Базіліка Паладыяна

Базі́ліка Паладыя́на (італ.: Basilica Palladiana) — будынак у гістарычным цэнтры Вічэнцы (Венета, Італія), размешчаны на плошчы Сіньярыі  (італ.).

Славутасць
Базіліка Паладыяна
45°32′49″ пн. ш. 11°32′47″ у. д.HGЯO
Краіна  Італія
Горад
Архітэктурны стыль рэнесансная архітэктура
Архітэктар Андрэа Паладзіа
Дата заснавання 1549
Матэрыял камень[d], цэгла і мармур[3]
Сайт museicivicivicenza.it (італ.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першая пабудова датуецца XV стагоддзем, яна называлася Палацца-дэла-Раджонэ і была спраектавана Даменіка да Венецыя на аснове двух старых палацаў. Будынак быў выкананы ў гатычным стылі і служыў месцам пасяджэнняў гарадскога савета, а на першым паверсе размяшчалася некалькі крам. Гатычны фасад палацца быў выкананы з чырвонага мармуру, які дагэтуль бачны за прыбудовай, зробленай пазней Паладыа. Вежа Бісара  (італ.) вышынёй 82 м, пабудаваная не пазней за 1172 г., рабіла будынак заўважным з любога пункта горада. На вежы знаходзяцца пяць званоў[4].

У 14811494 гг. па праекце Тамаза Фарментона  (італ.) вакол палацца быў узведзены рад падвойных калон. Усяго праз два гады пасля завяршэння будаўніцтва паўднёва-заходні вугал абрынуўся. У наступныя дзесяцігоддзі ўрад Вічэнцы запрашаў мноства архітэктараў для абнаўлення будынка, сярод іх: Антоніа Рыца  (італ.) і Джорджа Спавента  (італ.) (1496), Антоніа Скарпаньіна (1525), а затым Джакапа Сансавіна (1538), Себасцьяна Серліа  (італ.) (1539), Мікеле Санмікелі (1541) і Джуліа Рамана[4].

Нарэшце ў сакавіку 1546 гарадскі савет ухваліў праект малавядомага мясцовага архітэктара Андрэа Паладыа. Рашэннем, ужытым Паладыа, стала так званае венецыянскае акно: паўтаральная структура з паўкруглымі аркадамі[4].

Працы па створаным Паладыа праеце пачаліся ў 1549 г. Архітэктар увёў вакол гатычнага будынка лоджыю і порцік у рэнесансным стылі. Менавіта Паладыа стаў называць будынак «базілікай», як называлі пабудовы падобнага тыпу ў Старажытным Рыме. Канчаткова рэканструкцыя базілікі была завершана з узвядзеннем галоўнага фасада, які выходзіць на П'яцца дэле Эрбэ, толькі ў 1614 г., праз 30 гадоў пасля смерці Паладыа. Рэканструкцыя базілікі Паладыяна абыйшлася гораду ў 60 тыс. дукатаў. Пры гэтым сам Паладыа атрымліваў за праведзеную працу пяць дукатаў штомесяц большую частку свайго жыцця[4].

Рашэннем, ужытым Паладыа, стала так званае венецыянскае акно: паўтаральная структура з паўкруглымі аркадамі, якія апраўлены двума прамавугольнымі праходамі. Апошнія былі розных памераў для таго, каб адпавядаць розным памерам унутранай канструкцыі. У вуглавых аркадах архітравы станавіліся вельмі вузкімі. Лоджыі ніжняга паверху былі аформлены калонамі дарычнага ордара, фрыз быў дэкараваны трыгліфамі. Для кантрасту лоджыі верхняга паверху ўпрыгожылі калоны іанічнага ордара. На парапеце базілікі Паладыяна можна ўбачыць статуі працы Джавані Батысты Альбанезэ, Грацыёлі і Ларэнца Рубіні[4].

Венецыянскае акно ўжо выкарыстоўвалася ў Венета некалькімі гадамі раней: гэта рабіў Джакапа Сансавіна ў венецыянскай бібліятэцы Марчыяна, а Джуліа Рамана — калі рэканструяваў абацтва Паліронэ[4].

Маштабны праект па рэстаўрацыі базілікі Паладыяна стартаваў у 2007 г. У 2014 г. ён атрымаў прыз Еўрасаюза за культурную спадчыну — узнагароду «Еўропа Ностра». Сёння ў будынку часта праходзяць выстаўкі і іншыя мерапрыемствы[4].

Зноскі

Спасылкі правіць