Анізатрапі́я (ад стар.-грэч.: ἄνισος — неаднолькавы + τρόπος — напрамак) у фізіцы — залежнасць фізічных (механічных, аптычных, магнітычных і інш.) уласцівасцей рэчыва ад напрамку.

Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцей, напрыклад, вадкіх крышталёў, тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул.

У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напрыклад, драўніна) або штучнай тэкстуры (напрыклад, пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія механічных уласцівасцей). Анізатрапія многіх уласцівасцей крышталёў, напрыклад лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцей, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж галоўнай восі сіметрыі і ўпоперак да яе.

Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення  (руск.), дыхраізму  (руск.), змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі.

Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напрыклад, у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, электрычнага поля, магнітнага поля.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць