Альтэрнатыва для Германіі

палітычная партыя ў Германіі

«Альтэрнатыва для Германіі» (ням.: AfD) — правая партыя ў Германіі, заснаваная 6 лютага 2013 года.

Альтэрнатыва для Германіі
ням.: Alternative für Deutschland
Выява лагатыпа
Лідар Ціна Хрупала, Аліс Вайдэль
Заснавальнік Bernd Lucke[d]
Дата заснавання 6 лютага 2013
Штаб-кватэра Берлін
Краіна
Ідэалогія нацыяналізм
Інтэрнацыянал
Маладзёжная арганізацыя Маладая Альтэрнатыва для Германіі[d]
Колькасць членаў 25 000[1]
Дэвіз Mut zur Wahrheit
Месцаў у Бундэстагу
81 / 736
Месцаў у Ландтагах
228 / 1884
Месцаў у Еўрапарламенце
9 / 96
Сайт afd.de (ням.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Устаноўчы з’езд «АдГ» адбыўся 14 красавіка 2013 года ў Берліне. Яе лідарамі была абрана «Тройка» з прафесара эканомікі Бернда Лукэ, прадпрымальніцы Фраўкэ Петры і журналіста Конрада Адама. На федэральных выбарах 22 верасня 2013 года партыя набрала 4,7% і засталася без месцаў у Бундэстагу, не пераадолеўшы 5-адсоткавы бар’ер. На выбарах у Еўрапейскі парламент 2014 года аб’яднанне набрала 7% галасоў і атрымала 7 месцаў з 96 магчымых (пазней ў саюз з «Альтэрнатывай» увайшла таксама Сямейная партыя Германіі з адным месцам у Еўрапарламенце). На парламенцкіх выбарах 2017 года партыя ўпершыню змагла набраць больш за 5% галасоў, што дало магчымасць прайсці ў Бундэстаг. Аб’яднанне набрала 12,6% галасоў і атрымала 94 месцы ў нямецкім заканадаўчым органе[4].

Праграма правіць

23 красавіка 2017 года ў Кёльне (зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) партыйны з’езд «Альтэрнатывы для Германіі» зацвердзіў перадвыбарчую праграму на выбары ў нямецкі Бундэстаг, што налічвала 15 раздзелаў:

1) Абарона дэмакратыі ў Германіі;

2) Еўра не ўдалося: валюта, грашовая і фінансавая палітыка;

3) Знешняя палітыка і палітыка бяспекі: ажыццявіць нямецкія зацікаўленасці;

4) Унутраная бяспека;

5) Прытулку патрэбная граніца: перасяленне і прыстанішча;

6) Іслам у сутыкненні са свабодным дэмакратычным ладам;

7) Культура жаданасці дзяцей: спрыянне сям’і і рост насельніцтва;

8) Выхаванне і школа: мужнасць, каб адрозніваць;

9) Культура і СМІ;

10) Падаткі і фінансы, гаспадарка і праца;

11) Сацыяльная палітыка;

12) Наша ахова здароўя пад пагрозай;

13) Канец варожасці да тэхналогіі: энергія і клімат;

14) Утрымліваць і разбудоўваць шляхі зносін, павялічыць жыллёвае будаўніцтва, развіваць сельскія мясцовасці;

15) Ахова наваколля, прыроды і жывёл, абарона спажыўцоў і сельская гаспадарка.

У 6-м раздзеле згадваецца: «Крытыка ісламу, як і рэлігійная сатыра, знаходзіцца ў рамках агульнай законнасці. Яна з’яўляецца праявам асноўных правоў на вольнае выказванне думак і свабоду творчасці». Тамсама адзначаецца: «Мы жадаем прадухіліць радыкалізаванне мусульман да гвалтоўнага салафізму і тэрору. Таму фінансаванне будаўніцтва і працы мячэцяў ісламскімі дзяржавамі або замежнымі ахвярадаўцамі ці іх пасярэднікамі трэба прадухіліць. ... Такая залежнасць каля 900 мячэцяў ТІССР (Турэцка-ісламскага саюза па справах рэлігіі) і іх імамаў ад дзяржаўнага «Ведамства рэлігійных спраў» Турцыі з’яўляецца непрымальнай. Праз ТІССР аўтарытарная Турцыя моцна ўплывае на многіх грамадзян турэцкага паходжання, якія жывуць у Германіі». Дадаткова ў раздзеле змяшчаліся заклікі: «Скасаваць кафедры ісламскага багаслоўя ў нямецкіх універсітэтах і пераўтварыць іх у нейтральныя да веры ўстановы ісламазнаўства. ... АдГ заклікае да агульнай забароны на поўны вэлюм у грамадскіх месцах і на дзяржаўнай службе»[5].

7-ы раздзел перадвыбарчай праграмы 2017 года змяшчаў 7 тэзісаў:

1) Германію не знішчыць;

2) Умацаваць шлюб і сям’ю;

3) Дзеці маюць патрэбу ў абодвух бацьках: з’яўленне няпоўных сем’яў непажадана;

4) Цаніць сямейны догляд;

5) Ахова ненароджанага жыцця;

6) Дзеці палымяна вітаюцца;

7) Для яснага вобраза сям’і — палавая ідэалогія антыканстытуцыйная.

Першы пункт 7-га тэзіса называўся «Палавая ідэалогія прэч са школы — спыніць ранняе сексуалізаванне», дзе згадвалася: «Аднабаковае падкрэсліванне гома- і транссексуальнасці ў навучанні, так званая «плоцевая педагогіка разнастайнасці», насамрэч забяспечвае недапушчальнае ўмяшанне ў развіццё нашых дзяцей і гарантаваныя Асноўным законам бацькоўскія правы на выхаванне. Праз гэта дзеці і моладзь становяцца — часта праз незнаёмых асоб у школе і найчасцей насуперак волі сваіх бацькоў — няўпэўненымі ў сваёй сексуальнай ідэнтычнасці, якую празмерна вымагаюць і абражаюць за сарамлівасць». Таксама: «АдГ выразна супрацьстаіць усялякім спробам знішчыць традыцыйную будову сям’і праз спансаваныя ўрадам праграмы перавыхавання ў дзіцячых садках і школах»[5].

Знешняя палітыка правіць

Перадвыбарчая праграма «Альтэрнатывы для Германіі» 2017 года, зацверджаная на з’ездзе 23 красавіка 2017 года ў Кёльне (зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія), уключала 3-і раздзел «Знешняя палітыка і палітыка бяспекі: ажыццявіць нямецкія зацікаўленасці», які змяшчаў 6 тэзісаў:

1) Знешняя палітыка мае грунтавацца на нямецкіх зацікаўленасцях;

2) Дачыненні з важкімі дзяржавамі;

3) Германія мае самаабараняцца;

4) Пра стратэгію народнай бяспекі;

5) Германія мае разбудоўваць сваю гаспадарчую моц;

6) Палітыка развіцця: устойлівасць ды бяспекавыя і гаспадарчыя зацікаўленасці.

Паводле 2-га тэзіса «Дачыненні з важкімі дзяржавамі», «АдГ адхіляе стварэнне арміі ЕС або выкарыстанне нямецкіх узброеных сіл у замежных зацікаўленасцях». У дачыненні Расіі «АдГ выступае за спыненне палітыкі санкцый. Гаспадарчую супрацу з Расіяй варта наадварот паглыбіць». «Акрамя таго, АдГ адхіляе ўступленне Турцыі ў ЕС і патрабуе безадкладнага сканчэння ўсіх перамоў пра далучэнне»[5].

Дзейнасць правіць

14 мая 2017 года на выбарах у зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія «Альтэрнатыва для Германіі» атрымала 7,6% галасоў выбаршчыкаў і заняла 16 месцаў у мясцовым ландтагу. У выніку прысутнасць партыі вырасла да 13 з 16 зямель Германіі, акрамя Баварыі, Гесена і Ніжняй Саксоніі[6]. На выбарах у Бундэстаг Германіі 24 верасня 2017 года заняла 3-е месца. Напярэдадні выбараў АдГ выступіла за: забарону будаваць пры мячэцях мінарэты, бо тыя абазначаюць ісламскае валадарства; правядзенне рэферэндума аб вяртанні нямецкай маркі замест еўра; абмежаванне кіравання канцлера 2-ма тэрмінамі і ўвядзенне прамых выбараў прэзідэнта; пераўтварэнне Еўрапейскага Саюза ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць і вяртанне палітычных паўнамоцтваў дзяржавам-удзельніцам; скасаванне дзяржаўных субсідый ветравай і сонечнай энергетыцы, працяг выкарыстання АЭС[7]. Не галасавала за прававое прызнанне аднаполых шлюбаў у Германіі[8].

Зноскі

  1. https://afd-kompakt.de/2017/01/03/jahres-auftakt-nach-mass-die-afd-hat-mehr-als-25-000-mitglieder/ Архівавана 8 студзеня 2017.
  2. Rechtspopulisten bilden fünftgrößte Fraktion im EU-ParlamentZeit Online, 2019.
  3. Weise Z. Salvini alliance to be named Identity and DemocracyPolitico Europe, 2019.
  4. У Германіі прайшлі выбары ў Бундэстаг(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя (24 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2018. Праверана 20 сакавіка 2018.
  5. а б в Перадвыбарчая праграма «Альтэрнатывы для Германіі» на выбары ў нямецкі Бундэстаг 24 верасня 2017 г. «Праграма для Германіі» (ням.)(недаступная спасылка). «Альтэрнатыва для Германіі» (23 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2017. Праверана 20 сакавіка 2018.
  6. Анатоль Сідараў. Свята на вуліцы правых. Сацыял-дэмакраты прайгралі выбары ў яшчэ адной зямлі ФРГ(недаступная спасылка). Крыніца.інфо (15 мая 2017). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2018. Праверана 20 сакавіка 2018.
  7. Глядзіце, хто прыйшоў: за што выступае «Альтэрнатыва для Германіі». Радыё «Свабода» (25 верасня 2017).
  8. Ніжняя палата парламента Германіі (Бундэстаг) ухваліла аднаполыя шлюбы, Радыё Свабода

Спасылкі правіць