Ва́гі (ад ням.: Waage) — прылада для ўзважвання прадметаў, рэчываў або вызначэння масы цела. Вагі з місамі на каромысле называюцца шалямі, прылады для ручнога ўзважвання — кантар або бязмен.

Гандлёвыя вагі маркі Bizerba

Найстарэйшыя вагі, датаваныя V тысячагоддзем да нашай эры, знойдзеныя ў Месапатаміі[1].

Віды правіць

 
Трактар на вагавым памосце
  • Вагонныя вагі — для ўзважвання чыгуначных вагонаў рознай даўжыні і грузападымальнасці; найчасцей выкарыстоўваюцца здвоеныя вагі, якія складаюцца з двух усталяваных поруч вагаў, падплятформныя пад’ёмныя механізмы якіх далучаныя да аднаго агульнага каромысла.
  • Аўтамабільныя вагі — для ўзважвання грузавых аўтамабіляў; усталёўваюцца стацыянарна, асноўны пад’ёмны механізм іх мантуецца на моцным падмурку, памеры платформы разлічаныя на параметры грузавых аўтамабіляў.
  • Ваганеткавыя вагі — для ўзважвання ваганетак. Паводле канструкцыі і ўстаноўкі маюць падабенства з аўтамабільнымі вагамі, адрозніваюцца тым, што маюць на платформе прымацаваныя кавалкі рэек і ўсталёўваюцца на рэйкавай каляіне.
  • Канвеерныя вагі — для ўзважвання груза, які рухаецца па канвееры.
  • Лабараторныя вагі — выкарыстоўваюцца для хімічных і іншых аналізаў рэчываў (вызначэння вільготнасці, складу тых ці іншых кампанентаў і да т. п.).
  • Гандлёвыя вагі — выкарыстоўваюцца для вызначэння вартасці ўзважанага тавару ў гандлёвых кропках.
  • Таварныя вагі — нападлогавыя вагі, якія выкарыстоўваюцца на прамысловых прадпрыемствах, складах, гуртовых базах, у крамах.

Класіфікацыя правіць

 
Электронныя вагі для ўзважвання золата

Паводле прынцыпу вымярэння масы правіць

  • Рычажныя — прынцып дзеяння заснаваны на ўраўнаважванні масы груза з дапамогаю рычагу або сістэмы рычагоў
  • Электронныя — працуюць на аснове ператварэння механічнага дзеяння масы груза ў прапарцыйны ёй электрычны сігнал, які выражаецца лічбавым індэксам значэння вымеранай масы

Паводле спосабу ўсталявання правіць

  • Настольныя — усталёўваюцца на ятку ці стале
  • Падвесныя — выкарыстоўваюцца на працоўных месцах, дзе іншыя вагі прымяніць складана
  • Перасоўныя (платформавыя) — усталёўваюцца, як правіла, на падлозе ў месцах прыёмкі тавару
  • Стацыянарныя — усталёўваюцца на пастаянным месцы ў спецыяльным паглыбленні. Платформа ваг павінна знаходзіцца на роўнай пляцоўцы, што палягчае працэс узважвання

Паводле вымяральнага механізму правіць

 
Шкальныя вагі для вымярэння масы чалавека
  • Гірныя — маса тавару вызначаецца шляхам падліку масы гір
  • Шкальныя — маса тавару вызначаецца па шкале каромысла ў месцы размяшчэння перасоўных гір, якія ўраўнаважваюць груз
  • Шкальна-гірныя — маса тавару вызначаецца па значэнні гір, размешчаных на гіратрымальніку, і шкале каромысла, па якой перамяшчаецца для ўраўнаважвання груза перасоўная гіра
  • Цыферблатныя — маса груза вызначаецца з дапамогай стрэлкі на шкале цыферблату
  • Цыферблатна-гірныя — маса тавару разлічваецца па суме масы гір на таварнай пляцоўцы і паказанняў шкалы цыферблату
  • Лічбавыя электронныя — значэнне масы здымаецца з экрану, дзе фіксуецца лічбай індэкс масы, цана тавару за 1 кг і кошт тавару
  • Гідрастатычныя — даюць мажлівасць выконваць узважванне ўзору пароды ў вадкасці (вадзе, этылавым спірце).

Паводле спосабу дасягнення раўнавагі правіць

  • З аўтаматычным ураўнаважваннем
  • З паўаўтаматычным ураўнаважваннем
  • З неаўтаматычным ураўнаважваннем

Паводле віду адліковай прылады правіць

  • З аналагавай адліковай прыладай
  • З дыскрэтнай адліковай прыладай

Сімвалізм правіць

Рэлігійны правіць

Вагі выкарыстоўваюцца ў некаторых пантэістычных і монатэістычных рэлігіях. У Феміды, Юстыцыі або Астрэі яна сімвалізуюць правасуддзе. Падобнае значэнне маюць вагі ў бога Кайраса — «удача прыходзіць тым, хто яе заслужыў».

Іншы варыянт сімвалізму вагаў — пасмяротная ацэнка жыцця чалавека. Так, на судзе Асірыса вага людскога сэрца параўноўваецца з вагай пярынкі Маат. Схожым чынам узважвае душу чалавека па смерці Рашну ў зараастрызме, арханёл Міхаіл у хрысціянстве[2]. У ісламе ў дзень усеагульнага ўваскрасення ўсе ўчынкі людзей будуць узважаныя, і па выніках узважвання ўваскрэслыя трапяць у рай або пекла[3].

Астралагічны правіць

Шалі — адзін са знакаў задыяку, адпавядае перыяду з 23 верасня да 23 кастрычніка. Пазначаецца сімвалам ♎.

Зноскі

  1. Сергей Иванов.. История весов (руск.). История.Ру. Праверана 7 лістапада 2018.
  2. Архангел Михаил взвешивает душу (руск.). Гварьенто. Артотека. Праверана 7 лістапада 2018.
  3. Мухаммад Магомедов.. Описание Весов и взвешивание людских деяний (руск.). Islam.ru (5 красавіка 2013). Праверана 7 лістапада 2018.

Спасылкі правіць