Амброзій Кастравіцкі

Амброзій Самуэль Кастравіцкі (18711937) — лекар, беларускі грамадскі дзеяч, брат Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца), бацька Самуэля Кастравіцкага.

Амброзій Кастравіцкі
Нараджэнне 1871
Смерць 1937
Месца пахавання
Род Кастравіцкія[d]
Бацька Караль Самуэлевіч Кастравіцкі[d]
Маці Гелена са Свентаржэцкіх[d]
Жонка Марыя (1875 г.н.)
Дзеці Самуэль (1902 г.н.), Марыя (1904 г.н.), Хрысціна (1906 г.н.)
Адукацыя
Дзейнасць урач

Біяграфія правіць

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Менавіта з гэтай галіны роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінер.

Нарадзіўся ў сям’і маянткоўца Караля Самуэлевіча Кастравіцкага (1814—1874) і яго жонкі сярэднезаможнай шляхцянкі Гелены Тадэвушаўны Свентаржэцкай. Бацька Караль удзельнічаў у паўстанні 1863—1864, быў сасланы расійскімі ўладамі ў Табольск, а яго маёнтак Малыя Навасёлкі ў Мінскім павеце быў канфіскаваны. Па лініі маці Амброзій Кастравіцкі быў блізкім сваяком іншага паўстанца — Баляслава Свентаржэцкага (1831—1888). Акрамя таго Кастравіцкія мелі блізкія сваяцкія сувязі з іншымі сярэднезаможнымі родамі Міншчыны — Ваньковічамі, Вайніловічамі, Прушынскімі, Оштарпамі, Янішэўскімі і інш. Напрыклад, блізкай сваячкай была Ядвіга Адамаўна Кастравіцкаяроду Вайніловічаў).

Амброзій Кастравіцкі нарадзіўся ў Цывінску, што ў Сібіры. У 1874 сям’і дазволена вярнуцца ў Беларусь. Канфіскацыя сямейнага маёнтка стала прычынай збяднення гэтай галіны роду Кастравіцкіх і пераходу яе з катэгорыі маянткоўцаў у катэгорыю малазаможнай інтэлігенцыі, хоць сям’я Караля Кастравіцкага пасля вяртання з ссылкі атрымала прытулак у блізкіх сваякоў — жылі ў вёсцы Засулле каля Стоўбцаў і вёсцы Прымагілле каля Койданава (цяпер Дзяржынск). Там хутка памер бацька Амброзія.

Скончыў гімназію ў Санкт-Пецярбургу і медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта (1897).

У 1901—1920 Кастравіцкі працаваў лекарам у Лідзе, Свянцянах і Мінску. Ажаніўся з каталічкай Марыяй Багушэўскай. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, фінансаваў выданне літаратурных твораў на беларускай мове, сябраваў з Вацлавам Іваноўскім.

Існуе меркаванне, што Амброзій Кастравіцкі ў 1916—1917 удзельнічаў у мінскім аддзеле Камітэта дапамогі ахвярам вайны і ў сакавіку 1917 быў старшынём З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску. Але насамрэч гаворка ідзе пра яго брата Казіміра[2].

У кастрычніку 1918 жыў у Лідзе, разам з сынам Самуэлем з’яўляўся сябрам польскай Самаабароны. Удзельнік баявых дзеянняў пад Шчучынам.

З лета 1920 жыў у Варшаве, у 1925 атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе, пад Лідай.

Памёр у 1937, пахаваны ў Белагрудзе. Сям’я (удава і дзве дачкі) 10 лютага 1940 была дэпартаваная ў Азіяцкую частку СССР, рэабілітаваная ў 1996.

Зноскі

  1. https://proza.ru/2021/11/20/1843
  2. Смалянчук А. Раман Скірмунт (1868—1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мінск, 2018. С. 267, 269, 273

Спасылкі правіць