Беларусь (газета, Мінск)

мінская газета 1919 года

«Беларусь» — штодзённая палітычна-эканамічная і літаратурная газета. Выдавалася на беларускай мове ў Мінску (21.10.1919 — 9.7.1920).

«Беларусь»
Газета «Беларусь», 25.3.1920 (фрагмент)
Газета «Беларусь», 25.3.1920 (фрагмент)
Арыгінальная
назва
польск.: Biełaruś
Тып перыядычнае выданне[d]
Выдавец Ядвіга Луцэвіч[d] і Часовы беларускі нацыянальны камітэт
Краіна
Галоўны рэдактар Ядвіга Луцэвіч[d] і Язэп Юр’евіч Лёсік
Заснавана 21 кастрычніка 1919
Спыненне публікацый 9 ліпеня 1920
Мова беларуская
Галоўны офіс Менск, Беларускі дом (б. Юбілейны)

Рэдактар-выдавец у 1919 годзе Ядвіга Луцэвіч, з 1920 года рэдактар Язэп Лёсік, выдавец — Часовы беларускі нацыянальны камітэт, з 12.3.1920 прадстаўнік БНК Кузьма Цярэшчанка (Тарэшчанка). Газета лічылася пераемніцай газеты «Звон» (27 нумароў улучаны ў суцэльную нумарацыю). Неаднаразова канфіскоўвалася польскімі ўладамі, выходзіла з «белымі плямамі» цэнзуры.[1] Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нацыянальныя палітычныя партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Беларускай Рэспублікі ў этнаграфічных межах беларускага народа.[2]

Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літаратурных твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, народнай гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гістарычную ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сацыяльна-палітычных тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польскіх улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі беларускай арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне беларускіх школ. У артыкулах на эканамічныя тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прамысловасці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыялістычнага крыла аўтарскага калекгыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакратычнага сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я. Карскага па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Значнае месца займаў літаратурны аддзел. Друкаваліся творы Я. Купалы, З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Каганца, Я. Коласа, М. Чарота, У. Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатральнае жыццё ў Мінску.

Зноскі

  1. ЭГБ, Т.1 с.484 У. Конан.
  2. БЭ ў 18 т. Т. 3.

Літаратура правіць

  • «Беларусь» // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1996.