База (архітэктура)

Ба́за (ад грэч. βάσις — падстаўка, падмурак[2]) — падмурак, фундамент калоны ці слупа. У ордарнай архітэктуры база — абавязковая частка калон усіх ордараў, акрамя грэка-дарычнага. База калоны ў порціку абапіраецца непасрэдна на апорную пліту (стылабат), у аркадзе, пры адносна шырокім прасвеце паміж калонамі — на высокі пастамент (у гэтым выпадку базай называецца дэталь, пераходная ад пастамента да ствала калоны). Базы адрозніваюцца па вышыні і профілю. Асабліва разнастайныя гатычныя базы, якія вызначаюцца складанасцю малюнка.

Атычная база[1] калоны сабора ў горадзе Навары

Антычная і паладыянская архітэктура правіць

У класічнай ордарнай архітэктуры, паводле «Чатырох кніг пра архітэктуру» Паладзіа, прапорцыі і складанасць малюнка базы прама звязаны з прапорцыямі кожнага з пяці ордараў:

  • У найпрасцейшым тасканскім ордары вышыня базы роўная палове дыяметра калоны. База падзелена на дзве часткі — плінт (уласна падмурак) і цыркульную палічку (яе валік выступае прыкладна на 1/6 шырыні калоны)
  • У антычным грэчаскім дарычным ордары база не выкарыстоўваецца, аднак простыя базы спалучаліся з дарычнымі калонамі ўжо ў старажытнарымскай архітэктуры. Так званая атычная база, якую рэкамендаваўПаладзіа для дарычных калон, мае вышыню ў палову дыяметра калоны і падзелена на тры роўныя часткі — плінт (цокаль) і складаны цыркульны пераход ад цокаля да калоны з двума валікамі.
  • У іанічным ордары база (з пастаментам ці без яго) больш складаная, чым у папярэдніх ордараў, і можа ўключаць два ці тры цыркульныя валікі і цыркульныя пераходы ад плінта да базы і ад базы да ствала калоны.
  • У карынфскім ордары, аналагічна іанічнаму, могуць выкарыстоўвацца пастаменты і складаныя базы з трыма валікамі, але агульная вышыня пастамента — ніжэйшая за вышыню пастамента ў іанічным ордары. Атычная база мае тут больш пляскатыя прапорцыі, чым у дарычным ордары.
  • У складаным ордары, які заўсёды робіцца стройнейшым за карынфскі, атычная база мае, насупраць, больш выцягнутыя ў вышыню прапорцыі.

Сярэдневяковая архітэктура правіць

 
Царква Сен-Дэні: валік базы захаваўся, а пераход ад яго да цела калоны — страчаны

У раннім сярэднявеччы (да эпохі Каралінгаў уключна) па-ранейшаму ўжываліся прымітыўна вырабленыя атычныя базы, якія спалучаліся з агрубленымі рысамі «варварскіх» пабудоў. Першай ахвярай спрашчэння стаў цыркульны пераход ад базы да ствала калоны. Сувязь паміж агульным абліччам ордарнай калоны і цыркульным малюнкам базы была страчана, прапорцыі не выконваліся. Кожны муляр абапіраўся на ўласны вакамер і мясцовыя традыцыі. У месцах, дзе захоўваліся рымскія пабудовы, гэтыя традыцыі захоўвалі вернасць антычным узорам (у паўднёвай Францыі да XIII стагоддзя, у Італіі — традыцыя не перарывалася да эпохі Адраджэння); там жа, дзе такіх узораў не было — архітэктура адразу адышла ў бок ад антычнага ордара.

 
Этапы працаёмкага працэсу вастрэння складанай базы

На выхадзе з ранняга Сярэднявечча, і асабліва з распаўсюджваннем гатычнага стылю, у сярэдневяковай архітэктуры ўзніклі своеасаблівыя базы калон, якія не мелі прамых аналагаў у антычнай архітэктуры. У адрозненне ад антычнасці, дзе базы — заўсёды фігуры вярчэння, сярэдневяковыя базы часта мелі ў плане форму мнагагранніка ці гронкі, абыўся пераход ад простай, круглай у плане, калоны да апорнага слупа, утворанага пучком паралельных калон.

Зноскі

  1. Аттическая база // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  2. База. Слоўнік дойліда

Літаратура правіць

Спасылкі правіць