Алафо́н фанемы (ад грэч. allos іншы, розны і грэч. phōnē гук) — гук мовы, у якім праяўляецца (рэалізуецца ў мове) фанема мовы.

У залежнасці ад фанетычнай пазіцыі фанема рэалізуецца рознымі алафонамі, але ў кожнай пазіцыі — толькі адным з іх; у адной і той жа фанетычнай пазіцыі алафоны ўзаемазамяняцца не могуць.

У кожнага алафона фанемы ёсць фанетычныя пастаянныя прыметы (іначай канстытутыўныя ці вызначальныя), паводле якіх гэтая фанема адрозніваецца ад іншых фанем.

Таксама ў кожнага алафона фанемы ёсць фанетычная пераменная прымета, паводле якой ён адрозніваецца ад іншых алафонаў гэтай самай фанемы.

Напрыклад, у беларускіх словаформах [раса] — [рас°у] фанема <с> праяўляецца ў двух алафонах: [с] і [с°], для якіх пастаяннымі прыметамі з’яўляюцца: месца ўтварэння (зубныя), спосаб утварэння (фрыкатыўныя) і глухасць, а пераменнай прыметай з’яўляецца лабіялізаванасць або нелабіялізаванасць зычнага.

Літаратура правіць

  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.