Брыгада КАП «Вільна»

Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Ві́льна» (польск.: Brygada KOP «Wilno») — шостая брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1926—1937 гадах у гарнізоне каля Вільні.

Брыгада Корпуса аховы памежжа «Вільна»
Цёмна-сінім колерам вылучана Віленскае ваяводства, мяжу якога ахоўвала брыгада
Гады існавання 1926 — 1937
Краіна  Польшча
Уваходзіць у Корпус аховы памежжа
Тып брыгада
Функцыя Ахова дзяржаўнай мяжы
Дыслакацыя Гарнізон Вільна
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Стэфан Паслаўскі
палкоўнік Мар’ян Ацэткевіч

Гісторыя правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На трэцім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе распараджэння міністра ўнутраных спраў №1099 ад студзеня 1926 года была заснавана шостая памежная брыгада.

Да моманту стварэння брыгады дзяржаўную мяжу з Латвіяй у раёне Слабодкі ахоўваў 19-ы памежны рэзервовы батальён разам з 18-ым і 19-ым кавалерыйскімі эскадронамі. Станам на пачатак сакавіка 1926 г., у склад брыгады ўваходзілі 20-ы памежны батальён у Новых Свянцянах, 21-ы памежны батальён у Немянчыне, 22-ы памежны батальён у Новых Троках, 23-ы памежны батальён у Аранах, 24-ы памежны батальён у Сейнах, а таксама 18-ы, 19-ы і 20-ы кавалерыйскія эскадроны. Даўжыня ўчастка памежнай паласы, вызначанай для аховы брыгадай складала 583 км, глыбіня дасягала 30 км. Камандаванне знаходзілася ў Вільне (па звестках 1931 года, на вуліцы Вастрабрамскай, 7)[2].

У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана пры 21-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа[3].

У 1927 годзе ў складзе брыгады адбыліся рэарганізацыйныя змены: утвораны камандаванне 6-й паўбрыгады аховы памежжа, 29-ы рэзервовы батальён і тры памежныя роты для 19-га, 22-га і 23-га памежных батальёнаў. Камандаванню шостай паўбрыгады былі падпарадкаваны тры батальёны (23-ы, 24-ы і 29-ы) і 19-ы кавалерыйскі эскадрон. Астатнія падраздзяленні засталіся ў непасрэдным падпарадкаванні камандаванню брыгады[4].

Аб’яднаныя ў ліпені 1929 г. 3-я і 6-я памежныя брыгады займелі назву «Вільна» згодна з правілам, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву ў адпаведнасці з мясцовасцямі іх размяшчэння. Пры гэтым, абавязковая нумарацыя частак захоўвалася, але праз два гады цалкам была скасавана. Таксама, у выніку злучэння брыгадаў, было ліквідавана камандаванне 6-й паўбрыгады і заснаваны два палкі: «Вілейка» і «Глыбокае».

З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пры 21-ым памежным батальёне ў Вільні, а ў 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах[5]. Яны дзяліліся на 4 часткі і называліся паводле адзінак іх размяшчэння[6]. У брыгадзе «Вільна» была ўтворана рота другога тыпу, якая складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і трох сапёрных узводаў па тры дружыны ў кожным. Штат роты складаўся з чатырох афіцэраў, адзінаццаці ўнтэр-афіцэраў і 91 шараговага жаўнера[7].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго дадзеная брыгада была расфармавана. Палкі, якія ўваходзілі ў яе склад, сталі самастойнымі падраздзяленнямі, падпарадкаванымі непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа[8].

Структура правіць

Арганізацыя ў снежні 1927 года правіць

Арганізацыя ў 1934 годзе правіць

  • Камандаванне брыгадай
  • Полк «Вілейка»
  • Полк «Глыбокае»
  • 19-ы памежны батальён «Слабодка»
  • 20-ы памежны батальён «Новыя Свянцяны»
  • 21-ы памежны батальён «Немянчын»
  • 22-і памежны батальён «Трокі»
  • Рота сапёраў «Вільна»[10]

Кіраўніцтва правіць

  • сакавік 1926 — чэрвень 1927 — палкоўнік пяхоты Стэфан Віктар Паслаўскі[11]
  • 16 чэрвеня 1927 — 23 лютага 1929 — падпалкоўнік сапёраў Артур Уладзімір Горскі
  • 23 лютага 1929 — 1930 — палкоўнік пяхоты Францішак Карэва
  • сакавік 1935 — сакавік 1937 — палкоўнік пяхоты Мар'ян Юзаф Ацэткевіч[11]

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Здзіслаў Юзаф Кутар. Saperzy II Rzeczypospolitej. — Варшава: Pat, 2005. — ISBN 83-921881-3-6.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.