Валадар Расціславіч

Валадар Расціславіч (да 1069 — 19 сакавіка 1124) — князь перамышльскі (1092—1124).

Валадар Расціславіч
Смерць 1124
Род Рурыкавічы
Бацька Расціслаў Уладзіміравіч
Дзеці Уладзімір Валадаравіч[d], Расціслаў Валадаравіч[d] і Ірына Валадараўна[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маладосць, атрыманне ўдзелу правіць

Сярэдні сын Расціслава Уладзіміравіча, пасля смерці бацькі, вядома, не магло і весціся пра перадачу Расціславічам Тмутаракані. Верагодна, дзеці Расціслава спачатку трапілі да двара вялікага князя Ізяслава Яраславіча, а затым маглі атрымаць воласці-кармленні. Магчыма, як і старэйшы брат Рурык, яшчэ ў 1070-я гады Валадар трымаў воласць на заходніх межах Русі, але пра гэта пэўна невядома.

Захоп Тмутаракані правіць

У 1081 годзе (18 мая) разам стрыечным дзядзькам Давыдам Ігаравічам, князем дарагабужскім, Валадар бяжыць ў Тмутаракань, дзе яны схапілі Рацібора, пасадніка Усевалада Яраславіча, і селі на стальцы. Не ясна, што прымусіла Давыда і Валадара бегчы на поўдзень са сваіх гарадоў. А. Рапаў мяркуе, што, магчыма, па смерці бацькі Расціславічы атрымалі на кармленне Перамышльскую воласць, але лічылі яе недастатковай і імкнуліся да пашырэння ўладанняў. Княжанне Давыда Ігаравіча і Валадара Расціславіча ў Тмутаракані трывала не доўга, у 1083 годзе іх сагнаў са стальца Алег Святаславіч, які вярнуўся з родаскай ссылкі. Давыд пасля гэтага захапіў Алешша, а Валадар, верагодна, мусіў вярнуцца ў сваю воласць.[1]

Захоп Уладзімір-Валынскага правіць

Пад 1084 годам у «Аповесці мінулых гадоў» запісана, што «выбеглі Расціславічы два ад Яраполка, і прыйшлі прагналі Яраполка» — сэнс не зусім зразумелы. На меркаванне А. Рапава, магчыма, воласці-кармленні Расціславічаў уваходзілі ў склад Уладзімір-Валынскага княства, якім валодаў Яраполк Ізяславіч, таму летапісец і ўжыў фармулёўку «выбеглі Расціславіча два ад Яраполка». Такім чынам, Валадар і Васілька Расціславічы ў 1084 годзе выгналі Яраполка з Уладзімір-Валынскага і занялі сталец. Аднак, вялікі князь Усевалад Яраславіч паслаў супраць Расціславічаў свайго сына Уладзіміра, які выгнаў іх з Уладзімір-Валынскага і вярнуў сталец Яраполку. У 1086 годзе ўжо Яраполк Ізяславіч пайшоў супраць Расціславічаў, але пад Звянігарадам быў забіты ўласным дружыннікам. Забойца — Нярадзец — збег да валадарова брата Рурыка ў Перамышль, таму супраць Расціславічаў узнікла падазрэнне. На меркаванне А. Рапава, магчыма, падазрэнне было слушным і Расціславічы разлічвалі па смерці Яраполка атрымаць Уладзімір-Валынскі.[2] Аднак, Уладзімір-Валынскі атрымаў іх колішні саюзнік Давыд Ігаравіч, што змяніла адносіны паміж імі.

Атрыманне Перамышля правіць

У «Аповесці мінулых гадоў» пад 1097 годам паведамляецца, што вялікі князь Усевалад Яраславіч даў Валадару Перамышльскую воласць. Гэта, аднак, адбылося ў 1092—1093 гадах, бо Усевалад бы вялікім князем з 1.1.1077 г. да 15.7.1077 г. і другі раз — з 3.10.1078 г. да 13.4.1093 г., а ў 1086 годзе ўладаром Перамышля называецца старэйшы брата Валадара — Рурык Расціславіч[3]. Такім чынам, Валадар атрымаў Перамышль па смерці брата і дакладна невядома якую воласць ён трымаў раней. Тым жа часам, у 1092—1093 гадах, атрымаў ад Усевалада Яраславіча ва ўдзел Церабоўль і малодшы брат Валадара — Васілька Расціславіч. У 1097 годзе Любецкі з’езд замацаваў за братамі гэтыя ўладанні. Такім чынам, Валадар на канец XI ст. валодаў усёй тэрыторыяй паміж вярхоўямі Сана і Заходняга Буга.[4]

Барацьба за ўдзел правіць

Асляпленне і палон Васількі правіць

Валадар не ўдзельнічаў у Любецкім з’ездзе, а яго брат Васілька, вяртаючыся са з’езду, загадам вялікага князя Святаполка Ізяславіча, па нагаворы Давыда Ігаравіча, быў схоплены ў Кіеве і наступным днём аслеплены, а затым зняволены Давыдам Ігаравічам ва Уладзіміры-Валынскім. Астатнія ўдзельнікі з’езду былі абураны злачынствам і пайшлі супраць Святаполка, але памірыліся з ім на ўмове, што пойдзе супраць Давыда Ігаравіча і прагоніць яго (напэўна, з Русі наогул), Святаполк аднак з паходам не спяшаўся. Тым часам, вясною 1098 года Давыд Ігаравіч пайшоў здабываць Церабоўль, удзел свайго вязня Васількі, Валадар выйшаў супраць і сустрэў Давыда каля Буска. Давыд пабаяўся біцца і зачыніўся ў горадзе, Валадар паслаў сказаць яму: «Чаму, зрабіўшы зло, не павінішся ў тым? Успомні, колькі ты ўжо зла нарабіў!», — Давыд стаў вінаваціць Святаполка: «Хіба я гэта зрабіў? Хіба ў маім гэта было горадзе? Я сам баяўся, што мяне схопяць і зробяць са мною тое самае; нехаця прыйшлося мне далучыцца да змовы і дзейнічаць заадно са Святаполкам», — Валадар адказаў на гэта: «Бог сведка таму, а цяпер адпусці брата майго і я з табой паміруся». Давыд ўзрадаваўся прапанове, выдаў Валадару яго брата і паміж імі быў заключаны мір. Такім чынам, Васілька вярнуўся ў Церабоўль, а Давыд ва Уладзімір-Валынскі.

Помста за Васільку правіць

Валадар і Васілька міру не трымалі, адразу пайшлі супраць Давыда Ігаравіча. Па дарозе узялі штурмам («кап’ём») Усевалаж, горад падпалілі, а жыхароў, якія выбягалі Васілька загадаў забіваць без літасці. Затым падышлі да Уладзімір-Валынскага, Давыд зачыніўся ў горадзе, а браты паслалі да ўладзімірлян сказаць: «Мы прыйшлі не на горад ваш і не на вас, а на ворагаў сваіх: на Турака, на Лазара і на Васіля, бо гэта яны падгаварылі Давыда і схілілі яго да злачынства». Гараджане сабралі веча і сказалі Давыду: «Выдай мужоў гэтых, не будзем біцца за іх, а за цябе біцца можам. Калі не аддасі іх, то адчынім брамы, а ты сам пра сябе падбай». Давыд Ігаравіч вымушаны быў выдаць сваіх баяр Васіля і Лазара, толькі Турака не мог выдаць, бо той збег у Кіеў. Па гэтым Валадар і Васілька заключылі новы мір з Давыдам, а на наступны дзень павесілі Васіля і Лазара, а сыны Васількі расстралялі іх целы.

Разгром Святаполка і венграў правіць

У 1099 годзе ўрэшце Святаполк Ізяславіч пайшоў абяцанай вайною, каб выгнаць Давыда Ігаравіча, а Расціславічам цалаваў крыж, што хоча з імі міру і любові. Пасля даволі працяглай барацьбы, толькі аблога Уладзімір-Валынскага трывала 7 тыдняў, Давыд Ігаравіч, паводле пагаднення са Святаполкам і цалавання крыжа (22.4.1099), выйшаў з Уладзімір-Валынскага ў Чэрвень, мусіць, гэты горад даў яму Святаполк ва ўдзел. Святаполк пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Мсціслава. Па гэтым Святаполк сабраўся ваяваць і з Расціславічамі, напэўна таму, што яны трымалі частку колішняй воласці яго бацькі і брата, таму паслаў іншага сына — Яраслава, па дапамогу да венгерскага караля Каламана. Агульная небяспека аб’яднала даўніх саюзнікаў, а нядаўніх ворагаў — Расціславічаў і Давыда Ігаравіча — Давыд, пакінуўшы сваёй жонку ў Валадара, адправіўся шукаць дапамогі ў полаўцаў.

Пайшоў Святаполк на Валадара і Васілька, даведаўшыся пра гэта, яны ўзялі крыж, які Святаполк цалаваў ім на мір і любоў, і выйшлі супраць. Сышліся Святаполк і Расціславічы ў лютым баі на Рожным полі, убачыўшы як Расціславічы адольваюць Святаполк уцёк ва Уладзімір-Валынскі, а адтуль у Кіеў, Расціславічы ж не гналіся[4]. Неўзабаве сын Святаполка — Яраслаў, прывёў венграў пад Перамышль. Валадар зачыніўся ў горадзе, а венгры сталі вакол, паабапал ракі Вагр. Тым часам, Давыд Ігаравіч, які сустрэў хана Баняка, прыйшоў з полаўцамі пад Перамышль супраць венграў. У жорсткім баі на Вагры полаўцы разграмілі венграў, ва ўцёках шмат іх патанула ў Вагры і Сане. Такім чынам, Валадар і Васілька адстаялі свае ўладанні — Перамышль і Церабоўль, а Давыд Ігаравіч на кароткі час вярнуў сабе Уладзімір-Валынскі.

Зацвярджэнне на ўдзеле правіць

У 1100 годзе старэйшыя князі двойчы збіраліся ва Увецічах, каб устанавіць мір, у выніку Давыд Ігаравіч быў асуджаны і атрымаў толькі Буск. Да Валадара старэйшыя князі паслалі, каб забраў сляпога Васілька да сябе ў Перамышль, а Церабоўль аддаў, або прыслаў Васільку да старэйшых князёў і яны будуць яго «карміць»[3]. Таксама ад Валадара патрабавалі вярнуць смердаў і халопаў, т. б. палон, які яны з братам узялі ў вайну. Валадар, аднак, не паслухаліся і невядома на якіх умовах быў устаноўлены мір, але і далей Валадар трымаў Перамышль адзін, а Васілька застаўся ў Церабоўлі[4].

Валадарства ў 1100-1120-я правіць

Войны і саюзы правіць

У 1104 годзе дачка Валадара — Ірына выйшла замуж (20 чэрвеня) за сына імператара Аляксея I Камніна — севастакратара Ісака. Гэта першы выпадак дынастычнай сувязі візантыйскіх імператараў з удзельнымі рускімі князямі, улічваючы строгую візантыйскую дынастычную практыку, ён заслугоўвае асаблівай увагі. Такім чынам, Валадар быў дзедам будучага імператара Андроніка Камніна.[5]

Працяглы час Валадар з Васількам трымаліся саюзу з Уладзімірам Усеваладавічам, саюз гэты, магчыма, меў месца яшчэ ў 1090-х і ўзмацніўся дзякуючы цвёрдай пазіцыі Уладзіміра на Любецкім і Увеціцкіх з’ездах на карысць Расціславічаў. Пагатоў, саюз гэты мусіў узмацніцца пасля 1113 года, калі Уладзімір заняў вялікакняскі сталец у Кіеве. У 1114 годзе Валадар выдаў (11 верасня) сваю дачку, імя якой не вядома, за сына Уладзіміра — Рамана. Летам 1117 года Валадар і Васілька прынялі ўдзел у паходзе вялікага князя на Уладзімір-Валынскі супраць Яраслава Святаполчыча. Яраслаў уцёк у Польшчу, а Уладзімір пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Рамана, а пасля яго смерці (1119) яшчэ аднаго — Андрэя.

Перамышльскае княства, як пішуць летапісы «горная краіна Перамышльская», межавала з Польшчай і канфлікты Валадара з палякамі былі справай звыклай. Пагаршалася гэта тым, што польскі князь (1102—1138) Баляслаў III Крывавусты быў зяцем вялікага князя кіеўскага (1093—1113) Святаполка Ізяславіча і князя ўладзімір-валынскага (1100—1118) Яраслава Святаполчыча. Апошнія былі сапернікамі, і нават ворагамі, Расціславічаў, а таксама іх саюзніка Уладзіміра Усевалдавіча. Пра войны Валадара з палякамі паведамляюць польскія сярэднявечныя крыніцы — Хроніка Вінцэнція Кадлубека, «Велікапольская хроніка» і пазнейшыя (XV ст.) Аналы Яна Длугоша — Валадар неаднакроць нападаў на Польшчу, таксама і палякі неаднакроць ваявалі яго Перамышльская княства.

Польскі палон Валадара правіць

Пасля 1118 года ў Перамышль перабег значны польскі арыстакрат Пётр Властовіч, ён заняў пры двары Валадара высокае месца і быў у блізкіх адносінах з князем, нават стаў хросным яго сына. У 1122 годзе Пётр Властовіч, відаць, вырашыў вярнуцца ў Польшчы і выдаў Валадара палякам. Крыніцы разыходзяцца ў тым, якім менавіта чынам Властовіч выдаў князя, адны пішуць, што схапіў на піру, другія, што на паляванні, трэція — пад час паходу на Польшчу навёў на засаду або здрадзіў у баі. У кожным разе, Валадар трапіў у палон да Баляслава Крывавустага ў Кракаў і некаторы час правёў у вязніцы. Брат Валадара — Васілька Расціслававіч пачаў перамовы і заплаціў за яго вялізны выкуп — паводле Я. Длугаша, 12 000 грыўняў срэбра — што прычынілася працягламу гаспадарчаму крызісу ў Перамышльскім і Церабоўльскім княствах. Выкуп выплочваўся часткамі і пакуль не быў выплачаны ў закданіках заставаўся адзін з сыноў Валадара, Я. Длугаш называе яго Яраславам. На меркаванне П. Стэфановіча, гэты Яраслаў — хрэснік Пятра Властовіча, т.б. нарадзіўся ў 1118—1122 гадах і з іншых крыніц не вядомы. Грыўняў (грашовых зліткаў) на выкуп не хапіла і частка сумы выплочвалася каштоўным посудам, вопраткай і інш. Валадар вярнуўся ў Перамышль, паводле Я. Длугаша, 22 ліпеня 1122 года.[6]

Апошнія гады правіць

Магчыма, адной з умоў выкупу Валадара была дапамога братоў Яраславу Святаполчычу, які хацеў вярнуць сабе Уладзімір-Валынскі адабраны Уладзімірам Усевалдавічам. Прынамсі, у 1123 годзе да Уладзімір-Валынскага, дзе сядзеў ужо Андрэй Уладзіміравіч, Яраслаў Святаполчыч падступіў з саюзным войскам з палякаў, венграў, чэхаў і дружын Валадара і Васількі. Аднак, Яраслаў загінуў пад горадам і саюз распаўся, кожны вяртаўся дадому. Тады Расціславічы паслалі з «маленнем» і дарамі да Уладзіміра Усевалдавіча, які ішоў ужо вайною, і ён дараваў ім.

Такім чынам, саюз з Баляславам быў разарваны і Валадар пачаў новую вайну з Польшчай, адправіў туды свайго сына Уладзімірку. Паводле польскіх крыніц, Уладзімірка «варожа лютаваў, спусташаў палі і паліў жытло, ажно да Беча, не сустрэў ніякага супраціву, і, захапіў і сагнаў як здабычу мноства быдла, вывеў яго на Русь». У адказ Баляслаў уварваўся ў Перамышльская княства і разбіў Валадара каля Віліхава (месца не ідэнтыфікавана).

Памёр Валадар 19 сакавіка 1125 г. (сакавіцкага году), князем перамышльскім.[4] Пахаваны ў царкве св. Іаана ў Перамышлі, якую сам і пабудаваў. Парэшткі Валадара чакаў прыкры лёс, праз 300 гадоў  — у 1412 годзе праз Перамышль праязджаў кароль польскі Уладзіслаў Ягайла, які загадаў выкінуць з грабніц парэшткі старых перамышльскіх князёў і епіскапаў, а кафедральны сабор св. Іаана перадаць каталікам[7].

Нашчадкі правіць

Валадар меў трох сыноў — Расціслава, Уладзімірку і Яраслава. Малодшы сын — Яраслаў, хрэснік Пятра Властовіча, відаць, памёр дзіцём. Паміж двума старэйшымі сынамі Валадар падзяліў сваё княства, Расціслаў атрымаў Перамышль, а Уладзімірка — Звянігарад.

Зноскі правіць

  1. Рапов О. Княжеские… С. 70.
  2. Рапов О. Княжеские… С. 70-71.
  3. а б Рапов О. Княжеские… С. 72.
  4. а б в г Рапов О. Княжеские… С. 71.
  5. Войтович Л. Галицкая земля…
  6. Стефанович П. С. Володарь…
  7. Грушэўскі М. … Паводле Длугаша.

Зноскі

Літаратура правіць

  • «Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв. / Перев. Л. М. Поповой. — М., 1987;
  • Войтович Л. Галицкая земля и Византия в XI—XIV вв. // Кондаковские чтения. — Т.3. — Белгород, 2010. — С. 255—280;
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.;
  • Стефанович П. С. Володарь Перемышльский в плену у поляков (1122 г.): источник, факт, легенда вымысел // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2006. № 3 (25). С. 56-74; № 4 (26). С. 78-89;
  • Щавелева Н. И. Древняя Русь в «Польской истории» Яна Длугоша (Книги I—VI): Текст, перевод, комментарий. — М., 2004;
  • Щавелева Н. И. Польские латиноязычные средневековые источники: Тексты, перевод, комментарий. — М., 1990.