Аравакі — група народаў у Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, якая размаўляе на аравакскіх мовах. Агульная колькасць (2000 г.) — каля 400 тыс. чал.

Жанчына-аравак, малюнак 1818 г.

Паходжанне правіць

Назва аравакаў паходзіць ад слоў aru або ara. Так самі аравакі называюць муку з маніёку, што з’яўляецца іх асноўнай ежай.

Фарміраванне аравакаў як першаснай этнічнай супольнасці археолагі звязваюць з далінай ракі Арынока, дзе ўжо 6 тысяч гадоў таму на аснове ранейшых абарыгенных культур пачала зараджацца археалагічная земляробчая культура саладоідаў (названа па найменню мястэчка Салада ў Венесуэле, дзе была знойдзена). Яе прадстаўнікі сталі аднымі з першых насельнікаў трапічных лясоў Паўднёвай Амерыкі, якія асвоілі ручную апрацоўку зямлі, вырошчванне маніёку і выраб простай керамікі. Некаторыя вучоныя лічаць, што ўдзел у стварэнні культурнага комплексу саладоідаў маглі прымаць удзел выхадцы з перадгор’яў Анд, аднак ясных пацверджанняў гэтаму няма.

У 1 тысячагоддзі да н. э. саладоіды пачалі імклівае пашырэнне свайго арэала пасялення, дайшлі да Рыу-Негру на поўдні, да вусця Амазонкі на ўсходзе, узбярэжжа Гвіяны і Карыбскага мора, а таксама Антыльскіх астравоў на поўначы. Пры гэтым яны асімілявалі папярэднія культуры, што стала прычынай істотных рэгіянальных зменаў. Але пэўныя характарыстыкі засталіся нязменнымі. Земляробствам у аравакаў займаюцца пераважна жанчыны, што абумоўлівае іх высокі грамадскі статус. У розных груп аравакаў знаходзяць падобныя міфалагічныя і рэлігійныя вераванні. Аравакі рухаліся ўздоўж лясістых далін рэк, асвойвалі сугор’і, але захоўвалі памяць пра месца свайго паходжання, будавалі аднатыпныя круглявыя паселішчы, мелі аднолькавыя формы апрацоўкі зямлі. Археолагі знаходзяць на Антыльскіх астравах і ў паўднёвых раёнах Амазоніі аравакскую кераміку з выявамі фаўны, уласцівай для басейна Арынока.

Рассяленне правіць

 
Аравакскія мовы ў Паўднёвай Амерыцы

У пачатку 2 тысячагоддзя н. э. аравакі займалі большую частку Антыльскіх астравоў. Арэал іх рассялення на поўначы Паўднёвай Амерыкі быў таксама значна шырэйшы, чым у наш час. На захадзе іх валоданні цягнуліся да самага вусця Амазонкі. На поўначы да венесуэльскай Гвіяны і нават далей на поўдзень. Відавочна, яшчэ да прыходу еўрапейцаў яны былі адсунуты на захад плямёнамі карыбаў. Карыбы таксама занялі частку Малых Антыльскіх астравоў і пагражалі захапіць Вялікія Антыльскія астравы. У выніку еўрапейскіх заваяванняў у Вест-Індыі аравакскае і карыбскае насельніцтва на астравах было амаль вынішчана.

У наш час у Паўднёвай Амерыцы аравакі займаюць пераважна заходнюю палову басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Найбольш кампактная група месціцца каля паўночна-заходніх прытокаў Амазонкі — Рыу-Негру, Япура, Путамаё і ў суседніх раёнах басейна Арынока. Аднак яны таксама сустракаюцца ў іншых месцах, часцяком цераспалосна з іншымі плямёнамі. Гэта тлумачыцца значнымі міграцыйнымі працэсамі, якія адбываліся на працягу стагоддзяў у Амазоніі да пачатку XX ст. Асобныя групы аравакаў захаваліся на Кубе, у Пуэрта-Рыка, Гаіці, на востраве Трынідад і Барбадасе. Іх культура была значна зменена, а мова практычна згублена. Аднак генетыкі заўважылі прысутнасць генаў індзейцаў у значнай колькасці сучасных жыхароў Антыльскіх астравоў[1].

Частку насельнікаў Малых Антыльскіх астравоў, так званых гарыфунаў, спадчыннікаў карыбаў і аравакаў, якія размаўляюць на аравакскай мове, каланізатары перавезлі на востраў Раатан, адкуль яны рассяліліся на ўзбярэжжы сённяшніх Гандураса і Беліза.

Галерэя правіць

Зноскі

Спасылкі правіць