Беларускае народнае ткацтва

Беларускае народнае ткацтва — від народнага рамяства, шырока распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі[1].

Паштовая марка Беларусі

Гісторыя правіць

Раннія звесткі пра ткацтва на беларускіх землях правіць

 
Прасліцы са знаходак селішча Чавусы

Ткацтва — адно са старадаўніх рамёстваў у Беларусі. У раннеславянскіх плямёнаў мілаградскай і зарубінецкай культур (з VII стагоддзя да н.э.) прадзенне і ткацтва мелі ўжо значнае пашырэнне[2]. На тэрыторыі Беларусі вядома па археалагічных знаходках з эпохі зарубінецкай культуры, у XI—XII стагоддзях[3][4]. Сярод знаходак прасліцы, адбіткі тканін на керамічным посудзе, многія з якіх датуюцца другой паловай 1-га тысячагоддзя да нашай эры[5]. Чаўнакі і іншыя дэталі гарызантальных ткацкіх станаў выяўлены пры раскопках у Гродне, Мінску, Полацку, Віцебску ў культурных пластах канца XI — XIII стагоддзяў[5]. Гэтыя знаходкі сведчаць, што ткацкая тэхніка знаходзілася ў X—XII стагоддзях на адносна высокім узроўні. Ужо былі вядомыя ўзорыстае ткацтва, вышыўка шарсцянымі, шаўковымі і залотнымі ніткамі[6].

 
Стары вертыкальны ткацкі станок, выкарыстоўваецца сёння ў якасці ўпрыгожвання ў адным з рэстаранаў у Мінску.

Узораў старажытных тканін да нашага часу захавалася мала[5]. Кавалак грубага ваўнянага сукна з карычневай пражы, з рысункам «у елачку», вытканай на 4 панажы, знойдзены ў Гродне[7]. Адсюль жа паходзяць фрагменты арнаментальнай плеценай і ўзорыстатканай стужак[8]. 11 фрагментаў тканін, пераважна дамашняга сукна, у тым ліку з узорам «у ёлачку», знойдзены пры раскопках старажытнага Полацка[9]. Нярэдкія сярод знаходак і прывазныя тканіны, што, вядома, уплывала на развіццё мясцовай вытворчасці. Фрагменты такіх тканін вядомыя з раскопак старажытнага Гродна. У іх ліку — кавалак тасьмы з махрамі, узорыстай тканіны накшталт парчы і іншае[10]. Некаторыя звесткі пра старажытнае ткацтва даюць таксама творы выяўленчага мастацтва, напрыклад, абразы[5].

Асноўным матэрыялам для ткацтва з’яўляўся лён, але пры раскопках знойдзены таксама фрагменты тканін, вырабленых з воўны[11].

Ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім правіць

 
Беларускі арнамент на тканых прадметах. Фрагмент беларускай іконы «Нараджэнне Маці Божай», 1649 г. Мастак Пётр Яўсеевіч. (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі)

Пра некаторыя вырабы мясцовай вытворчасці нагляднае ўяўленне даюць тагачасныя творы выяўленчага мастацтва. Так, кужэльныя наміткі, навалачкі, ручнікі з геаметрычным арнаментам адлюстраваны на абразах XVII стагоддзя «Нараджэнне Маці Божай» з-пад Магілёўва і з-пад Століна[12].

У дакументах XVI—XVII стагоддзяў ёсць матэрыялы па ткацтве беларусаў. У апублікаваных матэрыялах Віленскай археаграфічнай камісіі ёсць паведамленні пра тканіны і тканыя вырабы хатняй вытворчасці[1].

 
На іконе «Нараджэнне Маці Божай» (Ляхаўцы, 1648—1650. Служанкі намаляваны ў строях беларускіх сялянак — андараках, кужэльных сарочках і гарсэтах са шнуроўкай.

Ткацтва ў Беларусі займала значнае месца ў народнай гаспадарцы. У XVI—XVII стагоддзях ткацтва з сялянскага промысла пачынае перарастаць у гарадское рамяство. У некаторых гарадах і мястэчках узнікаюць ткацкія цэхі. У 1605 годзе такі цэх узнік у Слоніме. Яго далейшае існаванне пацвярджаецца граматамі 1609 і 1679 гадоў. У 1652 годзе ткацкі цэх быў арганізаваны ў мястэчку Капылі. Аб ім упамінаецца ў граматах канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў[13].

Паралельна развівалася феадальная эксплуатацыя працы прыгонных ткачоў. У феадальных маёнтках і манастырах ствараюцца ткацкія майстэрні, заснаваныя на працы прыгонных[11].

Феадалы-прадпрыемцы ў пагоні за кваліфікаванай рабочай сілай дзейнічалі прымусам. Найбольш багатыя выкрадалі прыгонных ткачоў у больш слабых суседзяў або запрыгоньвалі свабодных. У 1568 годзе Андрэй Ціханоўскі, напрыклад, скардзіўся ў Слонімскі земскі суд на Мікалая Сапегу, які напаў на яго маёнтак і выкраў ткачых[14]. Звесткі пра падобныя выпадкі можна знайсці і ў XVIII стагоддзі ў актах літоўскага трыбунала[11].

Прыгонныя ткачы выраблялі тонкія палотны, узорныя тканіны, абрусы, дываны і іншае. Аднак тэхніка ткацтва была даволі простая. Усё рабілася на простых ручных станках. На іх ткалі грубыя і тонкія палотны, дзяругу і ўзорныя тканіны. Якасць вырабу моцна залежала ад умення і майстэрства самой ткачыхі[11].

У XVI—XVII стагоддзях ткацтва і вышыўка былі ўжо развітымі рамёствамі. Аб’яднаны цэх ткачоў і рамеснікаў іншых спецыяльнасцей быў у Слуцку, у 1652 годзе ткацкі цэх быў арганізаваны ў Капылі, у 1605 годзе — у Слоніме, у 1686 годзе — у Міры, пад 1777 годам згадваецца цэх у Гродне, а мінскі існаваў аж да 1870-х гадоў[15].

Беларускае ткацтва ў часы Расійскай імперыі правіць

 
Прасніцы першай паловы XX стагоддзя. Музей старажытнабеларускай культуры

Пры заняпадзе ільнаткацтва ў еўрапейскіх краінах, дзе тэкстыльная вытворчасць ручнога ткацтва была выцесненая машыннай мануфактурай у XVIII стагоддзі, ткачы-рамеснікі ў пошуках заробкаў мігравалі на еўрапейскі ўсход — у Польшчу і заходнія гарады сучаснай Беларусі[5].

З архіўных крыніц вядома, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прускія рамеснікі-ткачы перасяляліся ў Гродзенскую губерню і закладвалі тут ткацкія майстэрні. Запрашалі іх і мясцовыя памешчыкі, якія засноўвалі вотчынныя льняныя і суконныя мануфактуры. Імі вырабляўся досыць шырокі асартымент тканін для розных запатрабаванняў, у тым ліку і для вырабу ватных матрацаў, пасцельнай бялізны і іншых спальных рэчыў[5].

У XIX стагоддзі мануфактурная вытворчасць занепадае, і хоць некаторыя ткацкія мануфактуры яшчэ працягвалі сваю дзейнасць, але ад стварэння ўнікальных мастацкіх вырабаў на заказ пераходзяць на выпуск больш таннай масавай прадукцыі, неабходнай у побыце сярэдняй шляхты і мяшчан[16]. Традыцыйнае народнае ткацтва заняпаду не зазнала, паколькі амаль цалкам бытавала ў сферы хатняй вытворчасці, а патрэба ў саматканых вырабах была пастаяннай. У сувязі з нізкай пакупніцкай здольнасцю беларускага сялянства прамысловвыя тканіны не маглі скласці сур’ёзнай канкурэнцыі саматканым. Наадварот, якраз з канца XIX стагоддзя назіраецца ажыўленне народнага ткацтва, узбагачэнне яго новымі ткацкімі тэхнікамі; набываюць пашырэнне новыя віды тканін, прыкметнае месца ў інтэр’еры народнага жылля пачынаюць займаць дэкаратыўныя вырабы, раней для народнага побыту не тыповыя[17].

Сыравіна правіць

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў асноўнай сыравінай для вырабу тканін у хатніх умовах у беларусаў былі кудзелістыя расліны і авечая воўна[1]. З кудзелістых раслін найбольш пашыранымі былі лён, каноплі[1][18][19].

Лён правіць

На тэрыторыі Беларусі лён здаўна выкарыстоўваўся для вырабу адзення. Знаходкі археолагаў сведчаць пра бытаванне льнянога адзення ў эпоху жалезнага веку з 7 стагоддзя да н.э. Летнія комплексы як жаночага, так і мужчынскага адзення амаль цалкам шыліся з даматканага палатна[20]. У культуры беларусаў лён меў высокі сакральны статус. Ён надзяляўся магічнымі ахоўнымі ўласцівасцямі, таму беларуе ільняное палатно суправаджала беларуса ад нараджэння да смерці[20].

Падрыхтоўчыя работы правіць

Прадзенне правіць

 
Беларуская жанчына за прадзеннем

Прадзенне — працэс вырабу нітак з воўны, кудзелі і пад.[1].

Дзяўчаты і жанчыны пралі звычайна з лістапада да сакавіка ва ўсе дні тыдня, акрамя святаў і нядзель[21].

У Беларусі прадзенне было выключна жаночай справай. Зімовымі вечарамі дзяўчаты збіраліся на вячоркі. На паўднёвым усходзе дамаўляліся з адным ці некалькімі гаспадарамі і за пэўную плату хадзілі прасці ў іх хаты на працягу усёй зімы. Навучаць дзяўчатак прадзенню пачыналі недзе з 7-8 гадоў, спачатку з нізкаякаснага валакна, а тады і з кужалю[21].

Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца (прасліца, потась), верацяно і самапрадка (самапраха, калаўрот, каўрыдак)[21].

Фарбаванне пражы правіць

 
Рушнік і афарбаваная пража. Слуцкі этнаграфічны музей

Фарбаванне пражы і палатна вядомае з глыбокай старажытнасці. У XVIII стагоддзі ў традыцыйным ткацтве карысталіся фарбавальнікамі мясцовага паходжання: настоямі траў, кары, лісця дрэў і балотнай руды[22]. Сярод раслін, што прымяняліся, згадваюцца талакнянка (Arctostaphylos), бяроза (Betula), крушына (Frangula), палын (Artemisia), дзераза (Lycopodium), ажына (Rubus caesius), пырнік (Elytrigia), трыпутнік (Plantago), бузіна (Sambucus), хвошч (Equisetum), ядловец (Juniperus), ягады чаромхі (Prunus padus), таполя (Populus), шчаўе конскае (Rumex confertus), вольха (Alnus), мацярдушка (Origanum) і іншыя[23].

З канца XIX — пачатку XX стагоддзяў даволі шырокае распаўсюджанне атрымалі хімічныя фарбавальнікі, якія да XX стагоддзя цалкам выцеснілі раслінныя[1].

Снаванне правіць

Снаванне — гэта размяшчэнне пражы такім чынам, каб у момант ткання аснова дзялілася на верхні і ніжні рады, каб утварыўся зеў. Вядомы тры спосабы снавання: на сцяне, на раме і на снавалцы, якая круціцца[1].

Прылады ткацтва правіць

Дошчачкі правіць

 
Віды дошчачак

Ткацтва на дошчачках  (руск.) — адзін з самых старых спосабаў вырабу тканага палатна. Дошчачкі гэта невялікія плоскія фігуры з дрэва, на Беларусі найчасцей квадраты памерам 10 на 15 см, з адтулінамі па чатырох вуглах. Такая прылада выкарыстоўвалася для ткацтва паясоў[24][25][26].

Бёрда правіць

 
Прынцып працы бёрда

Бёрда — прыстасаванне для ручнога ткацтва, род грэбня. Вядома са старажытных часоў. Можа быць выкарыстана для стварэння нешырокай тканай паласы. На бёрдзе можна вырабіць пояс, нешырокі ручнік, абрусы і да т. п.

Кросны правіць

 
Беларускія кросны  (руск.)
 
Чаўнок. Віцебская вобласць.

На Беларусі асноўны тып кроснаў уключае: ставы — драўляны каркас, на якім збіраюць канструкцыйна важныя вузлы станка; навоі — 2 драўляныя валы, на адзін з якіх навіваюць ніткі асновы, а на другі намотваюць палатно; ніты, або нічальніцы, — надзетыя радамі на 2 паралельныя пруткі (верхні і ніжні) ніцяныя завесы, праз якія працягваюць ніткі асновы (ад колькасці нітоў залежыць узор тканіны); бёрда — прыстасаванне для прыбівання уточнай ніткі, якое складаецца з тонкіх вузкіх пласцінак накшталт грабеньчыка з 2 спінкамі і ўкладваюцца ў набіліцы, панажы, калёсцы, чапёлкі — рычагі і блокі для прывядзення ў рух нітоў. Пры націсканні на панажы, прывязаныя да іх ніты разыходзяцца і ўтвараюць у аснове зеў, праз які пракідваюць чаўнок  (англ.) з навітым на цэўку  (англ.) утком.

Віды ткацтва правіць

У традыцыйным ткацтве вылучаюць наступныя віды: выбранае, пераборнае, закладное, шматнітовае (двухнітовае, чатырохнітовае)[27].

Рэгіянальныя асаблівасці народнага ткацтва правіць

Верхнядзвінскае ткацтва правіць

Гродзенскае ткацтва правіць

 
Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна

Гродзенскае ткацтва — народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVII стагоддзя[28].

Капыльскае ткацтва правіць

Распаўсюджана ў вёсках Капыльшчыны. Вядомае з XVI стагоддзя[29].

Слуцкае ткацтва правіць

Распаўсюджана на тэрыторыі Слуцкага і суседніх Капыльскага, Салігорскага, Любанскага раёнаў Мінскай вобласці. На яго аснове ў XVIII стагоддзі створана Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, дзейнасць якой садзейнічата пашырэнню ў рэгіёне новых ткацкіх тэхнік і прыёмаў[30].

Асноўныя віды вырабаў народнага ткацтва правіць

Палатно для адзення правіць

 
Традыцыйнае верхняе летняе адзенне беларускіх сялян, XIX стагоддзе. Музей старажытнабеларускай культуры

У беларускім нацыянальным касцюме выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, якія вырабляліся ў хатніх умовах з лёну, канопель і воўны[19]. Пры вырабе адзення з ткацкіх тэхнік выкарыстоўваліся бранае, выбарнае, перавыбарнае, закладное, рамізнае, пераборнае і ўзорнае ткацтва[22]. У многіх выпадках крой быў полікавы, гэта значыць, тканіна не разразалася, а адразу ткалася прастакутнымі палотнішчамі рознага памеру, якія потым злучаліся рознымі тэхнікамі, у тым ліку высокадэкаратыўнымі: простымі швамі, вывязанымі кручком карункамі, рознакаляровымі стужкамі і гэтак далей.

Паясы правіць

 
Мужчынскія сялянскія паясы слуцкага тыпу, XIX ст. Тканыя на кроснах, на ніту, плеценыя, вітыя, тканыя на дошчачках, на бердзечку.

У народзе былі распаўсюджаны паясы з ільну ці суканай воўны. Звычайна ў кожнай гаспадарцы ткаліся паясы жаночыя і мужчынскія, верхнія і ніжнія. Жаночыя ткаліся на «ніту», а мужчынскія — на звычайным ткацкім стане бранай тэхнікай на 3 — 6 — 8 дошчачках. Часам стан замяняўся калочкамі, забітымі ў сцяну або зямлю, на якія нацягвалася паясная аснова[31].

Карыстаючыся такой няхітрай тэхнікай, беларуская ткачыха рабіла ўзорныя паясы, якія адзначаліся высокай якасцю. «У іншых паясоў узоры настолькі чыстыя і добрыя», — заўважае Нікіфароўскі, — «што цяжка верыцца ў ручную хатнюю вытворчасць паясоў»[32].

Паясы для верхняга адзення ткаліся з суканай воўны розных колераў — чырвоныя, чорныя і іншыя[33].

Даўжыня мужчынскіх тканых паясоў была вельмі значнай — прыблізна адзін сажань (каля 2,20 м). Меркавалася два паясных абхваты і паўаршына на канцы. Шырыня пояса для верхняга адзення даволі ўмоўная — 1—1,5 вяршка[31].

Рушнікі правіць

 
Беларускія рушнікі

На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узнікненнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах і аздабляюць усімі традыцыйнымі тэхнікамі. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5—3 м і шырыня 25 — 30 см.

Посцілкі правіць

 
Разнастайнасць тканых беларускіх посцілак. Слуцкі этнаграфічны музей

Паўсядзённыя посцілкі ткаліся з ільняной пражы. Святочныя — паўсуконныя або суконныя. Яны вылучаюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментыкай, а таксама каляровай гамай. Паводле формы посцілкі былі прамавугольныя (1,5—2,3 м даўжыні, 0,9—1,5 м шырыні) з двух (рэдка аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных нітак (або аснова льняная, уток ваўняны). Традыцыйныя посцілкі ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай ці шматнітовай тэхнікай ткацтва[34].

Дарожкі правіць

 
Палавікі-дарожкі ў інтэр’еры музея «Пружанскі палацык»

Дарожкі (палавікі) ткалі звычайным спосабом, выкарыстоўваючы ў якасці асновы ніткі з трывалага матэрыялу — канапляныя, льняныя, баваўняныя. Звычайна метад ткацтва палавікоў прапаноўваў двухнітовую тэхніку, але сустракаліся таксама коўрыкі тканыя на трох і чатырох нітках. Для ткацтва палавікоў выкарыстоўваліся спецыальныя берды з больш вялікімі зубамі[34].

Вывучэнне беларускага ткацтва правіць

Для этнографаў беларускае народнае ткацтва ўяўляе вялікую цікавасць, бо яно цесна звязана з гісторыяй народа і можа служыць каштоўным матэрыялам пры даследаванні этнічных працэсаў мінулага, этнакультурных узаемасувязяў беларусаў з іншымі народамі[1]. Найбольш значны матэрыял па ткацтве Віцебшчыны змяшчаецца ў працы М. Я. Нікіфароўскага «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку»[35]. У архіўных крыніцах ёсць звесткі аб распаўсюджанні і ўзроўні развіцця беларускага ткацтва ў XVII—XVIII стагоддзях[36].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Курилович А. Н. Белорусское народное ткачество. — Мн.: Наука и техника, 1981. — 119 с.
  2. Очерки по археологии Белоруссиии. — Минск, 1970. Ч. 1. — С. 103.
  3. Поболь Л. Д. Славянские древности Белоруссии. — Мн., 1971..
  4. Воронин Н. Н. Древнее Гродно // Материалы и исследования по археологии древнерусских городов. — М., 1954. — Т. 3.
  5. а б в г д е История белорусского ткачества (руск.)
  6. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 307.
  7. Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронін. — М., 1954. — С. 173.
  8. Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронин. — М., 1954. — С. 38, 173.
  9. Штыхов, Г. В. Древний Полоцк, IX—XIII вв. / Г. В. Штыхов. — Минск, 1975. — С. 101.
  10. Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронин. — М., 1954. — С. 66.
  11. а б в г Якуніна 1960, с. 23.
  12. Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: (Альбом). — Мінск, 1980. — Іл. 33, 66.
  13. Россия. Полное географическое описание нашего Отечества : настольная и дорожная книга для русских людей / под ред. В. П. Семенова  (руск.); под общ. рук. П. П. Семенова и В. И. Ламанского; [предисл. В. Семенова]. — СПб. : А. Ф. Девриен, 1899—1914. — С 5-го т. : под ред. В. П. Семенова-Тян-Шанского и под общ. рук. П. П. Семенова-Тян-Шанского и В. И. Ламанского. Т. 9 : Верхнее Поднепровье и Белоруссия : [Смоленская, Могилевская, Витебская и Минская губернии] / сост. В. П. Семенов [и др.]. — 1905. — VIII, 619, [1] с., [14] л. ил., карт. : ил. — Библиогр. : с. 575—582. — Указ. геогр. назв., имен личных и предметов, встречающихся в тексте: с. 583—619. С. 527 и последующие.
  14. «Беларусь», 1947, № 3 (артыкул «Ткацтва на Беларусі»).
  15. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 307.
  16. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 308—309.
  17. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 309—310.
  18. Беларускі нацыянальны касцюм Архівавана 6 снежня 2010. (руск.)
  19. а б Традыцыйнае адзенне Архівавана 18 лістапада 2011.
  20. а б Лён 2009, с. 78.
  21. а б в Лён 2009, с. 8.
  22. а б Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  23. Лазука 2015, с. 161.
  24. Лебедева Н. И. Прядение и ткачество восточных славян в XIX - начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. — М., 1953. — С. 493..
  25. Селівончык Вера. Ткацтва на дошчачках. Практычны дапаможнік(Майстроўня).. — Мн.: Медысонт, 2009. — 64 с.
  26. ТКАЦТВА НА ДОШЧАЧКАХ. Інструменты і матэрыялы Архівавана 30 сакавіка 2012.
  27. Ткацтва
  28. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  29. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  30. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  31. а б Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стр. 23.
  32. Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стр. 108.
  33. «Этнография», 1926, № 1 — 2, стр. 223
  34. а б Посцiлкi, дываны, дарожкi
  35. Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. — Витебск, 1895.
  36. Центральный исторический музей БССР, ф. 694, оп. 2, д. 2001, л. 21; д. 3137, лл. 33-35; д. 4975, л. 84; Государственный архив Минской области, ф. 333Ю hg. 1? l/ 30 и др.

Літаратура правіць

  • Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
  • Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.

Спасылкі правіць