Араму́ны (саманазвы Armãni, Aromâni, Βλάχοι) — карэнныя насельнікі Балканскага паўвострава. Жывуць у такіх краінах, як Грэцыя, Албанія, Паўночная Македонія, Румынія, Сербія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна. Малыя групы арамунаў таксама ёсць у ЗША, Канадзе, Францыі і г. д. Агульная колькасць (2022 г.) — 313 800 чалавек[1].

Арамуны
(Armãni)
Агульная колькасць 313800 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Грэцыя, Албанія, Балгарыя, Паўночная Македонія, Румынія, Сербія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна
Мова арамунская
Рэлігія праваслаўе
Блізкія этнічныя групы румыны

Паходжанне і гісторыя правіць

Арамуны з'яўляюцца нашчадкамі старажытнага насельніцтва Балканскага паўвострава, раманізаванага ў эпоху Рымскай імперыі або пазней. Генетычныя даследаванні паказалі значныя адрозненні арамунаў розных балканскіх краін ад сваіх суседзяў, у тым ліку блізкіх па мове румынаў[2].

Арамуны насялялі землі на поўдзень ад Дуная. Яны не мелі сваёй дзяржаўнасці і адзінай сацыяльнай арганізацыі, называліся суседнімі народамі па-рознаму, аднак у эпоху асманскага панавання разглядаліся як адрозная ід іншых сацыяльна-прававая група. Пасля вызвалення Балканскага паўвострава і стварэння на яго тэрыторыі нацыянальных дзяржаў частка арамунаў адчула палітычны або моўны ўціск. Да таго ж існавалі старыя канфлікты паміж абшчынамі саміх арамунаў. Гэта прывяло да эміграцыі арамунаў у іншыя краіны, асабліва ў Румынію.

У міжваенны перыяд Румынія аказвала фінансавую дапамогу балканскім арамунам, садзейнічала іх адукацыі на румынскай мове і гуртаванню вакол нацыяналістычных румынскіх лозунгаў. У 1941 г. на поўначы акупаванай Грэцыі ўрадам Б. Мусаліні было створана арамунскае Піндскае княства, якое, аднак, не мела рэчаіснай самастойнасці. У пасляваенны перыяд у Грэцыі, Францыі, а потым і ў іншых краінах пачалі ўзнікаць культурныя аб'яднанні арамунаў. Аднак у нашы дні працэс захавання і адраджэння арамунскіх мовы і культуры вызначаецца значнымі праблемамі. Толькі ў Паўночнай Македоніі арамуны як этнічная меншасць маюць прадстаўніцтва ў парламенце.

Асаблівасці традыцыйнай культуры правіць

Галоўным заняткам арамунаў здаўна была адгонная жывёлагадоўля. Улетку яны пераганялі статкі па тэрыторыі амаль усяго Балканскага паўвострава. Стала сяліліся ў ізаляванай горнай мясцовасці, звычайна на паўднёвых схілах. Паселішчы не мелі вулічнай планіроўкі. Жытлы каменныя, часам шматпавярховыя, дахі з 4 пахіламі. Улетку пастухі туліліся ў буданах або часовых драўляных хацінах, абмазаных глінай.

У XIX ст. з падзелам Балканскага паўвострава паміж нацыянальнымі дзяржавамі і ўсталяваннем дзяржаўных меж адгонная жывёлагадоўля як занятак перажыла крызіс. Арамуны былі вымушаныя часткова змяніць дзейнасць. Пачалі займацца земляробствам, адыходніцтвам, наймаліся на часовую працу ў суседнія гарады. Стварэнню вялікіх аселых паселішчаў садзейнічала палітыка мясцовых уладаў па перасяленню сямейных груп арамунаў.

Нацыянальныя сцягі правіць

Мова правіць

Родная мова арамунаў належыць да раманскай групы індаеўрапейскіх моў, блізкая да румынскай, мае шмат архаізмаў, падзяляецца на мноства дыялектаў. Адзінай пісьмовасці не мае. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца румынскі алфавіт на аснове лацінкі. У Румыніі і Паўночнай Македоніі на арамунскай мове вядуцца тэле- і радыёперадачы.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў праваслаўная. У Албаніі ёсць мусульмане.

Зноскі

Спасылкі правіць

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Prota padzinâ арамунскай