Бітва пад Палянамі

Бітва пад Палянамі адбылася 26 красавіка (7 мая) 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі.

Сілы бакоў правіць

Пасля бою пад Няменчынам расійскія атрады под камандаваннем палкоўніка Кірэева (150 данскіх казакоў) і падпалкоўніка Левіца (чатыры роты Нарвенскага і дзве роты Пскоўскага палкоў колькасцю 1 170 чалавек), якія былі рэшткамі расійскага гарнізона Вільні, адступілі на Міхалішкі. У мястэчку яны злучыліся з пяхотным палком М. І. Дзеева і батальёнам Эстляндскага егерскага корпуса на чале з падпалкоўнікам Шылінгам, які прыбыў з Пастаў. Палкоўнік Міхал Дзееў прыняў на сябе камандаванне аб’яднаным войскам (каля 3 300 чал.) і рушыў у бок Ашмян.

Віленскі камендант палкоўнік Якуб Ясінскі, жадаючы ліквідаваць пагрозу Вільні з боку расійскага войска, 5 мая вырушыў з Вільні дзвюма шчыльнымі калонамі cупраць палкоўніка М. Дзеева. Войска канфедэратаў складалася з 1-га, 3-га, 4-га і 7-га пяхотных палкоў, 1-й і 3-й конных брыгад, 1-га палка стражы татарскай Кіркора пад камандаваннем падпалкоўніка Бараноўскага. Да войска далучылася 5 тысяч мясцовых шляхціцаў і касінераў.

Ход бітвы правіць

26 красавіка (7 мая) 1794 году ў 11 гадзін раніцы адбылася бітва пад Палянамі (7 км на поўнач ад Ашмян). Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і рушылі ў атаку. Пры набліжэнні на гарматны стрэл паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артыллерыйскі абстрэл. Палкоўнік М. І. Дзееў здолеў адбіць атакі і рушыў у штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расійскія войскі наступалі больш за дзесяць вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў. Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.

Вынікі правіць

У паўстанцаў палкоўнік М. Дзееў захапіў 3 вялікія і 3 малыя гарматы. Падчас бойкі паўстанцы страцілі каля 500 жаўнераў; 34 канфедэраты былі захоплены ў палон, у тым ліку адзін афіцэр. Расійскія страты — 173 жаўнеры і адзін праваслаўны святар.

2 (15) мая 1794 года М. Дзееў адправіў рапарт Л. Бенігсену аб бітве пад Палянамі. Па сведчанню М. Дзеева, «…вайскоўцы былі так раззлаваны, што не давалі пардону» (г.зн. не бралі ў палон).

Памяць правіць

У часы міжваеннай Польскай Рэспублікі ў Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.

Літаратура правіць

  • Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов). М.: Книжный дом «ЧеРо», 2000. — 176 с., ил.
  • Grabski А. Jan Wimmer i inni, Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1966.
  • Kukiel М. Zarys historii wojskowości w Polsce. — London: Puls, 1993. ISBN 0-907587-99-2.
  • Zahorski А. Wypisy źródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Polska sztuka wojenna w okresie powstania kościuszkowskiego. Zeszyt dziesiąty. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1960.