Арамеі

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Араме́і, араме́йцы  — старажытны семіцкі народ.

Арамеі
Пахавальная стэла VII ст. да н. э.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Блізкі Усход
Мова арамейскія мовы
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы угарытцы, старажытныя яўрэі, амарэі, асірыйцы

У 1 тысячагоддзі да н. э. — першай палове 1 тысячагоддзя н. э. арамейская мова з’яўлялася пашыраным сродкам міжнародных зносін і літаратурнай мовай народаў Блізкага Усходу і Месапатаміі.

Паходжанне правіць

Лінгвістычна арамеі належалі да заходняй семіцкай групы моў і былі блізкімі да іншых семіцкіх народаў старажытнага Блізкага Усходу — хананеяў, старажытных яўрэяў, амарэяў і інш. Аднак назва арамеяў упершыню сустракаецца з 2 тысячагоддзя да н. э. у надпісах на ўсходніх семіцкіх мовах з Эблы, Угарыта, Мары і Асірыі. Асірыйскі валадар Тыглатпаласар I (1115 — 1076 гг. да н.э.) узгадваў іх як насельнікаў мясцовасці паміж заходнім берагам Еўфрата і Ліванскімі гарамі, супраць якіх ён арганізаваў паспяховыя ваенныя кампаніі. Такім чынам, першасным вядомым месцам, населеным арамеямі, была тэрыторыя сучаснай Сірыі.

Гісторыя правіць

 
Дамаскі валадар Азаіл (IX ст. да н. э.)

Пасля катастрофы бронзавага веку, што прывяла да часовага ці поўнага заняпаду найбольш уплывовых дзяржаў Пярэдняй Азіі, арамеі здолелі пашырыць тэрыторыі свайго рассялення і стварылі шэраг дзяржаў, найбольш буйнымі з якіх сталі Дамаск і Хамат. У Бібліі ўзгадваецца 10 арамейскіх валадарстваў, якія займалі землі ад усходу Сірыі і сярэдняга Еўфрата да Персідскага заліва. Кароткі перыяд арамеі панавалі ў Палесціне. У час кіравання Давіда арамейскія дзяржавы межавалі з Іўдзеяй на поўначы. Часткі арамейскага насельніцтва апынуліся на ўсход ад Еўфрата, дзе аселі на землях Асірыі і Вавілоніі.

З 911 г. да н. э. пачалося ўзнаўленне Асірыйскай імперыі. У VIII ст. асірыйцы заваявалі вобласць Эбер-Нары на захад ад Еўфрата. У выніку прымусовай і свабоднай міграцыі знутры імперыі арамеі з Сірыі апынуліся ў Месапатаміі, там шырока распаўсюдзілася гутарковая старажытная арамейская мова. Тыглатпаласар III, заваёўнік Дамаска і Ізраіля, надаў арамейскай мове афіцыйны характар у сваёй дзяржаве. Пасля заняпаду імперыі ў 605 г. да н. э. Эбер-Нары была далучана да Вавілоніі. Халдзейская дынастыя таксама прыняла адзін з дыялектаў арамейскіх моў у якасці афіцыйнага ў Вавілоне. У старажытнаперсідскай дзяржаве арамейская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай пісьмовай у Сірыі, Палесціне і Месапатаміі. Яна пашырылася ў тым ліку на групы насельніцтва, якія не мелі арамейскага паходжання.

Паміж I ст. і IV ст. арамеі прынялі хрысціянства. Арамейская мова да нашых дзён выкарыстоўваецца шэрагам усходніх хрысціянскіх цэркваў, лічыцца роднай мовай асірыйцаў. Аднак у VII ст. у выніку арабскага заваявання большасць насельніцтва Сірыі і Месапатаміі прыняла арабскую мову ў якасці роднай.

Грамадства і культура правіць

 
Шанаванне Астарты. Выява пачатку 1 тысячагоддзя да н. э.

Большасць даследчыкаў лічаць, што ў 2 тысячагоддзі да н. э. асноўным заняткам арамеяў была качавая жывёлагадоўля. У асірыйскіх крыніцах канца 2 тысячагоддзя да н. э. арамеі ўзгадваюцца як ахламу́. Так на акадскай мове пазначаліся вандроўныя плямёны, што рабілі рабаўнічыя рэйды на земляробчыя паселішчы. Аднак археолагі і лінгвісты не здолелі вылучыць арамеяў як асобную групу сярод заходнесеміцкага насельніцтва тагачаснай Сірыі. Відавочна, да катастрофы бронзавага веку і адразу пасля яе арамеі захоўвалі падзел на плямёны. Так, у Бібліі пералічаны 12 арамейскіх плямён. У асірыйскай перапісцы IX ст. да н. э. узгадваецца памежнае арамейскае племя Біт-Адзіні. У валоданні былі не толькі пэўныя тэрыторыі, але і гарады. Адным з «людзей Біт-Адзіні» быў Ахуні. У пазнейшых крыніцах Ахуні ўжо названы як валадар горада Тыль-Барсіб.

Мяркуецца, што пасля разбурэння магутнай Хецкай імперыі арамейскія плямёны выкарысталі сітуацыю заняпаду для ўсталявання сваёй улады, аднак выступалі не толькі ў якасці захопнікаў, але і аднаўленцаў мінулых традыцый. Так, у паселішчах, што раней належалі хетам, арамеі рэканструявалі і пашыралі ранейшыя будынкі, працягвалі карыстацца пісьмовай лувійскай мовай, прычым гэты звычай існаваў да асірыйскага заваявання VIII ст. да н. э. За гады кантролю над старажытнымі гарадамі з племянных ваенных правадыроў вылучыліся валадарскія і высакародныя дынастыі, сфарміраваўся штат дзяржаўных пісцоў і службоўцаў. Пасля далучэння да Асірыі многія з іх захавалі свае пасады і такім чынам — родную пісьмовую мову, якая стала афіцыйнай у Асірыі і пазней у Вавілоніі.

Арамеі абапіраліся на політэістычныя рэлігійныя традыцыі. Пантэон багоў быў у значнай ступені запазычаны ў Месапатаміі. Яны шанавалі Нергала, Астарту, Шамаша. З Ханаану і Палесціны было запазычана шанаванне Анат, магчыма — Яхве.

Першыя вядомыя запісы на арамейскай мове былі зроблены з дапамогай фінікійскага пісьма. У далейшым карысталіся асобным арамейскім пісьмом.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць