Анастасія Гедзімінаўна

дачка вял.кн. Гедзіміна, жонка вял.кн. маскоўскага Сямёна Іванавіча

Анастасія Гедзімінаўна, імя пры нараджэнні Айгу́ста (каля 1320 — 11 сакавіка 1345) — першая жонка вялікага князя маскоўскага Сімяона Іванавіча.

Анастасія Гедзімінаўна
Нараджэнне 1320
Смерць 11 сакавіка 1345(1345-03-11)
Род Гедзімінавічы
Бацька Гедзімін
Маці Еўна
Муж Сямён Горды
Дзеці Васіліса[d]
Дзейнасць арыстакратка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Імя правіць

Імя Айгуста з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай даўніны[1].

Першая аснова Ai(g)- ад пярвейшага Eig-, што звязана з літоўскім eiti «ісці», eiga «хада». З асновай Eig- вядомыя антрапонімы тыпу Eig-mant’as, Eig-min’as[2]. У старалітоўскім іменніку гэтая аснова была звязаная з паняццем ваенных паходаў.

Другая аснова Gust- вядомая з антрапоніма Gus(t)-taut’as і звязваецца з gusti «звыкаць». У сучасным літоўскім іменніку часцейшая таго ж паходжання аснова Gud- (ад gudo «звыкаў»), як у імёнах тыпу Gud-mant’as, Gud-vil’as[3].

Імя Айгуста адносілася да слою «ваярскіх» імёнаў, якія запанавалі ў раннелітоўскім іменніку разам з абсалютызацыяй ролі ваяроў у структуры грамадства, іх пачалі надаваць асобам як мужчынскага, так і жаночага полу. Дастасаванае да мужчынскага носьбіта, гэтае імя значыла «Звыклы да (ваенных) паходаў».

Такога ж тыпу «ваярскія» імёны насілі таксама дачка князя Трайдзеня Гаўдзіманта (імя Гаўдзімант значыла «Слаўны (ваеннай) здабычай»), дачка князя Кейстута Рымгайля (мужчынскае імя Рымгайла значыла «Трывалы і моцны»).

Жыццяпіс правіць

Дачка вялікага князя літоўскага Гедзіміна, дата нараджэння пэўна не вядома.

У 1333 годзе прывезена ў Маскву, замуж за 16-гадовага маскоўскага княжыча Сімяона Іванавіча. Нарадзіла двух сыноў, Васіля і Канстанціна, памерлых у маленстве, і дачку Васілісу (жонку кашынскага князя Міхаіла Васілевіча).

Памерла ў Маскве падчас чумы, пасля таго як прыняла схіму. Пахавана ў заснаваным ёй жа Спаса-Праабражэнскім манастыры.

Заўвагі правіць

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11—13.
  2. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 86.
  3. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 96.

Літаратура правіць