Акавіта (лац.: aqua vitae — вада жыцця) — традыцыйная назва моцнага алкагольнага напою.

З XIII ст. агульнаеўрапейскім тэрмінам aqua vitae называлі гарэлку або вінны спірт, атрыманыя праз дыстыляцыю віна, пазней таксама гарэлку з соладу, збожжа, мукі і інш. У кельцкіх народаў скарочаны даслоўны пераклад лацінскага выразу uisce beatha стаў назвай нацыянальнага моцнага напою з ячменнага соладу — віскі.

У Польшчы і ВКЛ гэтая назва вядомая з канца XV — пачатку XVI ст. Пачаткова акавіта ўжывалася як аптэчны сродак (найчасцей для настойвання лекавых зёлак і г.д.). З пашырэннем ужытку моцных напояў і дыверсіфікацыяй іх тыпаў акавітай у вузкім сэнсе пачалі называць найвышэйшую ступень дыстыляцыі гарэлкі (ад 70 % аб.), даступную даіндустрыяльнай тэхналогіі. У сучасных скандынаўскіх краінах акавітай называюць моцную гарэлку (як правіла, з жыта), часам араматызаваную невялікай колькасцю кмена, якую прынята піць з невялікіх (50 г.) кілішкаў адным глытком. Да сярэдзіны XX ст. ужываўся старадаўні жартаўлівы беларускі тост:

 — Як ты называешся?
 — Акавіта.
 — А з чаго ты?
 — З жыта.
 — Пашпарт ёсць?
 — Няма.
 — Вось табе турма!

(пасля чаго акавіту выпівалі). У сучаснай беларускай папулярнай гістарычнай літаратуры акавітай часта называюць старадаўнюю гарэлку ўвогуле.

Літаратура правіць

  • Белы А. Акавіта // Праект «Наша ежа»

Спасылкі правіць

  •   На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Акавіта
  • Акавіта — беларускі партал, змяшчае навіны, каталог спасылак на сайты, і лічыльнік наведвальнікаў.