Бітва пад Вальгафам

Бітва пад Вальгафам — эпізод польска-шведскай вайны 1600—1629 гадоў, у якім шведскае войска на чале з каралём Густавам Адольфам Вазаю ўпершыню ў сваёй гісторыі ў палявой бітве атрымала перамогу над літоўска-польскім войскам. Адбылася 7 студзеня (17 студзеня) 1626 каля Курляндскага замка Вальгаф (лат. Valles, пол. Walmojza, бел. Вальмойжа).

Удала выбраўшы час, Густаў Адольф, употай сабраў пад Какенгаўзенам пяцітысячнае адборнае войска з 3 тысяч пяхоты і 2 тысяч кавалерыі, перайшоў Дзвіну і на досвітку раптам атакаваў войска Льва Сапегі, якім камандаваў яго сын — маршалак літоўскі Ян Станіслаў Сапега. Войска Сапегі стаяла лагерам і налічвала каля 1500 гусар, казакоў і нямецкіх рэйтараў (паводле шведскіх дадзеных вынікае, што войска налічвала 700 гусар, 600 казакоў, 500 нямецкіх рэйтараў і драгунаў, 700 пяцігорцаў, 600 нямецкіх мушкецёраў, 300 літоўскіх гайдукоў. Хутчэй за ўсё, ўлічвалася колькасць раз’яднаных войскаў вялікага гетмана ліоўскага Льва Сапегі і польнага гетмана літоўскага Крыштафа Радзівіла).

Паводле шведскіх дадзеных, страты Сапегі склалі ад 700 да 1200 чалавек, яшчэ 200 трапілі ў палон, а шведы нібыта не страцілі забітымі ні салдата. Густаў Адольф захапіў вялізны абоз з правіянтам і дэблакаваў Біржы і Баўску. Ян Станіслаў Сапега атрымаў раненні.

У 35 км ад месца бітвы стаяла войска Крыштафа Радзівіла, прычыны неаказання дапамогі атрада Яна Станіслава Сапегі да канца невядомыя (існуюць версіі, што Радзівіл не паспеў аказаць дапамогу, па іншых версіях — не захацеў з-за варожасці з Сапегамі).