Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць

Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (БХДЗ) — грамадска-палітычная арганізацыя.

Створана на ўстаноўчай канферэнцыі ў Мінску 1 чэрвеня 1991 г., прынята праграма і Статут, зарэгістравана 16 снежня 1991 г. Штаб-кватэра знаходзілася ў Мінску. Абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі[1] (19171940). Кіруючы орган — каардынацыйная рада. Асноўная мэта — духоўна-маральнае, нацыянальнае, палітычнае і эканамічнае адраджэнне Беларусі на прынцыпах негвалтоўнасці, плюралізму, прыватнай уласнасці, хрысціянскага брацтва з усімі народамі. Злучнасцю ў 1991 г. адноўлена выданне газеты «Беларуская крыніца», галоўны рэдактар — Алесь Траяноўскі.[2]

Ядро арганізацыі складалі 102 дэлегаты ўстаноўчай канферэнцыі, пераважна беларускамоўныя прадстаўнікі інтэлігенцыі маладога і сярэдняга ўзросту. Моўных, нацыянальных ці ўзроставых абмежаванняў не існавала, але сябрам БХДЗ, паводле Статута, можа быць той, хто падзяляе маральна-этычныя запаветы Хрыста. Кіруючыя органы: Каардынацыйная Рада і Управа. Было абрана 5 сустаршынь: П. Сілка (сустаршыня-каардынатар), І. Багдановіч, М. Рэшкаў, Э. Сабіла і Ф. Янушкевіч. Буйнейшыя арганізацыі былі створаны ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку.

Паводле кс. Рамана Дзванкоўскага, арганізацыя між іншага выступала супраць польскай мовы ў каталіцкіх касцёлах ў Беларусі і імкнулася да іх поўнай беларусізацыі[3].

Зноскі

  1. БЭ ў 18 тамах. Т.2., Мн., 1997, С.431.
  2. Сто гісторыяў веры і волі — с. 162
  3. Roman Dzwonkowski. Sytuacja religijna Polaków na Białorusi // Polska-Białoruś. Problemy sąsiedztwa / pod red. Henryka Chałupczaka i Elżbiety Michaluk. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2005. — С. 95. — 284 с. — ISBN 83-227-2388-1.

Спасылкі правіць