Бамбардзіроўка Тэтуана

Бамбардзіроўка Тэтуана (ісп.: Bombardeo de Tetuán) — паветраная атака на горад Тэтуан, сталіцу Іспанскага Марока, якая адбылася 18 ліпеня 1936 года ў пачатку грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Сітуацыя правіць

17 ліпеня 1936 года ў Мелільі пачалося паўстанне нацыяналістычна настроеных вайскоўцаў[1]. Ноччу яны здолелі цалкам захапіць горад. Артура Альварэс-Буіла Гадзіна, вярхоўны камісар Іспаніі ў Марока, адмовіўся далучыцца да апазіцыі, але ў рэшце рэшт быў узяты ў палон і заменены палкоўнікам Эдуарда Саенсам дэ Буруага[2]. Да таго часу ўсё Іспанскае Марока апынулася ў руках паўстанцаў[3].

Як толькі рэспубліканскі ўрад у Мадрыдзе атрымаў першыя весткі аб паўстанні, то ён загадаў ваенна-паветраным сілам здзейсніць серыю налётаў на пазіцыі мяцежнікаў. Для правядзення паветраных аперацый былі хутка пераабсталяваны камерцыйныя самалёты Douglas DC-2 і Fokker F.VII, якія вылецелі з аэрадрома Таблада (Севілья) для здзяйснення 17 і 18 ліпеня серыі налётаў на гарады Мелілья (там размяшчаліся казармы Замежнага легіёна), Сеута, Лараш і Тэтуан[4].

Бамбардзіроўка правіць

18 ліпеня ў раёне, вядомым як Медзіна Тэтуана, рэспубліканцы скінулі 8 бомбаў. Яны трапілі ў будынак Вярхоўнай камісіі і мячэць, што прывяло да шматлікіх ахвяр[5][6]. З-пад абломкаў было вынята 15 забітых і больш за 40 параненых[7]. Мясцовае мараканскае насельніцтва, раззлаванае разбурэннямі і ахвярамі, падняло паўстанне супраць іспанцаў. Натоўп накіраваўся да Вярхоўнага камісарыяту. Мяцежныя войскі спрабавалі суцішыць мараканцаў, але тыя апынуліся нястрымнымі. Дэлегат па справах карэнных народаў палкоўнік Хуан Луіс Бегбедэр адправіўся да свайго сябра, візіра Ахмеда эль-Ганміа, просячы дапамогі. Ён прыбыў на месца падзей на кані і, заклікаючы да імя Алаха, уціхамірыў суайчыннікаў[5].

Візір быў удастоены ордэна Святога Фердынанда. Генерал Франсіска Франка, лідар іспанскіх нацыяналістаў, асабіста ўручыў яму ўзнагароду[5].

Вынікі правіць

Налёт не нанёс ніякай шкоды сілам нацыяналістаў[6], але сама бамбардзіроўка выклікала раздражненне ў мараканцаў і згуртавала іх вакол паўстанцаў супраць рэспубліканскага ўрада[5].

Зноскі

  1. Hugh Thomas (1976), La Guerra Civil Española, pág. 240
  2. Hugh Thomas (1976), La Guerra Civil Española, pág. 241
  3. Hugh Thomas (1976), La Guerra Civil Española, pág. 248
  4. Solé i Sabaté, Josep María; Villarroya, Joan (2003). España en llamas. La guerra civil desde el aire. p. 25.
  5. а б в г Solé i Sabaté, Josep María; Villarroya, Joan (2003). España en llamas. La guerra civil desde el aire. p. 25.
  6. а б Hugh Thomas (1976), La Guerra Civil Española, pág. 251
  7. Joaquín Arrarás: Historia de la Cruzada Española, volumen III, páginas 49-50.