Бланкі́лья (ісп.: La Blanquilla) — востраў на поўдні Карыбскага мора. З’яўляецца федэральным уладаннем Венесуэлы. Плошча — 64,53 км². Сталага насельніцтва няма.

Бланкілья
ісп. La Blanquilla
Характарыстыкі
Плошча64,53 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
11°51′12″ пн. ш. 64°35′55″ з. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Антыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Бланкілья (Вест-Індыя)
Бланкілья
Бланкілья
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Бланкілья з’яўляецца часткай Паўднёвых Падветраных астравоў групы Малых Антыльскіх астравоў. Знаходзіцца ў 289 км на паўночны ўсход ад Каракаса, сталіцы Венесуэлы, у 388 км на усход ад Банайрэ, у 310 км на захад ад Грэнады. Уяўляе сабою плоскае скалістае плато, вышыня якога дасягае 30 м. Даўжыня — 11,24 км. Найбольшая шырыня — 9,35 км. Даўжыня берагавой лініі — каля 55 км. Значная частка ўзбярэжжа пакрыта пляжамі з дробным белым пяском. Дзякуючы яму востраў атрымаў сваю назву (ад ісп.: blanco, «белы»).

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) каля 65 — 55 млн гадоў таму як падводнае плато, на якім паступова назапашваліся арганічныя ападкі. Далейшая субдукцыя выштурхала востраў над паверхняй мора. У заходняй частцы захаваліся гранітныя скалы, што маюць дачыненне да перыяду першапачатковага ўзнікнення. На ўсходзе знойдзены каралавыя тэрасы, што сфарміраваліся ў выніку змен узроўню мора не пазней за 8 тысячагоддзе да н. э.

Клімат трапічны вільготны. Нягледзячы на частыя дажджы, кіпрая паверхня ўсмоктвае ападкі, таму на Бланкілье няма рэк і азёр. Сярод скал часам вылучаюцца невялікія гранітныя «кішэні», дзе пітная вада можа захоўвацца доўгі час.

Прырода правіць

Флора прадстаўлена відамі, прыстасаванымі да нястачы вільгаці, у тым ліку кактусамі. Для фаўны характэрны як мясцовыя (ігуаны, птушкі, казуркі), так і інтрадуцыраваныя чалавекам віды (здзічэлыя козы, аслы). Сярод каралавых рыфаў каля вострава знаходзяць рэдкія чорныя каралы.

Гісторыя правіць

Індзейцы часова наведвалі востраў ужо ў глыбокай старажытнасці. Археолагамі выяўлены рэшткі іх керамікі, пакінутыя каля 1150 г. да н. э. У 1498 г. адкрыты Хрыстафорам Калумбам. У XVII — XVIII стст. на ім спыняліся піраты. У 1874 г. на Бланкілье было заснавана невялікае галандскае паселішча, аднак яго жыхары былі выгнаны ўрадам Венесуэлы.

Афіцыйна далучаны да Венесуэлы ў 1938 г.

У нашы дні востраў наведваюць вучоныя, турысты, тут маецца сезонная база марской ваенізаванай аховы.

Спасылкі правіць