Батані́чны сад — навукова-даследчая, навучальна-дапаможная і культурна-асветная ўстанова, у якой культывуюцца, акліматызуюцца і вывучаюцца расліны мясцовай і іншаземнай флоры, прапагандуюцца батанічныя веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лекавых, харчовых, дэкаратыўных і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геаграфічным і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асноўная даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру, у т.л. для стварэння зялёных насаджэнняў і іншых відаў гаспадарчай дзейнасці; захаванне генафонду расліннага свету. Адначасова батанічныя сады з'яўляюцца аб'ектамі рэкрэацыі. Адрозніваюць батанічны сад дзяржаўнага і мясцовага значэння.

Батанічны сад Пізы — адзін з першых батанічных садоў, заснаваны Лукам Гіні ў 1543 годзе

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Заходняй Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала,. 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лекавых раслін. У эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз Б.с. ў К'ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз Б.с. Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. Б.с. ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя равны. У Расіі папярэднікамі Б.с. былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер.(1714, цяпер Б.с. Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. Б.с. існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) Б.с. сталі цэнтрамі інтрадукцыі суб- трапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (заснаваны садаводам С.Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, Батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8

Спасылкі правіць