Афшор (англ.: Offshore — «па-за берагам», «па-за межамі») — гэта адзін з самых вядомых і эфектыўных метадаў «планавання» падаткаў або іх «аптымізацыі» (ухілення ад выплаты падаткаў). Асновай гэтага метаду з'яўляецца заканадаўства многіх краін (у асноўным астраўных), якія часткова ці цалкам вызваляюць ад падаткаабкладання даходы кампаній, атрыманыя за межамі граніц (берагоў) краіны рэгістрацыі. Часта адной з умоў для таго, каб лічыць кампанію афшорнай, з'яўляецца адсутнасць у ёй гаспадарчай дзейнасці ў межах (берагах) краіны рэгістрацыі.

Тэрмін «афшор» упершыню з'явіўся ў адной з газет на ўсходнім узбярэжжы ЗША ў канцы 50-х гадоў XX стагоддзя. Гаворка ішла аб фінансавай арганізацыі, што перамясціла сваю дзейнасць на тэрыторыю са спрыяльным падатковым кліматам. Такім чынам, паходжанне тэрміна «афшор» не юрыдычнае, а эканоміка-геаграфічнае.