Аперацыя «Бола»[К 1] (англ.: Operation Bolo) — аперацыя ВПС ЗША падчас В’етнамскай вайны, накіраваная на ліквідацыю пагрозы з боку паўночныв’етнамскіх знішчальнікаў МіГ-21. У ходзе аперацыі амерыканская авіяцыя правяла адзін з найбольш паспяховых паветраных баёў за ўсю вайну.

Аперацыя «Бола»
Асноўны канфлікт: Вайна ў В’етнаме
Аўтар і ўдзельнік аперацыі Роберт Олдс.
Дата 2 студзеня 1967
Месца Паўночны В’етнам
Вынік перамога ЗША
Праціўнікі
Сцяг В'етнама Паўночны В’етнам Сцяг ЗША ЗША
Камандуючыя
Тран Ман Роберт Олдс
Дэніэл Джэймс
Сілы бакоў
8—9 МіГ-21 28 F-4C Phantom II
Страты
па амерыканскіх даных:

7—9 МіГ-21 знішчана
па в’етнамскім даных:
5 Міг-21 знішчана,
1 пілот загінуў

пацверджана абодвума бакамі:
страт няма

Перадумова правіць

Пачынаючы з сакавіка 1965 года, авіяцыя ЗША ажыццяўляла рэгулярныя бамбардзіроўкі Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам у рамках кампаніі «Rolling Thunder». На працягу першага года аснову сістэмы СПА ДРВ складала ствольная артылерыя і кулямёты, у той час як зенітна-ракетныя комплексы і знішчальнікі-перахопнікі гулялі дастаткова невялікую ролю. Аднак пастаянная падтрымка з боку СССР дазволіла ўмацаваць СПА і ВПС краіны. З сярэдзіны 1966 года актывізаваліся дзеянні паўночнав’етнамскай авіяцыі, якая атрымала на ўзбраенне сучасныя знішчальнікі МіГ-21. У канцы года камандаванне ВПС ДРВ пачало практыкаваць перахоп амерыканскіх самалётаў на далёкіх подступах да мэтаў, што дазволіла нанесці адчувальныя страты ўдарным F-105 «Тандэрчыф».

Увосень 1966 года новым камандзірам 8-га тактычнага знішчальнага крыла ВПС ЗША на авіябазе Убон (Тайланд) стаў палкоўнік Робін Олдс, ас Другой сусветнай вайны (12 паветраных перамог). Ён быў занепакоены павелічэннем страт у паветраных баях і прыйшоў да высновы аб неабходнасці нанесці ўдар па авіяцыі праціўніка. Да гэтага часу барацьба з ВПС ДРВ лічылася другараднай задачай з-за іх невысокай актыўнасці. Знішчыць МіГі на зямлі было немагчыма з-за таго, што мелася забарона на бамбардзіроўкі в’етнамскіх аэрадромаў: вышэйшае палітычнае кіраўніцтва ЗША баялася, што ўдары па аэрадромах прывядуць да ахвяраў сярод савецкага ваеннага персаналу і да рэзкай эскалацыі вайны, аж да прамога ўмяшання СССР. Выхад быў адзін: уцягнуць авіяцыю ворага ў паветраны бой на выгадных для амерыканскага боку ўмовах.

Аперацыя атрымала кодавую назву «Бола». Яе сутнасць заключалася ў тым, што знішчальнікі F-4 «Фантом II» павінны былі імітаваць паводзіны групы ўдарных F-105, якія прадстаўлялі для МіГаў больш лёгкую мэту. Імітацыя ўключала выкарыстанне стандартных маршрутаў падлёту да мэты, вытрымліванне характэрнай хуткасці і вышыні, выкарыстанне экіпажамі «Фантомаў» тэрміналогіі пілотаў «Тандэрчыфаў» пры радыёабмене. Такім чынам, МіГі павінны былі трапіць у пастку, атакаваўшы замест досыць уразлівых ударных самалётаў гатовыя да бою знішчальнікі. Да гэтага часу ў Паўночнага В’етнама быў усяго адзін авіяполк знішчальнікаў МіГ-21 (921-ы), які базаваўся на аэрадроме Фук-Ен у раёне Ханоя.

Прыклады самалётаў

Правядзенне правіць

Аперацыя была прызначана на 1 студзеня 1967 года, але адкладзена на дзень з-за дрэннага надвор’я. 2 студзеня ўсё ж было прынята рашэнне аб правядзенні аперацыі, нягледзячы на густую воблачнасць. Асноўная задача ўскладалася на 28 самалётаў F-4C са складу 8-га крыла, узначаленых асабіста Олдсам: менавіта яны павінны былі імітаваць ударную групу F-105 над Фук-Ен. Столькі ж «Фантомаў» з 366-га тактычнага знішчальнага крыла (Дананг, Паўднёвы В’етнам) мелі задачу блакаваць іншыя аэрадромы з боку ўзбярэжжа і перахапіць паўночнав’етнамскія МіГі пры спробе уцёкаў у Кітай. Амерыканскім пілотам было забаронена ўрывацца ў паветраную прастору Кітая. Да забеспячэння аперацыі прыцягваліся F-105, самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення EC-121, самалёты радыёэлектроннай барацьбы EB-66, самалёты прыкрыцця F-104. Дзёрзкасць аперацыі заключалася яшчэ і ў тым, што ні адзін пілот 8-га крыла да таго моманту не меў вопыту рэальнага паветранага бою: в’етнамскія МіГі проста пазбягалі змагацца з F-4, аддаючы перавагу бяспечнае для сябе паляванне на F-105.

Амерыканскі план спрацаваў. На перахоп праціўніка былі падняты Міг-21, і пілоты «Фантомаў», выкарыстоўваючы колькасную перавагу і фактар раптоўнасці, уступілі з імі ў манеўраны паветраны бой, у якім паспелі прыняць удзел толькі 12 F-4. Па амерыканскіх даных, было збіта 7 самалётаў праціўніка пэўна і 2 меркавана, уласных страт не было. В’етнамскія даныя пацвярджаюць страту 6 Міг-21 (з іх адна панесена ў выніку выдаткавання самалётам паліва) і 1 лётчыка, а таксама прызнаюць факт адсутнасці ў амерыканцаў страт[1]. Для 921-га палка гэта быў цяжкі, але не апошні ўдар: 6 студзеня ВПС ЗША зладзілі новую пастку і збілі яшчэ два МіГ-21.

Па даных в’етнамскіх крыніц, 2-га студзеня 1967 года ў бой ўступіла толькі два звяна МіГ-21ПФЛ. Першае звяно ў складзе: Ву Нгок Дзінь, Нгуен Дук Туан, Нгуен Дан Кінь і Буі Дук Нхо падняліся ў паветра ў 13:56 па ханойскім часе. Прабіўшы слаістую воблачнасць, самалёты патрапілі пад варожую атаку і былі збіты, усе чатыры лётчыкі здолелі выратавацца, скарыстаўшыся катапультамі. Пасля страты першай чацвёркі МіГаў у паветра паднялося другое звяно ў складзе: Нгуен Нгок До, Дан Нгок Н’я, Донг Ван Дэ і Нгуен Ван Кок. На гэты раз в’етнамскія лётчыкі былі больш уважлівы і, заўважыўшы варожую атаку, выканалі супрацьракетны манеўр. У выніку толькі адзін самалёт быў збіты, а яго лётчык Нгуен Нгок До паспяхова катапультаваўся. Тры ацалелых МіГа зрабілі пасадку на авіябазе Найбай. Агульныя страты за дзень склалі 5 МіГ-21ПФЛ: 1812, 1908, 1909, 2106, 2206[2][3].

Вынік правіць

Страціўшы за некалькі дзён палову МіГ-21, камандаванне ВПС ДРВ было вымушана перагледзець тактыку выкарыстання знішчальнай авіяцыі. Асабісты склад 921-га палка быў дэмаралізаваны тым, што адбылося. У цэлым, на папаўненне страт сышло па меншай меры два месяцы: аж да вясны 1967 года 921-ы полк заставаўся небаяздольным, актыўнасць паўночнав’етнамскай авіяцыі амаль спынілася. Паветраны бой 2 студзеня 1967 года быў адным з найбуйнейшых за ўсю вайну. Паводле афіцыйных амерыканскіх звестак, такіх жа буйных поспехаў пазней удавалася дасягнуць усяго двойчы: у маі 1967 і ў маі 1972. Адзіным суцяшэннем для в’етнамцаў стала выратаванне ўсіх збітых у гэты дзень лётчыкаў.

Перамогі правіць

Ніжэй пералічаны ўсе сем экіпажаў, якім было афіцыйна залічана па адной перамозе ў баі 2 студзеня 1967 года.

# Пілот Аператар зброі Зброя
1 1-ы лейтэнант Ральф Ветэрхан 1-ы лейтэнант Джэры Шарп AIM-7
2 капітан Уолтэр Радэкер III 1-ы лейтэнант Джэймс Мюрэй III AIM-9
3 палкоўнік Робін Олдс 1-ы лейтэнант Чарлз Кліфтан AIM-9
4 капітан Эверэт Распберы-мл. 1-ы лейтэнант Роберт Вестэрн AIM-9
5 маёр Філіп Комбіз 1-ы лейтэнант Лі Датан AIM-7
6 капітан Джон Стоўн 1-ы лейтэнант Кліфтан Данегэн-мл. AIM-7
7 1-ы лейтэнант Лоўрэнс Глін-мл. 1-ы лейтэнант Лоўрэнс Кэры AIM-7

Пацверджаныя в’етнамскім бокам страты:

# Пілот Полк Апісанне
1 Ву Нгок Дзінь 921-ы зап Збіты, лётчык паспяхова катапультаваўся
2 Нгуен Дук Тхуан 921-ы зап Збіты, лётчык паспяхова катапультаваўся
3 Нгуен Данг Кінь 921-ы зап Збіты, лётчык паспяхова катапультаваўся
4 Буі Дук Ню 921-ы зап Збіты, лётчык паспяхова катапультаваўся
5 Нгуен Нгок До 921-ы зап Збіты, лётчык паспяхова катапультаваўся

Каментарыі правіць

  1. Бола — разнавіднасць мачэтэ.

Зноскі

  1. Diego Zampini. Robin Olds: Mastermind of Operation Bolo
  2. Lịch sử dẫn đường Không quân (1959—2004)
  3. Lịch sử Trung đoàn không quân 921

Спасылкі правіць