Вайна пунсовай і белай ружы

Вайна пунсовай и белай ружы серыя дынастычных грамадзянскіх войн за сталец Англіі, якая вялася паміж галінамі каралеўскага дома Плантагенетаў: дамамі Ланкастэр і Ёрк. Яны вяліся некалькімі эпізодамі паміж 1455 і 1485 г. Канчатковую перамогу атрымаў дом Ланкастэраў на чале з Генрыхам Цюдарам, пасля чаго дынастыя апошняга кіравала ў Англіі і Уэльсе 117 гадоў.

Выява сцэны з драмы Шэкспіра Кароль Генрых VI, дзе фракцыі абіраюць пунсовыя або белыя ружы

Прычынай вайны стала незадаволенасць значнай часткі англійскага грамадства няўдачамі ў Стагадовай вайне і палітыкай, якая праводзілася жонкай караля Генрыха VI каралевай Маргарытай і яе фаварытамі (сам кароль быў слабавольным чалавекам). Апазіцыю ўзначаліў герцаг Рычард Ёркскі, які патрабаваў для сябе спачатку рэгенцтвы над недзеяздольным каралём, а пазней — і англійскую карону. Падставай для гэтай прэтэнзіі служыла тое, што Генрых VI быў праўнукам Джона Гонта — трэцяга сына караля Эдуарда III, а Ёрк — праўнукам Лаянела — другога сына гэтага караля (па жаночай лініі, па мужчынскай лініі ён быў унукам Эдмунда — чацвёртага сына Эдуарда III), да таго ж, дзед Генрыха VI Генрых IV захапіў пасад у 1399 г., гвалтоўна прымусіўшы караля Рычарда II да адрачэння, што рабіла сумніўнай легітымнасць усёй дынастыі Ланкастэраў.

Гаручым элементам выступалі шматлікія прафесійныя салдаты, якія пасля паражэння ў вайне з Францыяй знаходзячыся ў вялікіх колькасцях у межах Англіі, уяўлялі сур'ёзную небяспеку для каралеўскай улады. Вайна была для гэтых людзей звыклым рамяством, таму яны ахвотна наймаліся на службу да буйных англійскіх баронаў, якія значна папоўнілі за іх рахунак свае войскі. Такім чынам, аўтарытэт і ўлада караля былі значна падарваны ўзрослай ваеннай моцай вяльможаў.

Сімвалы правіць

 
Ланкастэры
 
Ёркі

Назва «вайна Руж» не выкарыстоўвалася на працягу вайны. Ружы былі адметнымі значкамі дзвюх варагуючых партый. Хто менавіта іх спажыў упершыню, у дакладнасці невядома. Калі Белая ружа, сімвалізуючая Багародзіцу, выкарыстоўвалася як адметны знак яшчэ першым герцагам Ёркскім Эдмундам Лэнглі ў XIV стагоддзі, то пра ўжыванне Пунсовай ланкастэрцамі да пачатку вайны нічога не вядома. Магчыма, яна была вынайдзена па кантрасце з эмблемай ворага. Тэрмін увайшоў у выкарыстанне ў XIX стагоддзі, пасля публікацыі аповесці «Ганна Гейерштэйнская» сэрам Вальтэрам Скотам. Скот абраў назву на аснове выдуманай сцэны ў I часці п'есы Вільяма Шэкспіра «Генрых VI», дзе супрацьстаялыя бакі выбіраюць ружы рознага колеру.

Хоць ружы выкарыстоўваліся як сімвалы на працягу вайны, большасць удзельнікаў выкарыстоўвалі сімвалы, звязаныя з іх феадальнымі лордамі або абаронцамі. Напрыклад, сілы Генрыха ў Басуорце змагаліся пад сцягам чырвонага цмока, у той час як войска Ёркаў выкарыстоўвала асабісты знак Рычарда III — белага парсюка. Сведчанне важнасці знакаў руж павялічылася, калі кароль Генрых VII у канцы вайны аб'яднаў чырвоныя і белыя ружы фракцый у адзіную чырвона-белую Ружу Цюдараў.

Хроніка вайны правіць

 
Бітва пры Барнэце

Супрацьстаянне перайшло ў стадыю адкрытай вайны ў 1455, калі ў Першай бітве пры Сент-Олбансе перамогу святкавалі Ёркі, неўзабаве пасля чаго англійскі Парламент абвясціў Рычарда Ёрка пратэктарам каралеўства і спадчыннікам Генрыха VI. Аднак, у 1460 у бітве пры Уэйкфілдзе, Рычард Ёрк загінуў. Партыю Белай ружы ўзначаліў яго сын Эдуард, у 1461 каранаваны ў Лондане як Эдуард IV. У тым жа годзе Ёркамі былі здабыты перамогі пад Мортымер-Крос і пры Таўтоне. У выніку асноўныя сілы ланкастэрцаў былі пабіты, а кароль Генрых VI і каралева Маргарыта беглі з краіны.

Актыўныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 1470, калі перайшоўшы на бок Ланкастэраў граф Уорык і герцаг Кларэнс (малодшы брат Эдуарда IV) вярнулі на пасад Генрыха VI. Эдуард IV з іншым сваім братам герцагам Глосцерам беглі ў Бургундыю, адкуль вярнуліся ў 1471. Герцаг Кларэнс ізноў перакінуўся на бок брата — і Ёркі атрымалі перамогі пры Барнэце і Цьюксберы. У першай з гэтых бітваў быў забіты граф Уорык, у другой загінуў прынц Эдуард — адзіны сын Генрыха VI, — што стала канцом ланкастарскай дынастыі.

Эдуард IV — першы кароль з дынастыі Ёркаў — мірна валадарыў аж да сваёй смерці, якая прыйшла нечакана для ўсіх у 1483, калі каралём на кароткі час стаў яго сын Эдуард V. Аднак, каралеўская рада абвясціла яго байструком, і брат Эдуарда IV Рычард Глостэр быў каранаваны ў тым жа годзе як Рычард III. Яго кароткае і драматычнае кіраванне было напоўнена барацьбой з відавочнай і ўтоенай апазіцыяй. У гэтай барацьбе каралю спачатку спрыяў поспех, але колькасць супернікаў толькі ўзрастала. У 1485 сілы ланкастэраў (галоўным чынам — французскіх наймітаў) на чале з Генрыхам Цюдарам (прапраўнукам Джона Гонты па жаночай лініі) высадзіліся ва Уэльсе. У адбытай пры Босварце бітве Рычард III быў забіты, і карона перайшла да Генрыха Цюдара, які каранаваўся як Генрых VII — заснавальнік дынастыі Цюдараў. У 1487 граф Лінкольн (пляменнік Рычарда III) спрабаваў вярнуць карону Ёркам, але ў бітве пры Стоўк Філд быў забіты.

Вынікі правіць

Самым відавочным вынікам стаў крах дынастыі Плантагенетаў і яе замена новымі Цюдарамі, якія змянілі Англію за наступныя гады. У наступныя гады, рэшткі фракцый Плантагенетаў застаўшыся без прамога доступу да трона, разашліся на розныя пазіцыі, паколькі манархі бесперапынна сутыкалі іх адзін з адным.

Вайна Пунсовай і Белай ружы фактычна падвяла рысу пад англійскім Сярэднявеччам. Яна працягнула змены ў феадальным англійскім грамадстве, пачатае з'яўленнем Чорнай смерці, уключалыя паслабленне феадальнай улады дваранства і ўмацаванне пазіцый гандлёвага класа, а таксама ростам моцнай, цэнтралізаванай манархіі пад кіраўніцтвам дынастыі Цюдараў. Узыходжанне Цюдараў у 1485 годзе лічыцца пачаткам Новага Часу ў англійскай гісторыі.

Спасылкі правіць