Быценскі манастыр

Быценскі Успенскі манастыр — манастырскі комплекс ордэна базыльян у Быцені (Івацэвіцкі раён), адзін з багацейшых уніяцкіх манастыроў на тэрыторыі Беларусі. Ад ансамбля захавалася толькі малая Спаса-Праабражэнская царква.

Цэрквы Св. Іасафата і Успення, 1862

Гісторыя правіць

У 1607 г. маршалак слонімскі Рыгор Трызна разам з жонкай Рэгінай з Сапегаў падараваў базыльянам маёнтак Дзяткавічы і заснаваў манастыр. Першапачаткова манастыр планавалі зрабіць жаночым, бо фундаваўся для дачкі Рыгора Трызны — Еўфрасінні, аднак яна прыняла пострыг у Віленскім базыльянскім манастыры, таму Быценскі манастыр стаў мужчынскім. Адным з першых настаяцеляў у 1613 г. быў ужо досыць знакаміты на той час манах і прапаведнік Іасафат Кунцэвіч. У 1615 г. пры Успенскім манастыры з дазволу і дабраслаўлення Папы Рымскага быў адкрыты навіцыят, з якога ў будучым выйшлі вядомыя дзеячы ўніяцкай царквы[1].

Сын Рыгора Трызны, падскарбі вялікі літоўскі Мікалай Трызна, у 1626 і 1640 гг. таксама ахвяраваў сродкі на будаўніцтва манастыра і царквы. Паводле фундацыі 1626 года пры манастыры быў заснаваны шпіталь на 10 месцаў.

У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары падчас паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся ўніяты з Украіны і іншых месцаў.

Каля 1654 г. была пабудавана невялікая зімняя Спаса-Праабражэнская царква, якая ацяплялася і непасрэдна злучалася з жылымі памяшканнямі манастыра. У часы вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў ва Успенскім манастыры хаваліся прадстаўнікі ордэна з Вільні, Полацка, Віцебска, Мінска, а таксама тут захоўваўся абраз Божай Маці Жыровіцкай[1].

 
План манастыра

З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля манастыра з 1640 г.

Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм асвечаны ў гонар уніяцкага архіепіскапа свяшчэннамучаніка Іасафата Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.

 
Агароджа
 
Званіца

Спадчыннік згаслага ўніяцкага роду Трызнаў падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз у 1775 г. адабраў быценскі манастыр у базыльян і перадаў католікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар Святой Тройцы. Па загаду А.Тызенгаўза каля 1775 г. таксама ўзводзіцца званіца і брама ў стылі віленскага барока.

З уваходжаннем Быценя ў склад Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай становішча манастыра яшчэ больш ускладнілася[1].

На 1839 г., калі адбылася ліквідацыя уніі, у манастыры было 25 манахаў і 8 паслушнікаў. Сюды, у Быценскі манастыр расійскія ўлады інтэрніравалі непакорных уніяцкіх святароў[1]. Сам кляштар быў перададзены праваслаўным. Пры гэтым на польскай мове быў складзены інвентар манастыра, які належаў епархіі Літоўскай, павета Слонімскага, губерніі Гродзенскай ад 6 ліпеня 1839 г. з апісаннем царквы, кляштарных і фальваркавых будынкаў, вёскі і інш. З інвентара вядома, што саборная царква з трох бакоў была агароджана мурам з цэглы без тынку, а чацвёрты бок замыкаў кляштар.

У 1845 г. манастыр зачынілі, манастырскі сабор Св. Іасафата перарабілі пад прыходскую царкву Св. Пятра і Паўла, якая заставалася цэнтрам благачыння да 1915 г.[1]

У 1915 г. падчас ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг. Да 1929 года храм быў часткова адноўлены і дзейнічаў. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.

Архітэктура правіць

Царква Святога Іасафата правіць

 
Царква Святога Іасафата

Храм, пабудаваны як уніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю алтаром на поўнач. План царквы ў верхнім сячэнні ўяўляў выцягнуты па восі поўдзень — поўнач лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі і алтарнай часткай. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Алтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя апсіды крыху меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа была перакрыта васьмігранным шатром з апорным кальцом, што абапіралася на папружныя аркі цэнтральнага квадрата. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал і завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку накрывалі кроквенныя конусападобныя дахі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую кампазіцыю вянчаючых мас. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай квадратнага ў плане бабінца і вузкага дзвюхвежавага нартэкса, што і надавала плану выгляд лацінскага крыжа.

Свята-Успенская царква правіць

 
Свята-Успенская царква

Царква вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым дахам з васьмігранным купальным барабанам. Галоўны заходні фасад расчлянёны лапаткамі на тры праслы, бакавыя з іх крапаваны плоскімі прамавугольнымі нішамі, над галоўным уваходам арачны аконны праём. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках.

Кляштар правіць

Кляштар, паводле інвентара 1839 г., уяўляў двухпавярховы (са склепам) П-падобны ў плане будынак, які меў скляпеністыя перакрыцці і падвойныя вокны. Разам з келлямі ў ім размяшчаліся трапезная з кухняй, бібліятэка ў заходнім крыле. Акрамя гэтых трох памяшканняў з цаглянай падлогай, усе астатнія мелі драўляную падлогу. Ужо на той час бібліятэка пуставала. Кляштарны калідор злучаўся з сакрысціяй з правага боку прэсбітэрыя сабора, над якой знаходзілася скарбніца. З другога боку кляштар прылягаў да зімняй царквы.

Зноскі

  1. а б в г д Паўстанне 1863 года на Слонімшчыне(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 16 лістапада 2014.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць