Брэ́віс, або брэ́вэ (лац.: breve — «кароткае»), перавернутая камора[1] — адзін з кірылічных і лацінскіх надрадковых чашападобных дыякрытычных знакаў; запазычаны са старажытнагрэчаскай пісьменнасці, дзе пазначаў кароткасць галосных. У тыпаграфіцы адрозніваюцца кірылічнае брэвэ і лацінскае брэвэ: як правіла, першае мае патаўшчэнні па краях, другое — у сярэдзіне[2].

Брэвіс
̆
̂ ̃ ̄ ̅ ̆ ̇ ̈ ̉ ̊

Характарыстыкі


Юнікод

U+0306

HTML-код

̆ ці ̆

UTF-16

0x306

URL-код

%CC%86

У кірыліцы правіць

Брэвіс над нескладовымі галоснымі «ю», «ω», «ε», «и», «я» на прыкладзе тэксту скорапісу з пісцовай кнігі канца XVI стагоддзя.

На славянскай глебе стала пазначаць нескладовы характар галосных. Рэгулярна выкарыстоўваецца з XV—XVI стст., пераважна над літарай «И». Таксама сустракалася над іжыцай (у старадрукаваных кнігах украінскага паходжання), над літарай «Ю» (у старой румынскай кірыліцы) і ў некаторых іншых выпадках.

З сярэдзіны XVII стагоддзя выкарыстанне брэвіса ў царкоўнаславянскай мове рускага зводу становіцца абавязковым для адрознівання галоснага «И» і зычнага «Й».

У грамадзянскім шрыфце першапачаткова былі скасаваны ўсе надрадковыя знакі, у тым ліку і кароткая; яна вярнулася ў рускую пісьменнасць у 1735 годзе[3], адкуль у складзе літары «Й» у розны час была запазычана іншымі мовамі (цяпер выкарыстоўваецца ва ўсіх кірыліцах, акрамя сербскай і македонскай, якія змянілі «Й» на «Ј», якая супадае па напісанні з лацінскім «J»).

Іншага паходжання брэвіс у беларускай літары «Ў» — створанай у XIX стагоддзі па мадэлі «Й» (адзін з першых выпадкаў ужывання — слоўнік Насовіча 1870 года). Акрамя таго, яна ўжывалася для таго ж гука ў кірылічным асецінскім алфавіце Шогрэна да 1924 года. Ва ўзбекскай жа кірыліцы гэтая літара пазначае простае /o/ (у той час як «О» пазначае заднеязычную /ɒ/).

Брэвіс ўжываецца ў складзе літар «Ӑ» і «Ӗ» чувашскага алфавіта для пазначэння кароткіх галосных сярэдняга ўздыму. У малдаўскім алфавіце «Ӂ» пазначае афрыкату /d͡ʒ/.

У сербскім алфавіце і харвацкай лацініцы перавернуты брэвіс над галоснай (сустракаецца ў слоўніках і навучальнай літаратуры) пазначае доўгую сыходную інтанацыю.

У лацінцы правіць

У лацінскім алфавіце брэвіс перш за ўсё ўжываецца для пазначэння кароткіх галосных лацінскай мовы ў лінгвістычнай і навучальнай літаратуры прынамсі з часоў Адраджэння. Пазней яго сталі выкарыстоўваць у лінгвістыцы для транскрыпцыі ці транслітарацыі (напрыклад санскрыту ці праіндаеўрапейскай мовы).

У эсперанта «Ŭ» пазначае паўгалосны /w/. Пазней літара ўвайшла ў склад беларускай лацінкі і некаторых праектаў украінскай.

«Ă» у розных мовах пазначае розныя гукі: у румынскай — /ə/, у в’етнамскай — /ɐ/.

Са стварэннем турэцкага лацінскага алфавіта літара «Ğ» стала пазначаць заднеязычны фрыкатыўны зычны /ɣ/, які, зрэшты, у літаратурнай турэцкай мове не вымаўляецца і пазначае звычайна даўгату папярэдняга галоснага. З пераходам на лацінскі алфавіт у 1990-х гадах гэту літару запазычалі (з першапачатковым значэннем) азербайджанская і крымскататарская мовы.

У грэчаскім алфавіце правіць

Брэвіс нароўні з макронам звычайна сустракаецца ў навучальнай ці лінгвістычнай літаратуры па старажытнагрэчаскай мове для пазначэння кароткіх гукаў /a i y/ ᾰ ῐ ῠ, для якіх адсутнічае парнае абазначэнне «кароткі — доўгі» (у адрозненне ад ε/η і ο/ω).

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. А. І. ГРУША. БЕЛАРУСКАЯ КІРЫЛІЧНАЯ ПАЛЕАГРАФІЯ
  2. Бреве кириллическое, «Кратка» (Cyrillic breve). Справочник ПараТайп. Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2013. Праверана 18 красавіка 2013.
  3. Грот Я. К. Спорные вопросы русского правописания. — Спб., 1873. — С. 20—21.