Аўгусцін Меерберг

Аўгусцін Меер барон фон Меерберг (таксама Маерберг, ням.: Augustin Meyerberg) (жнівень 1612, Сілезія — 23 сакавіка 1688, Вена(?)) — аўстрыйскі барон, падарожнік і дыпламат.

Аўгусцін Меерберг
Augustin Meyerberg
Род дзейнасці Пасол
Дата нараджэння жнівень 1612
Месца нараджэння Сілезія
Дата смерці 23 сакавіка 1688(1688-03-23)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Карта шляху пасольства 1661—1662 гадоў.

Біяграфія правіць

Меерберг родам з Сілезіі; пры Фердынандзе III быў саветнікам апеляцыйнага суда ў Глогау. Імператар Леапольд I выклікаў яго ў Вену і дванаццаць разоў адпраўляў яго паслом да розных двароў, у тым ліку: да турэцкага султана Магамета IV, да караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра, да караля дацкага Хрысціяна V, да рускага цара Аляксея Міхайлавіча.

У баронскую Свяшчэннай Рымскай імперыі годнасць ён быў узведзены 23 жніўня 1666 года і тады атрымаў мянушку Меер фон Меерберг; раней называўся дэ Меерн, і пад гэтым імем здзейсніў сваё падарожжа ў Маскву. Апісанню гэтага падарожжа Меерберг прысвяціў два сачыненні, напісаныя на лацінскай мове. Першае ўяўляе сабой данясенне пра ход справы, пра прыёмы і пра вынікі пасольства; другое змяшчае, акрамя іншага, апісанне ўсяго бачанага падарожнікам, збор уражанняў, якія зрабілі на асвечанага еўрапейца карціны рускага жыцця таго часу; значэнне яго павялічваецца яшчэ тым, што да яго прыкладзены зборнік карцін і малюнкаў, зробленых з натуры мастаком, які быў у свіце Меерберга.

Нагодай для пасольства Меерберга паслужыла вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай за Левабярэжную Украіну. Першае перамір’е ў 1656 годзе было заключана пры пасрэдніцтве Аўстрыі, але ў 1658 годзе зноў разгарэлася вайна. Леапольд I ізноў прапанаваў сваё пасрэдніцтва. У складзе адпраўленага з гэтаю мэтай пасольства знаходзіўся святар Севасцьян Главінік (Главініч), які прадставіў сваё данясенне «Sebastianus Glavinich de rebus Moschorum». Пасольства, выехаўшы з Вены 17 лютага 1661 года, прыбыло да Масквы 24 мая праз Пскоў, Ноўгарад і Цвер. 25 мая адбыўся ўрачысты ўезд у сталіцу, на наступны дзень — прыём у палацы. Меерберг падрабязна спыняецца на абставінах прыёму, на цырыманіяле, на ўшаноўванні паслоў царскім абедам. Нарады цягнуліся каля чатырох месяцаў і не раз пагражалі сарвацца, напрыклад, праз невыкананне якім-небудзь з бакоў правілаў тытулавання манархаў. Цар згаджаўся прыняць пасрэдніцтва аўстрыйскага імператара, але кароль польскі і вялікі князь літоўскі, выражаючы гатовасць да міру, не жадаў умяшання Аўстрыі. Тады Меерберг прыклаў усе старанні, каб дамагчыся ў цара, паводле інструкцыі Леапольда I, дапамогі і саюза супраць турэцкага султана, але атрымаў адмову, хоць Аляксей Міхайлавіч і абяцаў якім-небудзь іншым шляхам аддзячыць імператару за прапанаванае пасрэдніцтва. 24 красавіка 1662 года пасланцы былі запрошаны ва ўнутраныя пакоі, «на сяброўскую гутарку», якая складалася ў распіцці заздароўных чар. 25 красавіка адбылася развітальная аўдыенцыя, і 6 мая 1662 года пасольства выехала ў Смаленск для ўдзелу ў нарадзе ўпаўнаважаных Расіі і Рэчы Паспалітай, але і там пацярпела няўдачу.

На зваротным шляху праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, затым праз Менск і Барысаў адправіўся ў Вільню. У апісанні свайго пасольства прывёў звесткі пра забойства гетмана В. Гасеўскага, якое адбылося ў час знаходжання Меерберга ў Вільні. Таксама апісаў архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду наваколляў Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Быхава, Магілёва, Барысава, Менска. Адзначаў, што Белай Руссю ў самой Расіі называюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Новагародкам, Менскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам». 22 лютага 1663 года Меерберг вярнуўся ў Вену.

Спадчына правіць

Першае данясенне Меерберга «Relatio humillima Augustini de Meyern et Horatii Gulielmi Caivuccii, ablegatorum in Moschoviam a d. 17 Febr. 1661 usque ad d. 22 Febr. 1663» было выдадзена ў 1820 годзе (Wichmann, «Sammlung bisher noch ungedruckter kleiner Schriften zur ältern Geschichte und Kenntniss des Russischen Reichs», Берлін). На рускай мове існуюць два пераклады: першы, Дабраклонскага, надрукаваны ў «Русском Зрителе» за 1828 год, № 3-6, і другі, Барсава, у «Чтениях в Императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете» (бел.: «Чытанні ў Імператарскім таварыстве гісторыі і старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім універсітэце») за 1882 год, кн. 1-3. Разбору гэтага данясення прысвечана каштоўнае даследаванне Адэлунга, якое выйшла ў 1827 годзе адначасова на рускай і нямецкай мовах, пад загалоўкам: «Барон Мейерберг и путешествие его по России» (бел.: «Барон Меерберг і падарожжа яго па Расіі»).

Другое сачыненне Меерберга «Iter in Moschoviam etc.» змяшчае, між іншым, пераклад Улажэння цара Аляксея Міхайлавіча. Пра год і месца выдання гэтага сачынення існуюць розныя звесткі; паводле адных — яно выдадзена ў Кёльне ў 1663, паводле іншых — у 1679 годзе, што больш праўдападобна. У 1688 годзе ў Лейдэне выйшаў французскі дераклад, у 1697 годзе ў Неапалі — італьянскі. Французскі пераклад перадрукаваны ў 1858 годзе ў I і II тамах «Bibliothèque russe et polonaise», пад загалоўкам: «Relation d’un voyage en Moscovie». На рускай мове сачыненне Mеерберга выйшла ў XVIII ст.: «Путешествие Мейерберга по России» (з малюнкамі). У «Чтениях в Обществе Истории и Древностей Российских» за 1873 год, кн. 3, надрукаваны пераклад Шамякіна. Да сачынення Меерберга прыкладзены збор малюнкаў — краявідаў, партрэтаў і наогул усіх рэчаў, якія прыцягвалі ўвагу чужаземцаў; зроблены яны спрактыкаванай рукой і хоць не адрозніваюцца мастацкай якасцю, але даюць дакладнае ўяўленне пра адлюстраваныя аб’екты, праз што маюць вялікае значэнне ў справе азнаямлення з рускімі старажытнасцямі. Здымкі з гэтых малюнкаў прыкладзены да згаданага даследавання Адэлунга, Кожны малюнак мае тлумачальны подпіс Меерберга. У 1903 г. у Санкт-Пецярбургу, у друкарні Суворына выдадзены альбом Меерберга з малюнкамі і тлумачэннямі да іх.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).