Арверны (фр.: Arvernes) — паводле гісторыка Страбона, у III — II стст. да н.э. — самае магутнае кельцкае племя ў Галіі (пазней — у рымскай правінцыі Аквітанія — тэрыторыя сучаснай правінцыі Авернь, Францыя).

Сталіцай арвернаў з'яўляўся Аўгустанемет (сучасны Клермон-Феран), на поўдзень ад якога размяшчалася крэпасць Герговія (Gergovia).

У 121 да н.э. арверны былі разбіты рымскімі вайскаводамі Даміцыем Агенабарбам і К. Фабіем Максімам, пасля чаго дамінуючае становішча ў Галіі перайшло да плямёнаў эдуяў і секванаў.

Падчас Гальскай вайны арвернскі правадыр Верцынгетарыг (Vercingetorix) узначаліў паўстанне аб'яднаных гальскіх плямёнаў супраць Цэзара ў 52 да н.э. Нягледзячы на першапачатковы поспех пры Герговіі, паўстанцы былі ўрэшце акружаны ў крэпасці Алезія ў цэнтральнай Галіі (сучасны Аліз-Сент-Рэн каля Семюра, Францыя) і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. У 46 да н.э. узяты ў палон Верцынгетарыг быў сярод іншых трафеяў дастаўлены ў трыўмфальнай працэсіі ў Рым і там задушаны.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць