Аркадзь Паўлавіч Розенгольц

Аркадзь Паўлавіч Ро́зенгольц (4 лістапада 1889, Віцебск — 15 сакавіка 1938) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін са стваральнікаў савецкай ваеннай і грамадзянскай авіяцыі.

Аркадзь Паўлавіч Розенгольц
Род дзейнасці дыпламат, палітык, ваенны
Дата нараджэння 4 лістапада 1889(1889-11-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 сакавіка 1938(1938-03-15) (48 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Партыя
Прыналежнасць СССР
Узнагароды і прэміі
ордэн Леніна ордэн Чырвонага Сцяга

У 16-гадовым узросце ўступіў РСДРП. Скончыў Кіеўскі камерцыйны інстытут, працягваў рэвалюцыйную дзейнасць у Кіеве і Маскве. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ён усталёўвае рабочы кантроль над вытворчасцю, удзельнічае ў стварэнні Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, завадскіх і фабрычных камітэтаў, партыйных і прафсаюзных арганізацый, фарміруе атрады Рабочай міліцыі і Чырвонай гвардыі. У дні кастрычніцкага перавароту Разенгольц член Маскоўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, адзін з кіраўнікоў узброенага паўстання ў Маскве. Пасля перамогі рэвалюцыі Розенгольц адказны работнік Саўдэпу. Неўзабаве яго ўводзяць у склад Рэўваенсавету. Ён прызначаецца сябрам РВС 5-й арміі і прымае ўдзел ва ўзяцці Казані. У снежні 1918 — сакавіку 1919 г. Розенгольц член РВС 8-й арміі Паўднёвага фронту, якая на чале з Тухачэўскім вяла абарончыя баі супраць белаказакаў на варонежскім напрамку, а потым пад Луганскам. Ён удзельнічаў у разгроме белаказакаў на Доне, прымаў удзел у баях за Данбас. Затым яго накіроўваюць у РВС 7-й арміі, якая абараняла Петраград ад войскаў Юдзеніча. А потым на Паўднёвы, Каўказскі, Заходні франты. За заслугі на франтах Розенгольц быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Пасля Грамадзянскай вайны ўзначаліў Цэнтральны Саюз Транспартных рабочых, а потым займаў і іншыя адказныя пасады. З канца 1922 г. Разенгольц займаецца стварэннем і развіццём Савецкай авіяцыі. 11 снежня 1922 г. яго накіроўваюць у Берлін дзеля перамоў з авіяцыйнымі кампаніямі «Дэрулюфт» і «Аэра-Уніён» па пытанню арганізацыі паветранай лініі Швецыя — Персія праз Савецкі Саюз. У сакавіку 1923 г. Аркадзь Розенгольц быў прызначаны начальнікам Рабоча-Сялянскага Чырвонага Ваеннага Паветранага Флоту, адначасова старшынёй Савету па Грамадзянскай авіяцыі. 10 снежня 1924 г. яго накіравалі на дыпламатычную працу ў Англію, дзе ён займаўся таксама і шпіянажам. Затым Розенгольц узначальваў Наркамат Замежнага Гандлю.

У 1937 г. А. Розенгольц быў арыштаваны па справе «Антысавецкага права-трацкісцкага блоку». Вытрываўшы жудасныя катаванні ён не прызнаў паклёпніцкіх абвінавачванняў і адмовіўся падаць прашэнне аб памілаванні. 15 сакавіка 1938 г. Розенгольц быў расстраляны. Праз месяц расстралялі і яго жонку, Зою Аляксандраўну Розенгольц-Рашэнцаву, супрацоўніцу часопіса «Большевитская печать». Праз цяжкія выпрабаванні прайшлі і іхнія дзеці — сын Валер, які, з цягам часу, зрабіўся доктарам тэхнічных навук, і дачка Зоя, да апошняга часу доктар у адной з маскоўскіх бальніц. У лютым 1988 г. Аркадзь Паўлавіч Розенгольц быў цалкам рэабілітаваны, «бо не здзейсніў аніякага злачынства».

Зноскі

Літаратура правіць

  • Карніловіч Э. А. Розенгольц Аркадзь Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).
  • Шумихин В. Через полвека забвения. // Крылья Родины. № 8. — Москва, 1988. — С. 12—13.