філарэтаў, сібірскі ссыльны. Яго персанаж з’яўляецца ў I акце I сцэны III часткі «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Такое ж імя і прозвішча мае адзін з герояў рамана «Лялька» Баляслава Пруса, расійскі купец і паплечнік Станіслава Вакульскага.

Адам Сузін
Партрэт Адама Сузіна (паводле фатаграфіі Караля Бейера)
Партрэт Адама Сузіна (паводле фатаграфіі Караля Бейера)
Род дзейнасці філосаф, падарожнік
Дата нараджэння 30 снежня 1799(1799-12-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 снежня 1879(1879-12-11) (79 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Член у

Біяграфія правіць

Маладосць правіць

Са збяднелай шляхецкай сям’і Сузіных. Дзед Адама (таксама Адам) займаў урад кобрынскага гродскага суддзі. Бацька — Дамінік Сузін абраў вайсковую службу. У часы Рэчы Паспалітай ён атрымаў чын капітана артылерыі. Пасля трэцяга падзелу некаторы час выконваў функцыі ад’ютанта пры двары Станілава Аўгуста Панятоўскага ў Гародні, пазней займаўся пераважна гаспадаркай, а таксама абіраўся на некаторыя выбарныя пасады, сярод іншага харунжага Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні[2].

У 1815 годзе паступіў у гімназію ў Свіслачы, дзе пазнаёміўся з Янам Янкоўскім. Станіслаў Пігань лічыў, што А. Сузін выконваў ролю пасярэдніка паміж тайнымі саюзамі моладзі ў Вільні і Свіслачы[3].

Праз чатыры гады пачаў навучанне на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе ў 1820 годзе ўступіў у таварыства філарэтаў; 26 чэрвеня гэтага года ён стаў членам матэматычна-фізічнага «Зялёнага грона», а неўзабаве заняў абавязкі сакратара гэтага клуба. Абмяркоўваючы на адной з сустрэч філарэтаў дысертацыю «Паляк сваім суайчыннікам з нагоды адноўленага Каралеўства Польскага» Пятра Багорскага, ён з вялікай дозай песімізму звярнуўся да тэмы незалежнасці Каралеўства Польскага. Акрамя «Зялёнага грона», ён таксама ўдзельнічаў у сходах «блакітных філадэльфістаў», больш радыкальнага аддзялення аб’яднання, да якога ў студзені 1821 г. прыцягнуў Янкоўскага. Падзяляў агульную цікавасць філарэтаў да народнай творчасці і беларускай мовы, пра тое, што Адам быў вялікім аматарам і знаўцам фальклору і народнай паэзіі, у адным з лістоў засведчыў Тамаш Зан[2].

У 1821—1822 гадах быў выхавальнікам дзяцей Міхала Клеафаса Агінскага ў Магільне. Вядома, што ў адпаведнасці з інструкцыяй таварыства філарэтаў ён падчас свайго знаходжання ў маёнтку Магільна графа Агінскага зрабіў апісанне не толькі парафіяльнага мястэчка Сакольнікава, але і павятовага горада Себежа.

У 1823 годзе стаў магістрам філасофіі Віленскага ўніверсітэта. У другім томе «Dziennik Wileński» ад 1823 г. быў апублікаваны яго артыкул пад назвай «Гіпотэза Ньютана пра святло і цяжар»[4].

Высылка ў Сібір правіць

У верасні 1823 года царскія ўлады загадалі правесці ператрус у яго кватэры, пасля чаго Сузін быў арыштаваны і дастаўлены ў былы базыльянскі манастыр. Сярод папер, выяўленых паліцэйскімі пры Сузіне, аказаўся пратакол блакітнага саюза, напісаны рукой Адама. 19 і 20 верасня яго дапытвалі, адмовіўся прызнаваць меркаваныя правапарушэнні. Аб упартасці з боку А. Сузіна быў нават праінфармаваны цэсарэвіч Канстанцін у Варшаве. Апошні загадаў застрашыць заўзятага вязня пазбаўленнем дваранскай годнасці і больш жорсткімі для таго наступствамі. Тым не менш выкліканы паўторна на допыт 5 лістапада 1823 г., тады, калі ўся справа аб філарэтах перастала для царскіх уладаў быць тайнай, а ў камісіі з’явіліся новыя доказы віны Сузіна, той застаўся верным сябе і не пайшоў на супрацоўніцтва са следчымі[2].

24 студзеня 1824 г. ён усё ж пацвердзіў сваю прыналежнасць да Таварыства філарэтаў, але паслядоўна адмаўляўся раскрываць імёны членаў аб’яднання, а таксама яго структуру і рэжым працы. Следчая камісія прад’явіла яму самыя сур’ёзныя абвінавачанні, падобна як у дачыненні да Тамаша Зана і Яна Чачота, у варожым стаўленні да дзяржавы, і не дапусціла яго вызвалення. 19 жніўня быў вынесены прысуд, пацверджаны Аляксандрам I (28 жніўня), у адпаведнасці з якім Сузін і абодва вышэйзгаданыя палонныя былі асуджаны на шэсць месяцаў знаходжання ў крэпасці ва ўнутраных раёнах Расіі, а пазней — на пражыванне ў Сібіры. У кастрычніку абвінавачаных наведаў Адам Міцкевіч, які выйшаў на волю ў сакавіку гэтага года. Падчас гэтага візіту паэт, верагодна, выказаў сваё захапленне бескампраміснасцю Сузіна, дэкламаваўшы імправізацыю «Адаму Сузіну»[4].

Перавозка Сузіна, Чачота і Зана кібіткай з Вільні ў Арэнбург працягвалася з 22 кастрычніка 1824 г. па 3 студзеня 1825 г., пасля чаго яны адбывалі шасцімесячнае пакаранне ў крэпасці Кізыл. Потым разам з Занам (Чачота адправілі ва Уфу) пасяліліся ў Орску. Уладкаваўся туды чыноўнікам пад Арэнбургам, а таксама вучыў дзяцей камандзіра крэпасці палкоўніка Ісаева. Наладзіў цесныя адносіны з Янам Віткевічам, які быў высланы ў Сібір у сакавіку 1824 года. У сакавіку 1829 г. Сузін і Зан атрымалі загад ехаць у Арэнбург. Падчас працы ў Памежнай камісіі яны даследавалі звычаі жыхароў тэрыторый на поўдзень і ўсход ад Урала, асабліва кіргізаў . З цягам часу Сузін здабыў у іх вачах павагу, якая выражалася ў ролі арбітра і вырашэння міжплемянных спрэчак. Займаўся таксама сабранымі ўзорамі флоры даследаваных ім зямель, якія ў далейшым узбагацілі калекцыі прыродазнаўчага музея ў Арэнбургу, створанага Занам. Сузін таксама выкладаў французскую мову і разам з Янам Каралем Хадкевічам пераклаў «Пра Германію» Жэрмен дэ Сталь. Не паспеў скончыць пераклады твораў Жака-Анры Бернардэна дэ Сен-П’ера і Анарэ дэ Бальзака [4] .

27 снежня 1832 г. яму быў прысвоены 14-ы чын пісараў, хоць аранбургскі генерал-губернатар Павел Сухтэлен, які быў добразычлівы да палякаў, прыкладаў намаганні да прысваення Сузіну 10-га ранга дзякуючы атрыманаму вучонаму званню. Мікалай I не прыняў запыт, бо ў ім былі фармальныя памылкі. У кастрычніку 1833 г. Сузін быў арыштаваны нібыта за саўдзел у г.зв. Арэнбургская змова, але ў выніку дагляду следчай камісіі (на чале з пераемнікам Сухцелена Васілём Пяроўскім — таксама сябрам польскіх ссыльных) усе абвінавачаныя былі вызваленыя. У 1834 годзе Сузіну быў прысвоены 10-ы чын пісара, узнагароды якога дамагаўся Пяроўскі. З мэтай паляпшэння здароўя ён падарожнічаў па казахскіх стэпах, падчас якіх яго некалькі разоў прымаў казахскі султан Бадж-Мухамед. У 1834—1835 гадах удзельнічаў у шэрагу даследаванняў у Арэнбургскай вобласці. З дазволу Памежнай камісіі ён прааналізаваў гэты рэгіён з пункту гледжання наяўнасці мінеральных рэсурсаў і геалагічнай будовы і, выконваючы заяўку прафесара Дэрпцкага ўніверсітэта Э. Гофмана, разам з Занам правёў там кліматалагічныя і метэаралагічныя назіранні[4] .

Дзякуючы хадайніцтвам генерал-губернатара В. Пяроўскага Адаму быў нарэшце нададзены адпаведны яго адукацыі чыноўніцкі ранг, а ў 1835 г. ён нават атрымаў права на месячны адпачынак дзеля наведвання на радзіме хворага бацькі, адкуль своечасова вярнуўся. У траўні 1837 г. праз старанні ўсё таго ж В. Пяроўскага ён атрымаў «Вышэйшы» дазвол на звальненне з службы ў Арэнбургскай губерні і, што найбольш важна, права на яе працяг у любым іншым месцы імперыі «альбо вярнуцца на радзіму». У ліпені 1837 г. Сузін канчаткова звальняецца са службы ў Пагранічнай камісіі «па дамашніх абставінах»[2].

Вяртанне на Радзіму правіць

Па вяртанні перад Сузіным паўстала праблема матэрыяльнага забеспячэння, ад бацькі яму застаўся маёнтак Залешаны (іншая назва - Хадасы Горныя) на Брэстчыне.

Яшчэ ў Арэнбургу пасябраваў з Яна Каралем Хадкевічам, і ў студзені 1838 г. ён накіроўваецца ў адну з рэзідэнцый Хадкевічаў — Млынаў, дзе планаваў знайсці працу ў хімічнай лабараторыі графа Аляксандра Хадкевіча. Але пасля раптоўнай смерці апошняга быў вымушаны выконваць абавязкі гувернёра Баляслава — малодшага брата Яна Хадкевіча. У хуткім часе з уласнае ініцыятывы Адам адмовіўся ад гэтай работы, але застаўся ў Млынаве, заняўшыся ўпарадкаваннем хатняга архіва князёў.

У сярэдзіне гэтага года ён быў арыштаваны паводле нібыта ўдзелу ў змове Шымана Канарскага. Спачатку сядзеў у турме ў Кіеве, потым у Вільні. У пісьмовых паказаннях, прадстаўленых 7 верасня, ён не прызнаў сябе вінаватым у выстаўленых яму абвінавачаннях. 5 лютага 1839 г. быў вынесены канчатковы вердыкт, паводле якога Сузінбезумоўна апраўданы. 19 лютага прысуд быў канфірмаваны Мікалаем І. Адзіным спагнаннем стаў паліцэйскі нагляд (пад якім ён і без таго знаходзіўся), але, як і іншыя ўдзельнікі гэтага працэсу, ён павінен быў вярнуць казне ўсе грашовыя выдаткі, якія тая панесла на арганізацыю ўсіх судова-следчых мерапрыемстваў[2].

Калі бацька памёр, ён, верагодна, даверыў Залешаны ў пажыццёвае карыстанне дзвюх старэйшых сясцёр[4]. У 1841 годзе прыязджаў у Вільню, дзе сустракаўся з Занам,

У 1842 г. падчас выбараў, што адбыліся на сейміке брэсцкага павятовага дваранства, ён быў абраны дэпутатам на губернскі аналагічны сход, але да галасавання не быў дапушчаны, з-за новых абмежаванняў для ўдзельнікаў тайных таварыстваў.

У тым жа годзе ажаніўся з Каралінай з Адынцоў (малодшай сястрой Антона Эдварда Адынца).

Неўзабаве ён пачаў кіраваць землямі фельдмаршала князя Людвіка Вітгенштэйна, якія знаходзіліся ў Літве і Беларусі, апекаваўся імі больш за дваццаць гадоў. Потым прыехаў з Каралінай у Варшаву, і яны пераехалі да дачкі. У двухтыднёвіку «Кроніка Родзінна (Kronika Rodzinna)» за 1870—1871 гады быў надрукаваны яго рэпартаж «Падарожжа ў кіргізскія стэпы ў 1834 годзе». У апошнія гады свайго жыцця ён змагаўся з прагрэсуючай стратай зроку. Памёр 11 снежня 1879 года ў Варшаве. Яго магіла знаходзіцца на Старых Павонзках[4].

Дачка Адама і Караліны — Міхаліна (каля 1847—1913)[4].

Зноскі

  1. Stanisław Zieliński Mały słownik pionierów polskich kolonialnych i morskich : podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigranci — pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni — Warszawa: Inst. Wyd. Ligi Morskiej i Kolonialnej, 1933. — S. 519.
  2. а б в г д Аляксандр Ільін, Алесь Радзюк. Адам Сузін: няўрымслівы змоўшчык-канспіратар ці ахвяра абставін? // Асоба і час. 2018. Том 8. Сс. 86-110.
  3. Pigoń, S. Bochaterski więzień // Głosy z przed wieku. — Wilno, 1924. — S. 44.
  4. а б в г д е ё Borowczyk 2009.

Літаратура правіць

  • Jerzy Borowczyk. Suzin Adam // Polski Słownik Biograficzny / Andrzej Romanowski. — Warszawa – Kraków: Polska Akademia Nauk, Polska Akademia Umiejętności, 2009. — Т. 46/1 (188) Surmacki Leopold - Swolkień Bolesław. — ISBN 978-83-88909-70-2.
  • Odyniec A. O. Adam Suzin // Tygodnik Ilustrowany. 1880. Tom IX. No 215.
  • Грицкевич В. П. В степи за Илеком: [очерк про А. Сузина] // Грицкевич, В. П. От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. — Минск: Полымя, 1986. С. 132—148.
  • Аляксандр Ільін, Алесь Радзюк. Адам Сузін: няўрымслівы змоўшчык-канспіратар ці ахвяра абставін? // Асоба і час. 2018. Том 8. Сс. 86-110.

Спасылкі правіць