Беларускае Палессе

Беларускае Палессе, Паўднёвая Беларусь — прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Прыпяці, Сажа, Буга, сярэдняга цячэння Дняпра, частка Палескай нізіны на тэрыторыі Беларусі. На захадзе паступова пераходзіць у Прыбужскую раўніну, на ўсходзе — у Прыдняпроўскую нізіну, на поўначы — у пагорыста-раўнінную мясцовасць Цэнтральнай Беларусі, на поўдні — ва Украінскае Палессе. Займае вялікую частку Брэсцкай, Гомельскай, невялікую частку на поўдні Мінскай і крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці. Працягваецца з захаду на ўсход больш за 500 км, з поўначы на поўдзень каля 200 км.

Палеская правінцыя

Фізіка-геаграфічныя раёны (паводле В. А. Дзяменцьева): Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Мазырскае Палессе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак іншых структур. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні 0,4—1,7 км на захадзе, 0,4—6 км на усходзе, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыбіня 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найбольш пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэрыторыяй Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, будаўнічы і абліцовачны камень, будаўнічыя, шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Даліна Прыпяці

Асноўныя формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належьщь эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, старажытных і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць) да 220 м (на Мазырскай градзе), найбольш пашыраны 120—150 м. У паніжаных частках рэльефа — балоты (найбольшыя масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найбольш цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія тэмпературы студзеня ад −4,4 °C на захадзе да −7 °C на усходзе (мінім. −36 °C), ліпеня 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён.

Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (галоўная рака Беларускага Палесся) належаць да басейна Чорнага мора, Заходні Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Палесся пераважна мелкаводныя, найбольшыя з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш.

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова- падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную частку тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў сельгасугоддзяў на большай частцы 45—50 балаў.

Лясы займаюць 43 %, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабатанічных акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невялікія ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыстабярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн га зямель асушаны і ператвораны ў сельскагаспадарчыя ўгоддзі, пад ворывам каля 21 % тэрыторыі.

У межах Беларускага Палеся ляжыць Прыпяцкі нацыянальны парк, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная частка тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8