Ваенна-прамысловыя камітэты

Ваенна-прамысловыя камітэты — грамадскія арганізацыі ў Расійскай імперыі ў Першую сусвеную вайну.

Гісторыя правіць

Створаны паводле рашэння 9-га Усерасійскага з’езда прадстаўнікоў гандлю і прамысловасці (май 1915 г.) з мэтай мабілізацыі прамысловасці і транспарту на патрэбы вайны, атрымання ад царскага ўрада выгадных ваенных заказаў і палітычных уступак, а таксама расколу рэвалюцыйнага руху і падпарадкавання рабочага класа ўплыву буржуазіі. Да пачатку 1916 г. былі створаны Цэнтральны ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У сярэдзіне 1915 г. ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19 ліпеня 1915 г. у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясцовых камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК) створаны Паўночна-Заходні абласны ВПК. У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арганізацыі, якія працавалі на патрэбы Заходняга і часткова Паўночна-3аходняга франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясцовымі ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Усерасійскі з’езд ВПК (2527 ліпеня 1915 г., Петраград) абмеркаваў пытанні забеспячэння арміі, работы прамысловасці і запатрабаваў ад царызму згадзіцца на фарміраванне ўрада, які карыстаўся б даверам Дзяржаўнай думы. З’езд выказаўся за стварэнне пры ВПК прадстаўніцтва ад рабочых, пры дапамозе якога буржуазія спадзявалася дабіцца павышэння прадукцыйнасці працы, паралізаваць стачачны рух і забяспечыць грамадзянскі мір. Меншавікі, бундаўцы, эсэры падтрымалі стварэнне рабочых груп, якія, на іх думку, маглі абараніць пралетарыят ад жорсткай эксплуатацыі капіталістаў і спрыяць росту яго ўплыву на іншыя слаі грамадства. Бальшавікі выступалі супраць удзелу рабочых у ВПК, аднак лічылі магчымым выкарыстаць выбары на першай стадыі ў агітацыйных і арганізацыйных мэтах. У сувязі з акупацыяй германскімі войскамі заходняй часткі Беларусі (восень 1915 г.), эвакуацыяй з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў шэрага прамысловых прадпрыемстваў і няўстойлівым становішчам на фронце ВПК не змаглі разгарнуць у краі прыкметнай дзейнасці. Паўночна-3аходні ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916 г. За гэты час ён садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытворчасць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. Звесткі пра выбары ў прыфрантавой паласе беларускіх губерняў рабочых груп не выяўлена.

Па рашэнні бальшавіцкага кіраўніцтва 26 кастрычніка 1917 г. усе члены рабочай групы Цэнтральнага ВПК былі арыштаваныя. Пасля IV-га з'ездуа ВПК (1729 сакавіка 1918 г.) іх прадпрыемствы і частка апарата пераўтвораны ў Народна-прамысловыя камітэты, якія былі канчаткова скасаваныя ў кастрычніку 1918 г.

Дзейнасць правіць

Асноўнай задачай ваенна-прамысловых камітэтаў стала цэнтралізаванае атрыманне урадавых заказаў на пастаўку ваеннага рыштунку і размяшчэнне іх на прамысловых прадпрыемствах. ВПК сталі пасярэднікам паміж дзяржавай і прыватнай прамысловасцю. Урадам ВПК было прадастаўлена адлічэнне ў 1% ад усіх казённых заказаў, размешчаных пры ўдзеле ваенна-прамысловых камітэтаў, што склала значныя сумы. ВПК таксама ўдзельнічалі ва ўладжванні канфліктаў паміж працоўнымі і прадпрымальнікамі (прымірэнчыя камеры).

У ваенна-прамысловыя камітэты ўваходзілі прамыслоўцы, банкаўскія дзеячы, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі. Невялікі першапачатковы капітал ў 160 000 рублёў ВПК атрымалі як ўзнос ад савета з'ездаў прадстаўнікоў прамысловасці і гандлю. З казны ваенна-прамысловым-камітэтам было асігнавана 300 000 рублёў.

Літаратура правіць

  • Саладкоў, Ц. Е. Ваенна-прамысловыя камітэты / Ц. Е. Саладкоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 181.
  • Личный состав военно-промышленных комитетов: [По сведениям, полученным Центральным военно-промышленном комитетом по 24 октября вкл.] / Центральный Военно-промышленный комитет. — Петроград: тип. П.П. Гершунина, 1915. — 229 с.
  • Сергеева, С. Л. Военно-промышленные комитеты в годы первой мировой войны / С. Л. Сергеева; Московский государственный автомобильно-дорожный институт (технологический университет), Институт гуманитарных исследований; Под ред. Г. Г. Касарова. — М., 1996. — 141 с.