Валгаградскі хуткасны трамвай

Валгаградскі хуткасны трамвай (руск.: Волгоградский скоростной трамвай) — трамвайная сістэма з элементамі метрапалітэна ў расійскім горадзе Валгаградзе[1], якая налічвае 22 станцыі, размешчаныя на адной лініі даўжынёй 17,3 км. З іх участак даўжынёй 7,1 кіламетра ў складзе шасці станцый («Плошча Леніна», «Камсамольская», «Піянерская», «Прафсаюзная», «ТЮГ» і «Ельшанка») пракладзены пад зямлёй паводле стандартаў метрапалітэна, пры гэтым станцыя «Піянерская», у сілу асаблівасцяў рэльефу мясцовасці, размешчаная на эстакадзе над поймай ракі Царыца. Наземны ўчастак перабудаваны са звычайнай трамвайнай лініі для забеспячэння вялікіх хуткасцяў руху і мінімізацыі перасячэнняў з іншымі відамі транспарту. Штогадовыя перавозкі складаюць каля 10 млн пасажыраў.

Валгаградскі хуткасны трамвай
Інфармацыя
Краіна Сцяг Расіі Расія
Горад Валгаград
Дата адкрыцця 5.11.1984
Даўжыня ліній 17,3 км
Колькасць станцый 22
Колькасць ліній 1 (2 маршруты)
Валгаградскі хуткасны трамвай на Вікісховішчы

Часопіс «Forbes» паставіў Валгаградскі хуткасны трамвай на 4 месца ў спісе 12 самых цікавых трамвайных маршрутаў свету дзякуючы таму, што тунэлі пад зямлей змяняюцца месцамі без непасрэднага перасячэння.

Гісторыя правіць

17 верасня 1971 года ў Краснаакцябрскім раёне было адкрыта новае трамвайнае дэпо для абслугоўвання дзеючага 8-га маршруту і новага 9-га маршруту, які звязаў раён трамвайнага дэпо з лініяй па праспекце Леніна і Трактарным заводам. Працэс рэканструкцыі лініі трамвая працягваўся да 1976 года.[2]

У 1976 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве падземнага ўчастка пад цэнтрам горада з трыма станцыямі. Паводле задумы праекціроўшчыкаў, трамвайныя цягнікі пры ўездзе ў цэнтр горада сыходзілі ў тунэль дробнага залажэння, праходзілі пад праспектам Леніна з трыма прыпынкамі на станцыях і пасля перасячэння яра ракі Царыцы разгортваліся на кальцы каля плошчы Чэкістаў. Такое рашэнне істотна памяншала час у шляху між цэнтрам горада і паўночнымі раёнамі, тым больш, што 8-ы маршрут трамвая непасрэдна па цэнтры не ішоў, сканчаючыся каля дома Паўлава, дзе была перасадка на іншыя маршруты па Савецкай вуліцы.

Падземны ўчастак быў пабудаваны за восем гадоў і адкрыўся 15 лістапада 1984 года. 8-ы маршрут трамвая быў перайменаваны ў «СТ1» і стаў хадзіць ад Трактарнага завода да плошчы Чэкістаў. На паўночным участку лініі да 1998 года захоўвалася праца 9-га маршруту.

Будаўніцтва падземнага ўчастка і рэканструкцыю ўжо існуючай наземнай лініі правялі падрадчыкі «Волгоградстрой», «Приволжтрансстрой» і «Харьковметрострой» паводле праекта, распрацаванага філіялам «Харьковметропроект» інстытута «Метрогипротранс». Эксплуатантам з'яўляецца МУП «Метроэлектротранс».

1 снежня 2011 года адкрыўся другі пускавы ўчастак лініі — ад «Піянерскай» да «Ельшанкі». З-за недастатковай колькасці трамваяў з двухбаковым размяшчэннем дзвярэй лінія хуткаснага трамвая падзеленая на два маршруты. Ад станцыі «Ельшанка» можна без перасадкі даехаць толькі да станцыі «Стадыен „Маналіт“», пры гэтым праца першага ўчастка СТ «ВГТЗ» — «Плошча Чэкістаў» захаваная ў звычайным рэжыме.

Інтэрвал руху складае каля 10 хвілін. Да сярэдзіны 2012 года планавалася закупіць яшчэ некалькі адзінак рухомага саставу, а інтэрвал руху трамваяў на гэтым участку павінен быў скласці 2-3 хвіліны, але гэтага не адбылося ў сувязі з практычным закрыццём завода-пастаўшчыка[3].

Перспектывы развіцця правіць

Губернатарам Сяргеем Бажэнавым было прынята рашэнне аб будаўніцтве трэцяй чаргі хуткаснага трамвая працягласцю 7 кіламетраў, якая падоўжыць лінію на поўдзень, злучыўшы мікрараён Тулака і Валгаградскі дзяржаўны ўніверсітэт. На яе праектаванне ў 2013 годзе абласны ўрад выдзеліў больш за 400 мільёнаў рублёў. Меркавалася, што ўся дакументацыя будзе гатовая вясной 2014 года, тады ж і пачнецца рэалізацыя новай чаргі. Будаўнічыя працы па пракладцы трэцяй чаргі метратрама скончацца к 2018 году[4].

Трэцяя чарга будзе разбітая на тры пускавыя комплексы-ўчасткі. Першы ўчастак ад станцыі Ельшанка праз «Навасібірскую» (раней «Раённая») і да «Аграрнага ўніверсітэта» (раней «СХІ»). Другі — гэта станцыі «Тармасінаўская» і «Панфілаўская», трэці ўчастак — праз станцыю «Купаросная бэлька» (раней «Мікрараён 231») да «Дзяржуніверсітэта».

Галерэя правіць

Зноскі

Спасылкі правіць