Беларуская прыгодніцкая проза

Белару́ская прыго́дніцкая про́замастацкія творы напісаныя беларускімі аўтарамі ў прыгодніцкім жанры.

Першапраходцы жанру ў беларускай літаратуры правіць

 
Вокладка і тытульны ліста зборніка аповядаў Я. Маўра «Слёзы Тубі», 1938 г.

Званне першаадкрывальніка прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры па праве належыць пісьменніку Янку Маўру[1]. Яго аповесць пра першабытнага чалавека, у нечым і пра першаадкрывальніка, «Чалавек ідзе», надрукаваная ў 1925 годзе у часопісе «Беларускі піонэр» паклала пачатак гэтаму жанру ў нашай літаратуры. А затым былі аповесці пра туземцаў паўднёвых выспаў у Ціхім акіяне «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1928), раман пра паўстанні на в. Ява «Амок» (1929). Не можа не ўсхваляваць кранальнае апавяданне «Слёзы Тубі» (1927), аб цэйлонскім хлопчыку, які, каб не памерці з голаду, змушаны штодня, рызыкуючы жыццём, збіраць на дне акіяна жамчужныя ракавіны. А да родных мясцін Маўр звярнуўся ў аповесці «Палескія рабінзоны» (1929), якая карысталася поспехам у юных чытачоў. За аснову была ўзята тэма рабінзанады Даніэля Дэфо, але замест экзотыкі далёкіх заморскіх краін аўтар паказаў, што і ў кутках роднай Беларусі можна адшукаць сваю рамантыку і прыгажосць. А ў 1934 годзе выйшла яго аповесць «ТВТ» (Таварыства ваяўнічых тэхнікаў), у якой аўтар выкарыстаў мастацкую навізну для таго часу. Аповесць стала выклікам афіцыйнай нарматыўнай педагогіцы, бо ініцыятыва арганізацыі сыходзіла ад саміх дзяцей, якія без дапамогі вялікіх самі рашаюць тэхнічныя, гаспадарчыя, і жыццёвыя праблемы. На ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі «ТВТ» атрымала першую прэмію.

 
У. Караткевіч у студэнцкія гады

Рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай і патрыятызмам вылучаюцца гісторыка-прыгодніцкія творы Уладзіміра Караткевіча, які сам сябе небеспадстаўна называў беларускім Аляксандрам Дзюма[2]. Сваю першую прыгодніцкую аповесць, «Загадка Неферціці», Караткевіч напісаў яшчэ ў школе, старшакласнікам. Асаблівае месца сярод яго твораў займае раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), у якім пісьменнік выкарыстаў матэрыялы хронік і летапісаў, біблейскія тэксты і вытрымкі з мастацкіх твораў, народныя выслоўі. У рамане цэлы набор класічнага прыгодніцкага рамана – гэта і інтрыгуючы сюжэт з нечаканымі развязкамі, і дэшыфроўка тэкстаў, і пагоні, і бойкі, і каханне. Але сапраўдную вядомасць прынесла аўтару гісторыка-прыгодніцкая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1958, апубл. 1964), пра якую Васіль Быкаў казаў: «Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць». Да гісторыка-прыгодніцкага жанру паспрабаваў звярнуцца і сам Быкаў, у сваёй ваеннай аповесці «Апошні баец» (1957).

Мае гістарычную аснову і гісторыка-прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі» (1987), падзеі якога адбываюцца ў XIII ст.. Тэма раману – гераічная барацьба гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі, а сам твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народа і іх бліжэйшых суседзяў. За гістарычны раман «Меч князя Вячкі» Леанід Дайнека ўзнагароджаны Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1989). Са старонкамі беларускай гісторыі знаёміць нас аўтар і ў рамане «След ваўкалака» (1988), у якім апавядаецца пра малавядомыя старонкі жыцця князя Усяслава Полацкага. За абодва гэтыя раманы Леанід Дайнека ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя К. Каліноўскага (1990)[3].

Да адной з любімых тэм Я. Маўра – тэмы далёкіх акіянскіх выспаў звярнуўся Павел Місько ў аповесці «Грот афаліны» (1985), падзеі ў якой разгортваюцца на выспах і атолах архіпелага, празванага Вясёлым, куды прыязджаюць весяліцца багацеі. Але не да весялосці карэнным жыхарам. Падзеі, часам з небяспечнымі сітуацыямі, адбываюцца на зямлі і пад зямлёй, на вадзе і пад вадой, а героі — не толькі людзі, але нават і дэльфіны.[4]

Любоў да гісторыі і даследаванняў правіць

Акунаюцца ў прыгоды ў нашых родных мясцінах героі аповесці Андрэя Федарэнкі, «Шчарбаты талер» (1999). У апавяданні галоўныя героі — трое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі, у рукі якіх трапляе старая карта-схема і некалькі срэбных талераў, у часе школьных канікул шукаюць скарбы напалеонаўскага войска. Па аповесці на Беларусьфільме быў зняты чатырохсерыйны мастацкі фільм «Тры талеры» (2005)[5], а сама аповесць уключана ў школьныя хрэстаматыі. У 2001 годзе выйшла яшчэ адна паспяховая аповесць аўтара — «Афганская шкатулка», у якой падзеі сканцэнтраваны вакол пошукаў афганскай шкатулкі, што трапляе праз знявечанага Афганскай вайной салдата на тэрыторыю Беларусі.

Вучаць любіць Радзіму патрыятычныя творы Аляксея Якімовіча. У яго аповесці «Калі кукавала зязюля» (уперш. надр. у часопісе «Маладосць» у 1996 г. пад назвай «За родную зямлю») апавядаецца пра падзеі XVI ст., часы вайны з Масковіяй. А падзеі аповесці «Панскае дзіця» (надр. у «Маладосці», 1998) адбываюцца пад час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць царскай Расіі і Прусіі, якія ў 1793 г. ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай. Абодва творы ўвайшлі ў кнігу «Калі кукавала зязюля» (2013), выдадзеную ў бібліятэчцы «Пераходны ўзрост» выдавецтва «Выдавецкі дом „Звязда“».

 
Людміла Рублеўская з трылогіяй «Авантуры Пранціша Вырвіча»

Адметнае месца ў прыгодніцкай прозе 2000-х займаюць творы Людмілы Рублеўскай, у якіх нярэдка сучаснасць перасякаецца з мінулым. Героі яе кніг разгадваюць таямніцы нашай гісторыі, шукаюць скарбы, самаахвярна змагаюцца і за Радзіму, і за каханне. І, безумоўна, акунаюцца ў прыгоды. Так, гераіня аповесці «Сэрца мармуровага анёла» (2000) мастацтвазнаўца Кася, у рукі якой падчас пошуку «каштоўных экспанатаў» у адным з правінцыйных краязнаўчых музеяў трапляе чорная жамчужына каралевы Боны, сама нібыта заўважае: «Люблю вандраваць. Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі…». Але сапраўдныя прыгоды нас чакаюць у прыгодніцка-фантасмагарычнай нізцы Рублеўскай з сямі раманаў пра Пранціша Вырвіча. У першай частцы «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» чытач сустракаецца са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюма Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацка, якіх лёс заносіць у сутарэнні Слуцка, Менска і Полацка, яны выратаўваюць Сільфіду, здабываюць дзіду Святога Маўрыкія, а таксама б’юцца за свой гонар і за Радзіму. А ў другой частцы, «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (2014) героі вандруюць праз усю Еўропу XVIII стагоддзя, трапляюць і выблытваюцца з магнацкіх інтрыг вакол трону Рэчы Паспалітай. Таксама з гістарычнай тэматыкі цікавы творы Рублеўскай, у якіх закранута тэма паўстання Кастуся Каліноўскага.

Да тэма паўстання 1863-64 гадоў звярнуўся і Алесь Наварыч у сваім рамане «Літоўскі воўк» (2005), прасякнутым духам авантурызму, любоўнымі інтрыгамі, і ўзнёслай прагай герояў раману да волі. За раман пісьменнік узнагароджаны спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2003).

Пра драматычныя падзеі славянскай гісторыі на мяжы ІХ-Х стагоддзяў, апавядае і гісторыка-прыгодніцкі раман Зінаіды Дудзюк «Велясіты» (2011). Раман закранае тэму адносін славян з Візантыйскай імперыяй, каралеўствам франкаў, а таксама цюркскімі плямёнамі.

На фоне гістарычных прыгод нечакана вылучаецца містычна-прыгодніцкая аповесць Дзмітрыя Пятровіча «Белая жанчына» (2012), якая расказвае пра небяспечныя прыгоды сяброў-спелеолагаў — людзей, апантаных даследаваннем пячор[4].

Прыгодніцкая аповесць Валерыя Гапеева «Зніч ваўкалака» (2021 г.) мае выразныя прыкметы конан-дойлаўскай «Сабакі Баскервілей». У кнізе міфалогія старажытная змешваецца з сучаснай. Кампанія падлеткаў прыязджае на летнія канікулы ў загадкавае закінутае месца, дзе адбываецца такое ж загадкавае знікненне дзеўкі. Героі павінны разгадаць шыфр, каб знайсці шлях да скарбу і выратаваць сяброўку[6].

Радзівілаўская тэматыка правіць

Беларускай прыгодніцкай літаратуры больш уласціва, за невялікім выключэннем, менавіта гістарычная тэматыка, якая таксама прадстаўлена і ў іншых жанрах, напрыклад такіх, як дэтэктыў. І тут, не меншую цікавасць, чым тэма паўстанняў на Беларусі, выклікае захапленне адной з самых нераскрытых загадак беларускай гісторыі – легенда пра незлічоныя скарбы князёў Радзівілаў, і перш-наперш самы загадкавы з іх – дагэтуль не знойдзеныя легендарныя дванаццаць залатых апосталаў. Так, Кастусь Тарасаў прысвяціў гэтай тэме апавяданне «Аўдытарская праверка ў Нясвіжы, альбо Скарб Нясвіжскага замку» (2006).

Зноскі

  1. Ларыса Цімошык. Дзед Маўр. ARCHE (20 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2014. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  2. Адам Глобус. Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча // Імёны. Літаратурныя партрэты / Пад рэд. В. Акудовіча. — Мн.: ЛогвінаЎ, 2013. — С. 15. — 122 с. — (Бібліятэка «Беларускі калегіюм»). — 300 экз. — ISBN 978-985-6991-063-2.
  3. Дзяржаўная прэмія імя Кастуся Каліноўскага. Спадчына. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
  4. а б Алег Грушэцкі Далёкія астравы, згубленыя скарбы // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 14 лістапада 2014. — В. 4794. — № 45. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2014.
  5. Кіно на выходных: восем беларускіх стужак. 21.by (2 ліпеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 17 лістапада 2014.
  6. Дар'я Смірнова Магія разгадак // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 30 красавіка 2021. — В. (5122. — № 17. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2021.

Літаратура правіць