Аўстрафашызм (ням.: Austrofaschismus) — аўтарытарны палітычны рэжым, які быў устаноўлены ў Аўстрыі ў выніку прыняцця Майскай канстытуцыі 1934 года, дзеянне якой прыпынілася пасля анэксіі і стварэння федэратыўнай аўстрыйскай дзяржавы ў складзе Нацысцкай Германіі ў 1938 годзе. Рэжым быў заснаваны на кіруючай партыі Айчынны фронт (ням.: Vaterländische Front) і ваенізаванай міліцыі Хеймвер (ням.: Heimwehr). Лідарамі аўстрафашызму былі Энгельберт Дольфус і, пасля забойства Дольфуса, Курт Шушніг, які быў прадстаўніком Хрысціянска-сацыяльнай партыі. Аўстрафашызм, які меў нацыяналістычны характар, супрацьпастаўляўся аўстрыйскаму нацыянал-сацыялізму, які ў перспектыве разглядаў Аўстрыю як частку Германіі.

Тэрмін «аўстрафашызм» ужываецца, як правіла, левымі палітыкамі і гісторыкамі Аўстрыі і Германіі, а прадстаўнікі правых партый аддаюць перавагу больш нейтральнаму «Ständestaat» (карпаратыўная дзяржава, якая кіруецца вузкім колам капіталістаў і царкоўнікаў і падтрымліваецца масамі дробнай бужуазіі і сялянства). Тэрмін быў уведзены лідарам сацыял-дэмакратаў Отам Баўэрам і паходзіў ад таго, што рэжым Дольфуса-Шушніга выкарыстоўваў практыку дзяржаўнага ладу Італіі пры Мусаліні.