Акіянічнае дно — паверхня літасферных пліт, якая пакрыта водамі сусветнага акіяна.

Графік, які паказвае ваганні глыбінь акіяна

Рэльеф дна правіць

Падводны рэльеф не менш разнастайны, чым рэльеф мацерыкоў. Тут ёсць хрыбты, расколіны і даліны. Асноўныя часткі дна — падводная ўскраіна мацерыка, ложа акіяна, глыбакаводныя жолабы і сярэдзінна-акіянічныя хрыбты.

Падводная ўскраіна мацерыка складаецца з шэльфа (водмелі), мацерыковага схілу і мацерыковага падножжа. Шэльф апярэзвае кантынентальную сушу. Ён уяўляе з сябе падводную раўніну з невялікім нахілам, у якой ёсць скальныя ўтварэнні. Глыбіня шэльфа ў сярэднім каля 130 метраў. Аднак, на берагах, схільных да абледзянення, у шэльфе за кошт руху леднікоў ўтвараюцца паглыбленні: западзіны і адгор’і (лагчыны). Падобныя паглыбленні ёсць ля берагоў штату Мэн, уздоўж берагавой лініі Нарвегіі, Аляскі, у паўднёвай частцы берага Чылі, у заліве Святога Лаўрэнція.

На фарміраванне рэльефу шэльфа істотны ўплыў аказала сусветнае абледзяненне. У гэтую эпоху на сушы ўтварыліся ледзяныя масы, а ўзровень акіяна панізіўся. Такім чынам у цяперашніх участках шэльфа ўтварыліся дэльты рэк — асаблівасці рэльефу, якія захаваліся пасля таго, як шэльф зноў пакрыўся вадой. Таксама ў ледніковы перыяд на межах мацерыкоў ўтварыліся абразійныя платформы. На ўчастках шэльфа, што былі сушай ў ледавіковую эпоху, археолагі знаходзяць прадметы чалавечага побыту і косткі мамантаў.

Мяжа паміж шэльфам і мацерыковым схілам (броўка), як правіла, выразная. Вугал нахілу мацерыковага схілу ў сярэднім роўны 4 °. Аднак, у некаторых месцах схіл можа быць вельмі стромкім. Схіл звычайна мае ступеністы профіль, ва ўступы чаргуюцца з гарызантальнымі прыступкамі. Мацерыковы схіл, як правіла, перасечаны падводнымі каньёнамі. Каньёны маюць глыбіню 300 м і больш. Самы глыбокі каньён — Вялікі Багамскі. Яго глыбіня 5 км. Мяркуюць, што ступеністы профіль схілу і падводныя каньёны ўтварыліся ў выніку тэктанічнага руху.

Мацерыковае падножжа, якое займае прамежкавае становішча паміж мацерыковым схілам і ложам акіяна, мае ўзгорысты рэльеф. Глыбіня падножжа ад 3,5 км. У ім ёсць навалы асадкавых парод, утвораныя муцьевымі патокамі і апоўзнямі.

Літаратура правіць

  • Марское дно // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 10. Мінск, 2000. С. 137