Аўтакратыя — сістэма праўлення, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада. Аўтакратыямі былі ўсе дынастычныя манархіі Старажытнага Усходу, тыранічныя праўленні ў некаторых старажытных грэчаскіх дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу. Познія палітычныя традыцыі аўтакратычнай улады ідуць ад часоў Аляксандра Македонскага, эліністычнай ідэі «цара» і «царства». Элінізм скасаваў полісы (гарады-дзяржавы антычнага часу) і стварыў тэрытарыяльную манархію пад уладай аднаго цара. Як і ўсходнія дэспатыі, эліністычная аўтакратыя вызначалася неабмежаванай уладай, яе абагаўленнем, праўленнем з апорай на бюракратыю, армію, культ правіцеля. Аднак у адрозненне ад усходніх дэспатый, заснаваных выключна на волі дэспата, эліністычная, а за ёй рымская, візантыйская і еўрапейскія аўтакратыі ў той ці іншай ступені прызнавалі традыцыйныя законныя нормы адносін у грамадстве. Тэрмін нярэдка ўжываецца ў сучасным лексіконе для вызначэння асоб і груповак, якія імкнуцца да непадзельнага палітычнага панавання, прэтэндуюць на неабмежаваную ўладу.

Літаратура правіць

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7