Арнат

верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага і лютэранскага духавенства, якое складаецца з двух палотнішчаў, закругленых унізе і замац

Арна́т[1] (лац.: ornatus) — верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага і лютэранскага духавенства.

Арнат з Троіцкага касцёла ў Чарнаўчыцах, пашыты са слуцкага пояса (2-я пал. XVIII ст.).

Складаецца з 2-х палотнішчаў (кожнае мае падзел на два «бакі» і «калону» — сярэднюю частку), закругленых унізе і замацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх іншага адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны. Яе перад аздаблялі вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. У Беларусі захаваліся арнаты XVII—XIX ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту, адпаведнага пэўнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта пераплеценымі жэмчугам і каштоўнымі камянямі.

Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага, Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага раёнаў). Калекцыі арнатаў XVII—XVIII ст. зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Значная частка арнатаў XVII—XIX ст. — у Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі.

Зноскі

  1. Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.

Літаратура правіць

  • Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. — Мн.: Беларусь, 2001. — ISBN 985-01-0124-5;
  • Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мн., Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. — ISBN 978-985-6954-73-6.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. ISBN 985-11-0036-6, С. 499.

Спасылкі правіць