Быхаўскі замак — абарончае збудаванне ў Быхаве. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы былога пасялення XIV-XV ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў.

Помнік абарончай і грамадзянскай архітэктуры
Быхаўскі замак
53°31′05″ пн. ш. 30°15′33″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Быхаў
Дата заснавання XVII ст.
Статус Ахоўная зона
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Планіроўка і архітэктура правіць

 
План замка

Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м.

 
Макет Быхаўскага замка ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі

З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплекса, павернуты да гандлёвай плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў па сярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мастом і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі.

На поўдзень ад вежы цягнулася мураваная сцяна, пазней замененая драўлянымі карпусамі. За імі размяшчаўся мураваны двухпавярховы службовы корпус, які прымыкаў да палаца. Выцягнуты будынак самога палаца галоўным падоўжным фасадам быў арыентаваны на ўсход, да Дняпра, быў накрыты высокім двухсхільным чарапічным дахам, па вышыні амаль раўным двум паверхам. Да сярэдзіны ўсходняга і тарцовага паўднёвага фасадаў палаца прылягаюць гранёныя вежы, якія раней былі пяціяруснымі і завяршаліся двух’яруснымі купалкамі — «банькамі» (уплыў архітэктуры нідэрландскага рэнесансу). Фасад палаца, павёрнуты ўнутр двара, быў аформлены двухяруснай арачнай галерэяй з уваходамі ва ўнутраныя памяшканні. Аркада першага паверха была муравана з крыжовымі скляпеннямі, на другім паверсе галерэя была драўляная. Пад будынкам размешчаны вялікія скляпеністыя падвалы.

 
Разрэз замка

Першы паверх (так сама з магутнымі крыжовымі скляпеннямі) займалі службовыя памяшканні, камфы, майстэрні. Другі паверх, што прызначаўся для жылля гаспадароў, падзяляўся на дзве палавіны — жаночую і мужчынскую. На тарцы размяшчалася зала прыёмаў, у вежах — капліца, бібліятэка і кабінет гаспадара. Папярочныя мураваныя сцены рытмічна падзяляюць будынак на прыблізна аднолькавыя памяшканні, маюць анфіладную сувязь. Такія ж папярочныя нясучыя сцены, скляпеністыя перакрыцці і анфіладную сувязь памяшканняў мелі і іншыя мураваныя карпусы палацава-замкавага комплексу. На сённяшні дзень страчаны многія элементы дэкору будынкаў, завяршэнні вежаў, першапачатковая ўнутраная планіроўка.

Акрамя жылой рэзідэнцыі абарончыя прыстасаванні мелі таксама гарадскія брамы (аб іх архітэктуры звестак не захавалася) і мураваны будынак сінагогі, які размяшчаўся непадалёку ад Магілёўскай брамы.

Гісторыя правіць

 
Горад і замак, XVII ст.
 
План замка, 1707
 
План горада і замка, 1778—1780

Да 1590 замак меў драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. У 1590 замак вытрымаў напад «нізавых казакоў» данскога гетмана Мацюшы Федаровіча. Тады ж гаспадар горада гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на будаўніцтва новага замка. Узвядзенне яго закончылася ў 1619. Пры Л. Сапегу, да якога ў 1621 перайшоў Быхаў, узведзена бастыённая фартыфікацыя.

Новы замак правіць

Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77х100 м, з поўдня, захада і поўначы быў умацаваны глыбокімі і шырокімі (да 22—27 м) равамі, а па краях пляцоўкі — земляным валам з бастыёнамі. Па перыметры дзядзінца размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у т. л. комплекс мураванага палаца-замкавага ансамбля. «Прыступны» заходні бок абароны замка з уязной брамай быў дадаткова ўмацаваны васьміграннымі 2-яруснымі цаглянымі вежамі, якія мелі па 7—8 байніц і фланкіравалі подступы да брамы. Брама была таксама мураваная, 2-ярусная са скляпеністым перакрыццем, з купалам — «галкай» і ветранікам з гербам Сапегаў. Двухстворкавыя палотнішчы варот былі дадаткова ўмацаваны кратай — герсай і спецыяльнай сістэмай жалезных запораў. Да брамы вёў драўляны мост, пасярэдзіне якога стаялі дадатковыя «краты з дрэва сталярскай работы».

Людвісарня правіць

На патрэбу абароны ў XVI — XVIII стагоддзях працавала адмысловая людвісарня, дзе высокакваліфікаваныя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і гранаты. Зброя і металічныя даспехі, вырабленыя быхаўскімі замкавымі збройнікамі, карысталіся вялікім попытам на Беларусі і за яе межамі.

Аблогі правіць

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай правіць

Замак перажыў шмат аблог і штурмаў. У 1648 атрад украінскіх казакоў на чале з Ф. Гаркушам не здолеў яго ўзяць. На пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Быхаў выстаяў у час 11-месячнай аблогі ўкраінскіх казакоў на чале з I. Н. Залатарэнкам і 11 палкоў маскоўскага войска ваяводы А. М. Трубяцкога. Але ў пачатку 1657 пасля 18-месячнай аблогі маскоўскія войскі сумесна з украінскімі казакамі захапілі Быхаў. У 2-й палове 1658 Іван Нячай перайшоў на бок караля Рэчы Паспалітай. Карнае войска маскоўскіх ваяводаў Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало аблогу, якая працягвалася да 4 снежня і закончылася начным штурмам Быхава. Карнікі, які захапілі замак, у 1660 самі апынуліся ў аблозе і ў снежні 1661 здаліся 7-тысячнаму войску Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім.

Паўночная вайна правіць

Падчас Паўночнай вайны 1700—21 уладальнік Быхава Казімір Ян Сапега падтрымліваў шведскага караля Карла XII, а ў перыяд двоеўладдзя — Станіслава Ляшчынскага, быхаўскі гарнізон рабіў напады на войскі Пятра І і караля Аўгуста II. Хутка замак быў абкружаны, і генерал артылерыі ВКЛ Крыштаф Сяніцкі дамогся яго здачы. Неўзабаве і Сяніцкі перайшоў на бок Швецыі. Пётр тэрмінова накіраваў да замка некалькі рускіх палкоў. Пасля аблогі і бамбардзіроўкі гарнізон быхаўскага замка здаўся.

Наш час правіць

Рэстаўрацыя правіць

На дадзены момант абвешчана пра пачатак рэстаўрацыі замка. Прыблізны каштарыс рэстаўрацыі замка ацэньваецца ў Br100 млрд (каля 12 млн долараў)[1]. Да 1 верасня 2013 года, калі ў Быхаве пройдзе Дзень беларускага пісьменства, плануецца частковае аднаўленне замка. На 2013 год для аднаўлення вежаў, добраўпарадкавання тэрыторыі і кансервацыі фрагментаў замка дзяржавай выдаткавана каля Br.7 млрд. Фінансаванне паступае з рэспубліканскага (900 млн.), абласнога (5 млрд.) і мясцовага (1 млрд.) бюджэтаў[2].

Таксама адкрыты дабрачынны рахунак для ахвяраванняў грамадзян. На пачатак сакавіка 2013 года было сабрана Br.60 млн[3].

У замку вядуцца археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка.

Як мяркуецца, у адноўленым замку размесціцца экспазіцыя мясцовага краязнаўчага музея, раённая бібліятэка і выставачныя залы, а ў двары горада-крэпасці будзе працаваць канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам[4].

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года №437 Быхаўскі замак быў уключаны ў лік 27 аб'ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[5].

Гл. таксама правіць

 
Сучасны стан, 2012

Зноскі

  1. Быхаўскі замак разбураецца: няма грошай.
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018. Праверана 14 красавіка 2013.
  3. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018. Праверана 14 красавіка 2013.
  4. Сяргей Кулягін. На восстановление Быховского замка в 2013 года будет выделено Вr1,5 млрд. (руск.).
  5. Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць