Будслаўскі абраз Маці Божай

Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Знаходзіцца ў Касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Будслаў ў вёсцы Будслаў.[1] Галоўная ўрачыстасць абраза Маці Божай Будслаўскай святкуецца 2 ліпеня. 28 лістапада 2018 года урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА[2][3].

Будслаўскі абраз Маці Божай

Гісторыя правіць

Абраз напісаны невядомым майстрам у XVI стагоддзі. Падараваны ў 1598 Папам Рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і змясціў яго ў сваім віленскім палацы  (польск.). Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капелана Ісака Салакая, які перавёз яго ў Даўгінава. У 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінаў, саступіўшы просьбам манахаў.

Паводле некаторых гістарычных звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе: пасля абраду святога хрышчэння народ убачыў незвычайнае святло, якое заззяла з неба і асвяціла капліцу і хаты. З гэтага часу і пачаліся першыя паломніцтвы ў Будслаў.

Абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаў пробашч Э. Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650), і ў 1635 годзе быў перанесены ў галоўны алтар на месца абраза «Наведванне Марыяй Лізаветы».

Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Іасафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым святаром-кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад эпілепсіі, якая мучыла яго сем гадоў. Зялеевіч апісаў 42 цудоўных аздараўленняў і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі — вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Паранены ротмістр патрапіў у маскоўскі палон у 1632 годзе і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы зароку перад абразам, які належаў яго таварышу Лукашу Уладоўскаму. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім гвардыян бернардзінцаў Фларыянам Калецкім і сямействам Далмат-Ісайкоўскіх адным з фундатараў каменнага касцёла ў 1633—1643 гадах. Той жа Калецкі падараваў 1-й палове XVII ст. шату для абраза.

У 1643 годзе майстар з Полацка Андрэй Кромер пабудаваў каменны касцёл, для якога майстар Пётр Грамель стварыў унікальны драўляны алтар, у яго і быў змешчаны цудатворны абраз. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бернардзіны Літоўскай правінцыі прапагандавалі культ абразу, ад пачатку ХІХ ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштару ў 1859 вядомасць абразу зменшылася. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай епархіі» сярод дзесяці касцёлаў з цудатворнымі абразамі Маці Божай згадваецца і Будслаўскі.

Ад пачатку 1990-х аднаўляецца культ абразу. Ад 1990 штогод адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991—1992 абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый архібіскуп Дамінік Грушоўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Мінска-Магілёўскае архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. 2 ліпеня 1998 года кардыналам Казімірам Свёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

Святкаванне 400-годдзя здабыцця абраза правіць

 
Паштовая марка Беларусі. 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў
 
Манета «400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе»

Перэгрынацыя напярэдадні святкавання 400-годдзя здабыцця Будслаўскага абраза Маці Божай, пачалася ў кастрычніку 2012 года ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і завершыцца фэстам у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ў ноч з 5 на 6 ліпеня.

На ўрачыстасці ў Будслаў запрошаны праваслаўныя, мусульмане, іўдзеі, пратэстанты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Паводле рашэння Папы Рымскага Францыска старшыня Папскага савета па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран будзе легатам пантыфіка на ўрачыстасцях. Ён плануе таксама адслужыць імшу ў архікафедральным касцёле беларускай сталіцы 7 ліпеня.

На ўрачыстасці ў Будслаў прыбыў і рэлікварый з машчамі каталіцкай святой з Францыі ?— Тэрэзы Немаўля Ісуса (Тэрэзы Малой  (руск.)).

У гонар юбілею Будслаўскага абраза Маці Божай у Беларусі выпушчаны манета і паштовая марка.

Апісанне правіць

Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-еўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі аб гісторыі абраза і аўтара. Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнесанса. Маці Божая намаляваная да поясу, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму светлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая дабраслаўляе, а левай Ісус Хрыстос як бы дае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцця, а таксама Хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі.

На абразе — срэбны аклад, арнаментаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесанса, у арнамент упісаная постаць святога Казіміра і, магчыма, святой Ядзвігі. Усе гэтыя ўпрыгожванні належаць да найлепшых узораў ювелірнага мастацтва ў Беларусі. На абароце дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі пра гісторыю абраза і алтара.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ 2005.
  2. Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest) (англ.). ЮНЕСКА (18 красавіка 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
  3. ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.

Літаратура правіць

  • Ярашэвіч А. Будслаўскі абраз Маці Божай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 353. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Брама да неба: Спеўнік пілігрыма Мінск-Будслаў. — Мн., 2008.
  • Будслаўская базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі / Рэд. Ю. Паўлюкевіч. — Мн., 2005.
  • Падарожжа ў Будслаў: зборнік. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002
  • Кс. Владислав Завальнюк. История Будславской базилики // Pro Christo. 1998.
  • Інакенцій Русецкі OFM. Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай // Pro Christo. 2001.
  • Ежы Кавальчык. Старажытны алтар // Pro Christo. 2001.
  • Аляксандр Ярашэвіч. Цудадзейны і старажытны // Наша вера. 2001 № 16, 2.
  • Аляксандр Ярашэвіч. Роспісы Будслаўскага касцёла // Наша вера. 2001 № 16, 2.
  • Інеса Багдзевич. Жывая вада з-пад каменю граху // Рэспубліка. № 155—156 19/07/2002
  • Уладзімір Шык. Да Маці Божай Будслаўскай // Народная Воля № 135 11/07/2002
  • В Будслав — поклониться иконе // Витебский Курьер. № 50 05/07/2002
  • Анатолий Варавва. Путеводитель / Дороги ведут в Будслав // Путешественник. № 4(164) 2001.
  • Галіна Калевіч. З гарачым сэрцам зімою — у Будслаў // Ave Maria 2001 № 1 (68).
  • Ольга Надольская. Будслав. История белорусской Ченстоховы // Белорусская деловая газета. № 811 02/08/2000.
  • Ирина Бут-Гусаим. Заступница Полесья белорусского // Белорусская деловая газета. № 797 08/07/2000
  • Анатоль Клешчук. У Будславе — уся Беларусь // Звязда № 125 (23976) 8/07/2000.
  • Василий Грынь. Будслав // Газета Автобизнес — Weekly № 17 (214) 4/05/2000.
  • Антон Потоцкий. Будславский ружанец // Советская Белоруссия № 312 (20796) 9/12/2000.
  • Ольга Надольская. В Беларуси возрождается паломничество // Газета ИМЯ № 209 15/07/1999.
  • Людмила Селицкая. Пришли пилигримы на будславский фест // Советская Белоруссия. № 179 11/07/1998
  • Корона для покровительницы Беларуси // Белорусская деловая газета. № 481 06/07/1998
  • Ірына Жарнасек. Мы Твае дзеці // Ave Maria 1998 № 8-9 (46-47).
  • Ірына Жарнасек. Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будсласкай // Ave Maria 1995 № 7-8 (9-10).
  • Алесь Высоцкі. У Будславе будзе два фэсты // Рэгіянальная газета.
  • Рэлігія і царква на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Г. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001.

Спасылкі правіць