Асма́тпапуаскі народ, насельнікі паўднёва-заходняй часткі Новай Гвінеі. Пражываюць на тэрыторыі дзяржавы Інданезія. Падзяляюцца на некалькі груп: прыбярэжную, цэнтральную, паўночную і яасакор. Агульная колькасць (2011 г.) - 30 тыс. чал.[1][2][3][4]

Асмат
(Asmat)
Агульная колькасць 30 тыс.
Рэгіёны пражывання Новая Гвінея
Мова мовы асмат
Рэлігія магія, культ продкаў, анімізм
Блізкія этнічныя групы іншыя папуасы

Гісторыя правіць

Асмат фактычна не з'яўляюцца цэласным этнасам. Розныя групы размаўляюць на дастаткова адрозных дыялектах, якія часцяком адасабляюць як асобныя мовы, маюць істотную розніцу ў культуры. Галоўнай сацыяльнай адзінкай да нашых дзён з'яўляецца вясковая абшчына. Менавіта з ёю, а не з усім астатнім народам атаясамляюць сябе мясцовыя жыхары.

Асмат жывуць у нізіннай мясцовасці сярод шматлікіх рэк і балот у прыкладна 60 вёсках, насельніцтва кожнай з якіх вагаецца ад 50 да 1500 чал. Іх назва азначае проста "дрэва" або "людзі дрэў"[5].

Да 1950-ых гг. яны заставаліся ізаляванымі ад астатняй цывілізацыі. Суседнія народы пазбягалі іх з-за распаўсюджанага звычаю канібалізму і палявання за галовамі. Толькі ў 1953 г. сярод іх пачалі працу каталіцкія місіянеры. Значную ролю ў вывучэнні асматаў адыграў амерыканскі антраполаг і вандроўнік Майкл Кларк Ракфелер, які знік у 1961 г. на землях асмат. Яго калекцыя драўляных скульптур стала важнай асновай збору культуры асмат у музеі Метраполітэн у Нью-Ёрку[6].

У 1962 г. усходняя частка Новай Гвінеі была далучана да Інданезіі. Інданезійскія ўлады забаранілі абрады асмат, іх драўляную скульптуру, агульнае свята дамоў і спалілі значную частку рытуальных прадметаў. Да 1991 г. іншаземцам было забаронена вандраваць і весці навуковыя даследаванні ў землях, населеных асмат[7].

Асаблівасці культуры правіць

У мінулым асмат залежалі ад навакольнай прыроды, здабывалі ежу ў лесе - палявалі на птушак, яшчарак, кракадзілаў, лавілі рыбу, займаліся збіральніцтвам. Асабліва важнай з'яўлялася балотная сагавая пальма, якая давала багатую бялкамі ежу. Далікатэсам лічацца вусені, якіх шукаюць у гнілой драўніне. Асмат таксама здаўна займаліся земляробствам. Некаторыя даследчыкі лічаць, што паляванне за галавамі і канібалізм сярод асмат тлумачацца недахопам каларыйнай ежы.

З-за сталых паводак жытлы будуюцца на па́лях або на дрэвах. Пераважна распаўсюджаны доўгія хаціны, у якіх месцяцца сем'і аднаго роду. Вялікі ганак служыць своеасаблівым клубам, дзе збіраюцца жыхары вёскі для сумесных зносін.

У мінулым сувязь паміж вёскамі здзяйснялася з дапамогай барабанаў. Асмат мелі багатую спеўную традыцыю. Пераважалі эпічныя песні. Мужчыны былі вядомы як выдатныя разьбяры па дрэве.

Асмат амаль не носяць вопраткі. У наш час еўрапейская вопратка распаўсюджана ў прыбярэжных вёсках. Мужчыны робяць пірсінг, упрыгожваюць цела ікламі дзікоў. Мужчыны і жанчыны таксама фарбуюць скуру ва ўрачыстых выпадках.

Вёскі падзяляюцца на паловы. Жыхары адной паловы могуць браць шлюб толькі з жыхарамі другой. Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных вёсак здараюцца рэдка, што прыводзіць да дадатковай ізаляцыі. Пасля вяселля жонка пераязджае ў сям'ю мужа. Аднак жанчыны і дзеці жывуць асобна ад мужоў. Мужчыны селяцца ў доўгіх мужчынскіх дамах. Там жа праводзяцца святы, куды жанчынам уваходу няма. Да забароны даследаванняў антраполагі паведамлялі аб гомасексуальных саюзах, прынятых сярод мужчын. Гвалт у адносінах да жонкі лічыўся нормай.

Паляванне за галовамі правіць

Паляванне за галавамі ў мінулым лічылася важным звычаем, які аб'ядноўваў асмат. У рэйдах у пошуках ахвяры ўдзельнічалі толькі мужчыны. Ім трэба было знайсці і забіць у лесе або каля чужой вёскі чалавека, а яго цела прывезці ў родную вёску. Згодна строгаму рытуалу, забітага рассякалі на некалькі частак. Яго галаву адлучалі ад цела і смалілі на агні. Попел і кроў ахвяры змешвалі і мазалі імі галаву і твар хлопчыкаў, якія праходзілі абрад ініцыяцыі. Было важным ведаць імя ахвяры, паколькі яно пераходзіла да ініцыяванага. Сваякі ахвяры ператвараліся ў сваякоў ініцыяванага, і ў будучым яны павінны былі паводзіць сябе прыязна адзін да другога. Напады на "сваякоў" звычайна больш не здзяйсняліся. Аднак "сваякі" маглі нападаць у адказ. Калі гэтыя напады не мелі поспеху, яны ператвараліся ў сталыя дзеянні і служылі зачэпкай для сур'ёзных войнаў паміж вёскамі.

Частка рытуалаў, звязаная з ініцыяцыяй і падзелам цела на кавалкі, была прысвечана культу ўрадлівасці і праходзіла каля сямейнай хаціны, у іх бралі ўдзел старыя жанчыны. Галава ахвяры апрацоўвалася, а чэрап пераходзіў у валоданне ініцыяванага. Некаторы час ён захоўваў сваю маёмасць паміж сцёгнамі так, каб чэрап датыкаўся да геніталій (гл. Мужчынская палавая сістэма). Кожны мужчына праходзіў ініцыяцыю некалькі разоў у жыцці, таму павінен быў стала ўдзельнічаць у паляванні за галовамі. Ахвярамі паляўнічых маглі быць не толькі мужчыны і хлопчыкі. Жанчыны і дзяўчыны нават выглядалі больш пераважнымі.

Паяданне мяса ахвяры не з'яўлялася асаблівым рытуалам. Канібалізм быў неабходнасцю з-за недахопу іншай ежы. Падобна тушы забітай жывёлы, цела раскрыжоўвалі і дзялілі паміж усімі вяскоўцамі. Ніжняя частка цела лічылася найболей смачнай. Яе запякалі з сага. Косткі аддавалі сабакам.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія асмат уяўляе сабою складаную сістэму шанавання духаў навакольнай прыроды і асабліва духаў продкаў. Асмат вераць у магію. Лічаць, што любая смерць выклікана адмоўнымі магічнымі дзеяннямі.

Зноскі

Спасылкі правіць