Аляксе́й Філа́таў (Леанід Георгіевіч Філатаў) (13 мая 1939, вёска Бабінічы, Віцебскі раён, Віцебская вобласць — 16 сакавіка 2023) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст, былы непаўналетні вязень канцлагеру Потшыкаў пад г. Чанстахова (Польшча). Апошні час жыў ў пас. Мухавец Брэсцкага раёна.

Аляксей Філатаў
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Леанід Георгіевіч Філатаў
Псеўданімы Аляксей Філатаў
Дата нараджэння 13 мая 1939(1939-05-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 16 сакавіка 2023(2023-03-16) (83 гады)
Грамадзянства  СССР
 Беларусь
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Кірунак проза
Мова твораў беларуская
Дэбют 1958
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі Брэсцкая зорка (2000), Мядовая прэмія (2006), Абласная літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка (2007)

Біяграфія правіць

Нарадзіўся Леанід Філатаў 13 мая 1939 года ў вёсцы Бабінічы пад Віцебскам, у хаце дзеда па маці Восіпа Бугаёва, аднак узгадаваўся ён на беларуска-ўкраінскім памежжы пад Брэстам. Маці, Фядора Восіпаўна, скончыла Віцебскі педагагічны інстытут і пасля 17-га верасня была накіравана ў Заходнюю Беларусь выкладчыкам Брэсцкай пэдвучылішча. Сюды ж, у Заходнюю Беларусь, былі пераведзены яе сястра і брат[1].

Малы Леанід Філатаў з дзвюма сваімі старэйшымі братамі жыў у адной вялікай сям’і цёткі Марыі Восіпаўны Нікіценка ў заходнепалескім мястэчку Маларыта, дзе тая зай­мала пасаду завуча мясцовай школы. Усіх малых у сям’і было пяцёра. Гадавала ўсіх дзяцей бабуля Наста­ Лапека­-Бугаёва. Стрыечныя браты Філатава ўжо тады былі сіротамі: іх тата Антон загінуў на «Фінскай», а бацька малых Філатавых Георгій Фёдаравіч у хуткім часе таксама выжываў у цяжкіх баях пад Масквой у 1941-ым.

У першыя гадзіны вайны 22 чэрвеня 1941 года Леанід Філатаў застаўся сіратой: яго маці, якая прыехала ўвечары 21 чэрвеня ў Маларыту да сястры Марыі Нікіценка, каб забраць у трывожны час сям’ю з небяспечнага раёна, была забіта на ганку школы асколкамі адной з першых упаўшых авіябомбаў. Разам з маці загінуў і яго родны брат. Параненая бабуля, з выбітымі асколкамі вачыма, разам з скалечанымі дзецьмі апынулася ў захопленым немцамі мясцовым шпіталі. Трымаліся толькі тым, чаго не шкадавалі шчырыя малярыцкія людзі, якія клалі яйкі, бутэльку малака, бохан хлеба, кус сала малому Лёне Філатаву ў рукі (адзін ён здолеў хадзіць, паколькі паранены быў усяго ў галаву). Цётка Марыя пайшла ў савецкае падполле. У 1943 трапіла ў гестапа і пасля васьмі месяцаў катавання была расстраляна прама на допыце. Двухгадовага хлопчыка ўзялі ў сваю настаўніцкую сям’ю Аляксей і Ларыса Афанасьевы з в. Ляхаўцы[1].

У вайну Леанід Філатаў зведаў яшчэ адно страшнае выпрабаванне лёсу — ён стаў непаўналетнім вязнем канцлагеру Потшыкаў пад г. Чанстахова ў Польшчы[1], куды трапіў у 1944-ым разам з прыёмнымі бацькамі. Цудам змог выжыць у канцялгеры — яго жыццё, дзякуючы настойлівасці бацькоў, уратаваў нямецкі ваенны доктар. У пяць гадоў нацысцкі канцлагер навучыў хлопчыка нямецкай грамаце[2].

У шасцігадовым узросце ў верасні 1945-га ён пайшоў у школу, дзе пакрысе пачаў асвойваць сваю родную беларускую мову. Леанід Філатаў скончыў Маларыцкую сярэднюю школу, Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, затым філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытуту. На працягу многіх гадоў аж да выхаду на пэньсію працаваў настаўнікам у Мухавецкай сярэдняй школе. Пражыў багатае на падзеі і з’явы жыццё чыгуначніка, журналіста, настаўніка, спартсмена, трэнера, пісьменніка[3].

з 2002 года — член ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Уваходзіў у склад рэдкалегіі літаратурнага альманаху Брэсцкага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў «Жырандоля».

Творчасць правіць

У прыёмнай сям’і настаўніка-інтэлігента Аляксея Афанасьева размаўлялі па-руску, а ад ляхавецкіх сялян Леанід Філатаў штодня чуў гаворку, набліжаную да ўкраінскай мовы. Усё гэта, а таксама цікавыя аповеды прыёмнага бацькі, паданні і казкі і асабліва песні палешукоў моцна паўплывалі на фарміраванне як самога будучага пісьменніка, так і на яго творчасць. У падзяку прыёмным бацькам за выратаванае жыццё Леанід Філатаў узяў для свайго творчага псеўданіму імя бацькі Аляксей, бо той не толькі гадаваў сірату, але і пакінуў яму роднае прозвішча[2].

Першы верш напісаў яшчэ ў малодшых класах школы. Пачаў друкавацца з 1958 года. Пэўную вядомасць прынесла аўтару кніга народнага гумару «Ляхавецкая торба» і трылогія «Дарога», кніга аповесцяў і апавяданняў «Адарваць ад сэрца», «Жывая зямля», «Страла жыцця», а таксама апошняя — «Жывому жыць (Споведзь качагара)». У 2013 годзе выйшла ўжо адзінаццатая кніга Аляксея Філатава.

Галоўная ідэя ўсёй творчасці празаіка — пошук чысціні і дабра ў чалавеку, у людзтве, у грамадстве. У творах Аляксея Філатава асабісты боль па страчаных блізкіх людзях, настаўніках і сябрах спалучаецца з трывогай за лёс Бацькаўшчыны, за яе духоўную і матэрыя­ль­ную культуру. Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што пісьменнік мае рэдкі талент бачыць, адчуваць і любіць найперш людзей, а не сябе. Яго хвалюе і кранае ўсё — прыгожае і пачварнае, узнёслае і зямное ў чалавеку, у жыцці ўвогуле. Адметным ёсць гумар, які прысутнічае ў многіх яго творах, які ён укладае ў вусны сваіх герояў. Нярэдка яго героі размаўляюць на заходнепалескай гаворцы. Душа пісьменніка цалкам належыць Прырыцкаму края.

Аляксей Філатаў піша таксама вершы. Ён шмат кантактуе з пісьменнікамі-пабрацімамі з суседняй Украіны. Перакладаў з украінскай паэзію Івана Чарнецкага, Ніны Горык, Васіля Гея, Міхайлы Хіжко, Валянціны Штынько, Пятра Маха; таксама прозу Івана Корсака, Восіпа Струцюка[2].

«Ляхавецкая торба» Аляксея Філатава зрабіла ляхаўчан падобнымі да сусветна вядомых габраўцаў. Пісьменнік апісвае сваіх землякоў як людзей з дасціпным гумарам, што жывуць па прыказцы «Няхай лепш чэрава лопне, чым дабро прападзе». Яны вясёлыя, непасрэдныя, таму маюць незвычайную прыцягальнасць. У сваіх творах, блізкіх да анекдотаў, пісьменнік натуральна выкарыстоўвае жывую гутарковую мову.

Цікавую трылогію прадставіў чытачу Аляксей Філатаў у кнізе «Дарога» (Брэст, 1997), якой аўтар даў падзагаловак — «Палескія аповесці». У трох аповесцях «Дарога», «Канёздрыкі», «Жніво ў Замошшы» аўтар з глыбокім веданнем матэрыялу расказвае пра жыццё цэлага пакалення палешукоў-заходнікаў. Некаторыя падзеі ў трылогіі закранаюць падзеі мінулай вайны ў Заходняй Беларусі, а затым драматычную калектывізацыю заходнікаў, прадстаўляючы ў апошняй частцы трылогіі чытачу калгаснае жыць­цё ў апошнія савецкія дзесяцігоддзі. Аповесці звязаны месцам дзеяння і вобразам галоўнага героя Сцяпана Буруна, чалавека з складаным і багатым на выпрабаванні лёсам. Асабістыя драмы, страты, супярэчлівыя і таксама часта драматычныя сацыяльна-грамад­зкія падзеі не зламалі героя. Ён, часам, памыляецца, але ўмее цвяроза і крытычна асэнсаваць перажытае, каб годна і шчыра жыць далей, быць паважаным і шанаваным людзьмі, быць ім патрэбным[2].

Бібліяграфія правіць

  • «Ляхавецкая торба», 1992
  • «Чый бэз?» (пісьменнікі Берасцейшчыны — для дзяцей, укл. А. Філатаў)
  • «Дарога» (трылогія), 1997
  • «Адарваць ад сэрца», 2000
  • «Жывая зямля», 2001
  • «Асколкі болю» (успаміны вязняў фашызму)
  • «Страла жыцця» (мініяцюры, апавяданні, народны гумар, аповесці, вершы), 2007
  • «На абпаленых крылах (кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму)» (укл. Л. Г. Філатаў, Л. П. Раманенка, І. В. Бараноўскі), 2012
  • «Жывому жыць (Споведзь качагара)», 2013

Узнагароды правіць

Пісьменнік Леанід Філатаў узнагароджаны літаратурнымі прэміямі: «Брэсцкая зорка» (2000), «Мядоваю» (2006), Дыпломам імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага філіяла СБП (2007)[1].

Зноскі

  1. а б в г На абпаленых крылах : кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму / укл. Л. Г. Філатаў, Л. П. Раманенка, І. В. Бараноўскі. — Мінск : Кнігазбор, 2012. — 240 с.
  2. а б в г Аляксей Філатаў. Жывому — жыць (Споведзь качагара). — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 204 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 38)
  3. Іван Мельнічук. Дарогамі Радзімы. Да 75-годдзя Аляксея Філатава Архівавана 30 мая 2014.

Літаратура правіць

  • Аляксей Філатаў // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст: Брэсцкая друкарня, 2008. С. 397—400.
  • Смаль, В. М. Рэгіянальныя адметнасці творчасці Аляксея Філатава // Славянские языки: системно-описательный и социо-культурный аспекты исследования : Материалы ІІІ международной научно-методической конференции. Брест, 22-23 ноября 2007 г. Брест, 2008. C. 193—196.
  • Навумчык, М. Душою належыць Маларытчыне / Мікалай Навумчык // Голас часу (Маларыта). 2014. 14 мая. С. 8.
  • Валасюк, Л. Талент мастака : [да 70-годдзя пісьменніка А. Г. Філатава] / Лявон Валасюк // ЛiМ. 2009. 15 мая (№ 18). С. 5.
  • Валасюк, Л. З «Ляхавецкай торбай» па жыцці : вядомаму берасцейскаму празаіку Аляксею Філатаву — 70 год / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2009. 16 мая. С. 12.
  • Гарай, А. Борозды : [творческий путь А. Филатова] / Анатолий Гарай // Заря. 2009. 14 мая.
  • Вашэка В. Ён жыве на жывой зямлі : Аляксею Філатаву — 65 / Вінцэсь Вашэка // Брестский курьер. 2004. 13 мая (№ 20). С. 9.

Спасылкі правіць