Барыс Хамайда (нар. 8 студзеня 1948 Віцебск, Беларусь) – грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар газеты «Выбар», актывіст партыі КХП БНФ.

Барыс Хамайда
Дата нараджэння 8 студзеня 1948(1948-01-08) (76 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Член у
Узнагароды і прэміі

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Віцебску 8 студзеня 1948 г. Скончыў 8 класаў у школе №9 г. Віцебска, потым вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. Пайшоў у войска. Служыў у дывізіі, якая дыслацыравалася ў Вільнюсе.

Пасля арміі паступіў на юрфак БДУ. Пасля заканчэння працаваў у народным судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска судовым выканаўцам. Працаваў у аблвыканкаме г. Віцебска кансультантам па прававой прапагандзе. Агульны стаж працы ў юрыдычных органах каля 15 гадоў.

У1986 г. з'ехаў у Сібір на заробкі. Тры гады працаваў на станцыі Цюмень. Вярнуўся дадому і на заробленыя грошы зарэгістраваў у 1991 г. газету «Выбар», адно з першых дэмакратычных выданняў Віцебска. З самага пачатку Б. Хамайда быў галоўным рэдактарам газеты. Газета «Выбар» выходзіла да 2005 г.

18 студзеня 1990 г. разам з Уладзімірам Плешчанкам, Уладзімірам Падголам, Сяргеем Навумчыкам удзельнічаў у стварэнні гарадскога клуба выбаршчыкаў

«За дэмакратычныя выбары». Гэта была першая афіцыйна зарэгістраваная грамадская арганізацыя ў Віцебску. Б. Хамайда стаў адным з трох сустаршынь клуба. Клуб актыўна ўдзельнічаў у выбарах у 1990 г. у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня.

У 1994 г. гарвыканкам не перарэгістраваў статут клуба «За дэмакратычныя выбары», і Міністэрства інфармацыі скасавала пасведчанне аб рэгістрацыі газеты «Выбар».

Быў адным з арганізатараў супраціву дзейнасці ГКЧП у Віцебску ў жніўні 1991 г. Падчас путчу Б. Хамайда, У. Плешчанка ды яшчэ некалькі актывістаў стаялі на галоўнай плошчы Віцебска з плакатамі, пратэставалі супраць дзяржаўнага перавароту. Разам з У. Плешчанкам сустракаўся з кіраўніцтвам аблвыканкаму, папярэджвалі пра недазваляльнасць ужывання зброі супраць людзей.

Быў адным з арганізатараў тысячнага мітынгу на стадыёне «Дынама» ў Віцебску,  на якім прынялі рэзалюцыю ад клуба «За дэмакратычныя выбары». У ёй патрабавалі забараніць КПСС, забраць у дзяржаўную ўласнасць партыйную маёмасць, дэмантаваць камуністычныя помнікі, перайменаваць вуліцы.

З 1997 г. амаль штодзень распаўсюджвае ў цэнтры Віцебска, , каля так званага «сіняга дома» (вул. Леніна, д. 28), незалежныя газеты, улёткі, бел-чырвона-белыя сцягі, герб «Пагоня».[1] Неаднаразова там затрымліваўся і асуджаўся за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах.[2][3]

Ганаровы сябра Праваабарончага Цэнтра «Вясна».

У 2016 г. адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Выбар Барыса Хамайды», аўтары Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў.[4] У фільме распавядаецца пра гісторыю газеты, якую Б. Хамайда зарэгістраваў за ўласныя грошы, заробленыя цяжкай фізічнай працай у Сібіры; пра тое, як ён прыкаваў сябе ланцугом да батарэі, калі рэдакцыю гвалтам высялялі з памяшкання; пра тое, што права на выбар — самы галоўны атрыбут свабоды.[5] У Віцебску і Полацку ў 2016 г. разам з прэзентацыяй дакументальнага фільму, прайшла адмысловая фотавыстава, прысвечаная Б. Хамайду.

Храналогія пераследу правіць

У студзені 1996 г. у газеце «Выбар» быў надрукаваны верш Славаміра Адамовіча «Убей прэзидента». Рэдактар газеты Б. Хамайда, член рэдакцыйнай рады У. Плешченка і паэт С. Адамовіч былі абвінавачаныя ў закліках да здзяйсненя тэрарыстычнага акта (арт. 67 ч. 1 КК РБ). 6 красавіка 1996 г. С. Адамовіч быў арыштаваны КГБ. Затым абвінавачванне перакваліфікавалі ў «абразу прэзідэнта». С. Адамовіч адседзеў 10 месяцаў у СІЗА. Спачатку ў «амерыканцы» у Мінску, затым у Віцебску. Быў асуджаны на тэрмін зняволення, які прабыў у СІЗА. Б. Хамайда і У. Плешченка падчас крымінальнай справы былі пад падпіскай аб нявыездзе, затым былі пераведзеныя ў стан сведкаў.

У чэрвені 1997 г. Б. Хамайда надрукавааў у газеце «Выбар» № 20 (113) урывак кнігі У. Падгола пад назвай «Ладдзя роспачы ў Санта-Балоце, альбо як любіць Прэзідэнта». Увесь наклад быў арыштаваны і перададзены ў КДБ. 15 жніўня 1997 г. намеснікам пракурора Віцебскай вобласці Жыгаленкам была ўзбуджаная крымінальная справа (артыкул «Абраза асобы, якая займае вышэйшую пасаду») па факце публікацыі ў газэце «Выбар» урыўка з кнігі У. Падгола «Куля для прэзідэнта». У жніўні 1997 г. Б. Хамайда выпусціў чарговы нумар «Выбара» № 21 (114) з працягам твора. 15 верасня 1997 г. Б. Хамайда быў выкліканы на першы допыт у якасці абвінавачанага ў пракуратуру. На допыце Б. Хамайда адмовіўся адказваць на пытанні следчага Зайцава. 16 лістапада 1998 г. крымінальная справа была прыпыненая, аднак праз 2 месяцы, 16 студзеня 1999 г., расследаванне па крымінальнай справе было працягнутае. Затым ізноў крымінальная справа была часова прыпыненая.

За правядзенне несанкцыянаваных пікетаў Б. Хамайду шмат разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі. Адседзеў больш за 100 сутак адміністрацыйных арыштаў.

11 жніўня 1997 г. у дзень адкрыцця фестываля «Славянскі базар» Б. Хамайда і яшчэ трое ўдзельнікаў пікету былі асуджаныя на трое сутак адміністрацыйнага арышту. Б. Хамайда ў знак пратэсту абвясціў галадоўку.[6]

У лютым 1998 г. Б. Хамайда і Ю. Мароз быў асуджаны на 10 сутак арышту.

У сакавіку 1998 г., да дня незалежнасці Беларусі, віцебскія актывісты Б. Хамайда, У. Плешчанка, Ю. Мароз і Ю. Карпаў усклалі да будынка адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску двух бел-чырвона-белых буслоў. За несанкцыянаваны мітынг і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі былі асуджаныя кожны на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту.

У ліпені 1998 г. Б. Хамайда, У. Плешчанка і Ю. Карпаў, падчас правядзення «Славянскага базару», на якім выступаў А. Лукашэнка, тройчы затрымліваліся супрацоўнікамі міліцыі. Падчас аднаго з затрыманняў іх абвінавацілі ў згвалтаванні непаўнагадовай, тры гадзіны пратрымалі ў міліцэйскім участку і адпусцілі без складання пратаколаў.

31 жніўня 1998 г. з пастамента, каля Віцебскага гарадскога ваенкамата, знік бюст Суворава. Вартаўнік патэлефанаваў у міліцыю, пачаліся пошукі. Праз дзень бюст знайшлі кінутым у суседнім двары. Была заведзеная крымінальная справа. 2 верасня 1998 г. па гэтай справе былі затрыманыя У. Плешчанка, Б. Хамайда і Ю. Карпаў. У РАУСе Кастрычніцкага раёна г. Віцебска іх пратрымалі больш за сем гадзін. Пасля допыту У. Плешчанка быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар г. Віцебска на сем месяцаў. Крымінальная справа была ўзбуджаная па двух артыкулах: арт. 225 КК РБ — «знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў» і па арт. 201, ч. 2 — «злоснае хуліганства». Б.Хамайда і Ю.Карпаў праходзілі па гэтай крымінальнай справе як сведкі.

Падчас зняволення А. Плешчанкі ў Віцебску праходзілі пікеты з патрабаваннем яго вызвалення. 26 студзеня 1999 г. Б. Хамайда выйшаў у пікет з плакатам: «Свабоду Плешчанку!». Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту.

10 снежня 1999 г. ў дзень Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Б. Хамайда, У. Плешчанка і Раман Салаўян, у пікеце каля «сіняга дома» трымалі плакаты: «Сёння — Дзень правоў чалавека», «Мы — бяспраўныя людзі», «Саюзная дамова з Расіяй адбірае ў беларускай нацыі права на самавызначэнне». Былі затрыманыя міліцыяй. На іх за несанкцыянаваны пікет былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

19 снежня 1999 г. Б.Хамайда быў збіты невядомымі каля свайго дома. Нападнікі забралі дыплат з дакументамі, іх не знайшлі.

25 сакавіка 2006 г. з У.Плешчанкам быў затрыманы за пікет на Дзень Волі ў Віцебску. Асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

25 сакавіка 2008 г. Б.Хамайда быў затрыманы каля «сіняга дому» з бела-чырвона-белым шалікам на шыі. Разам з ім затрымалі грамадскую актывістку Алену Залескую і прадстаўніцу БСДП «Грамада» Антаніну Піванос, якая выйшла з белым ручніком, на якім уласнаручна вышыла чырвонымі ніткамі малітву «Ойча наш». 01 красавіка судом Чыгуначнага раёна, суддзя – Раман Дзягода, быў арыштаваны на 5 сутак арышту. Па рашэнні суддзі шалік быў канфіскаваны на карысць дзяржавы.[7]

12 студзеня 2010 г. Б.Хамайда быў затрыманы на цэнтральнай плошчы г. Віцебска, куды выйшаў, каб пачаць збор сродкаў у падтрымку арыштаванага палітвязня Сяргея Каваленкі.

Узнагароды правіць

Лаўрэат прэміі Алеся Адамовіча за актыўную бескампрамісную палітычную дзейнасць па абароне дэмакратыі і правоў чалавека.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[8].

Зноскі

  1. Як 20 гадоў прадаваць нацыянальную сімволіку ў цэнтры гораду. naviny.belsat.eu.
  2. instaturk.net(недаступная спасылка). instaturk.net. Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2021. Праверана 27 ліпеня 2017.
  3. Video(недаступная спасылка). instaturk.net. Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2021. Праверана 27 ліпеня 2017.
  4. У Віцебску адбылася прэм’ера фільма “Выбар Барыса Хамайды” Архівавана 1 чэрвеня 2017.
  5. Выбар Барыса Хамайды.
  6. Списки лиц, преследуемых по политическим мотивам. old.memo.ru.
  7. Барыс Хамайда арыштаваны на пяць сутак. nashaniva.com.
  8. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100. www.svaboda.org.

Спасылкі правіць