Варлам Ціханавіч Шаламаў

Варлам Ціханавіч Шаламаў (5 (18) чэрвеня 1907 — 17 студзеня 1982) — рускі празаік і паэт савецкага часу. Стваральнік аднаго з літаратурных цыклаў аб савецкіх лагерах.

Варлам Ціханавіч Шаламаў
руск.: Варлам Тихонович Шаламов
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 5 (18) чэрвеня 1907[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 17 студзеня 1982(1982-01-17)[2][3][…] (74 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Tikhon Shalamov[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, журналіст, празаік, аўтар
Жанр проза і паэзія
Мова твораў руская
Подпіс Выява аўтографа
shalamov.ru
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Сям’я, дзяцінства, юнацтва правіць

 
Дом, дзе нарадзіўся Шаламаў

Варлам Шаламаў нарадзіўся 5 чэрвеня (18 чэрвеня) 1907 у Волагдзе ў сям’і святара Ціхана Мікалаевіча Шаламава. Маці Варлама Шаламава, Надзея Аляксандраўна, была хатняй гаспадыняй. У 1914 годзе Варлам паступіў у гімназію, але завяршаў сярэднюю адукацыю ўжо пасля рэвалюцыі. У 1924 годзе, пасля заканчэння валагодскай школы 2-й ступені, прыехаў у Маскву, працаваў два гады дубільшчыкам на гарбарным заводзе ў Кунцаве. З 1926 па 1928 г. вучыўся на факультэце савецкага права МДУ, затым быў выключаны «за сокрытие социального происхождения» (паказаў, што бацька — інвалід, не ўказаўшы, што ён святар). У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці аб дзяцінстве і юнацтве «Четвёртая Вологда» Шаламаў распавёў, як складваліся ягоныя перакананні, як умацоўвалася ягоная прага справядлівасці і рашучасць змагацца за яе. Юнацкім яго ідэалам становяцца нарадавольцы — за ахвярнасць іх подзвігу, гераізм супраціву ўсёй моцы самадзяржаўя. Ужо ў дзяцінстве відавочная мастацкая адоранасць хлопчыка — ён жарсна чытае і «прайграе» для сябе ўсе кнігі — ад Дзюма да Канта.

Рэпрэсіі правіць

19 лютага 1929 года Шаламаў быў арыштаваны за ўдзел у падпольнай трацкісцкай групе і за распаўсюджванне дадатка да «Завещания Ленина». У пазасудовым парадку як «социально-опасный элемент» быў асуджаны на пяць гадоў лагераў. Адбываў пакаранне ў Вішарскім лагеры (Паўночны Урал). У 1932 годзе Шаламаў вярнуўся ў Маскву, працаваў у ведамасных часопісах, друкаваў артыкулы, нарысы, фельетоны. У студзені 1937 года Шаламава зноў арыштавалі за «контрреволюционную троцкистскую деятельность». Ён быў асуджаны на пяць гадоў лагераў і правёў гэты тэрмін на Калыме (СВИТЛ). Шаламаў прайшоў тайговыя «камандзіроўкі», працаваў на прыісках «Партизан», «Чёрное озеро», Аркагала, Джалгала, колькі разоў апынаўся на бальнічным ложку праз цяжкія ўмовы Калымы. Як пісаў Шаламаў пасля: «С первой тюремной минуты мне было ясно, что никаких ошибок в арестах нет, что идет планомерное истребление целой „социальной“ группы — всех, кто запомнил из русской истории последних лет не то, что в ней следовало запомнить…» 22 чэрвеня 1943 года яго паўторна асудзілі на дзесяць гадоў за антысавецкую агітацыю, якая заключалася — па словах самога пісьменніка — у тым, што ён назваў І. А. Буніна рускім класікам: «…я был осуждён в войну за заявление, что Бунин — русский классик».

У 1951 годзе Шаламаў быў вызвалены з лагера, але напачатку не мог вярнуцца ў Маскву. З 1946 года, скончыўшы васьмімесячныя фельчарскія курсы, стаў працаваць у Цэнтральнай бальніцы для зняволеных на левым беразе Калымы ў пасёлку Дзебін і на лясной «камандзіроўцы» лесарубаў да 1953 года. Прызначэннем на пасаду фельчара абавязаны ўрачу А. М. Панцюхову, які асабіста рэкамендаваў Шаламава на курсы фельчараў. Затым жыў у Калінінскай вобласці, працаваў у Рашэтнікаве. Вынікамі рэпрэсій сталі распад сям’і і падарванае здароўе. У 1956 годзе пасля рэабілітацыі вярнуўся ў Маскву.

Творчасць, удзел у культурным жыцці правіць

У 1932 годзе Шаламаў вярнуўся ў Маскву пасля першага тэрміну зняволення і пачаў друкавацца ў маскоўскіх выданнях як журналіст. Таксама ён апублікаваў некалькі апавяданняў. Адна з першых буйных публікацый — апавяданне «Три смерти доктора Аустино» — у часопісе «Октябрь» (1936).

У 1949 годзе на ключы Дусканья ён упершыню на Калыме, у зняволенні, пачаў запісваць свае вершы.

Пасля вызвалення ў 1951 годзе Шаламаў вярнуўся да літаратурнай дзейнасці. Аднак з Калымы ён з’ехаць не мог. Толькі ў лістападзе 1953 года быў атрыманы дазвол на выезд. Шаламаў прыязджае ў Маскву на два дні, сустракаецца з Пастарнакам, з жонкай і дачкой. Аднак жыць у буйных гарадах яму было нельга і ён з’ехаў у Калінінскую вобласць (пасёлак Туркмен, цяпер Клінскі раён Маскоўскай вобласці), дзе працаваў майстрам на торфараспрацоўках, агентам па забеспячэнні. І ўвесь гэты час ён апантана пісаў адзін з галоўных сваіх твораў — «Колымские рассказы». Пісьменнік ствараў «Колымские рассказы» з 1954 па 1973 год. Асобным выданнем яны выйшлі ў Лондане ў 1978 годзе. У СССР у асноўным апублікаваныя ў 1988—1990 гадах. Сам пісьменнік дзяліў свае апавяданні на шэсць цыклаў: «Колымские рассказы», «Левый берег», «Артист лопаты», «Очерки преступного мира», «Воскрешение лиственницы» і «Перчатка, или КР-2». Цалкам яны сабраны ў двухтомнік «Колымские рассказы» ў 1992 годзе ў серыі «Крестный путь России» выдавецтва «Советская Россия». Ён сустракаўся з Б. Л. Пастарнакам, які высока адгукаўся на вершы Шаламава. Пазней, пасля таго, як урад прымусіў Пастарнака адмовіцца прыняць Нобелеўскую прэмію, іхнія шляхі разышліся. Завяршыў зборнік вершаў «Колымские тетради» (1937—1956).

З 1956 года Шаламаў жыў у Маскве, спачатку на Гогалеўскім бульвары, з канца 1950-х — у адным з пісьменніцкіх драўляных дамоў-катэджаў на Харашоўскай шашы (д. 10), з 1972 года — на Васільеўскай вуліцы (д. 2, корпус 6). Друкаваўся ў часопісах «Юность», «Знамя», «Москва», меў добрыя зносіны з Н. Я. Мандэльштам, В. У. Івінскай, А. І. Салжаніцыным (зносіны з якім неўзабаве перайшлі ў форму палемікі); частым госцем быў у доме вядомага філолага В. М. Клюевай (вуліца Арбат, 35). І ў прозе, і ў вершах Шаламава (зборнік «Огниво», 1961, «Шелест листьев», 1964, «Дорога и судьба», 1967, ды інш.), якія выразілі цяжкі досвед сталінскіх лагераў, гучыць і тэма Масквы (зборнік вершаў «Московские облака», 1972). У 1960-х пазнаёміўся з расійскім паэтам А. А. Галічам, у 1968 годзе — з беларускім яўрэйскім паэтам Хаімам Мальцінскім, каля ста вершаў якога пераклаў з ідыша на рускую мову[4].

У 1973 годзе Шаламаў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. З 1973 і да 1979, калі Шаламаў пераехаў жыць у Дом інвалідаў і састарэлых, ён вёў рабочыя сшыткі, разбор ды публікацыю якіх працягвала ажно да сваёй смерці ў 2011 годзе І. П. Сіроцінская, якой В. Ц. Шаламаў перадаў правы на ўсе свае рукапісы і сачыненні.

Ліст у «Литературную газету» правіць

23 лютага 1972 года «Літаратурная газета» апублікавала ліст Шаламава, у якім, у прыватнасці, гаварылася, што «проблематика Колымских рассказов давно снята жизнью». Асноўны змест ліста — пратэст супраць публікацыі ягоных апавяданняў эмігранцкімі часопісамі «Посев» і «Новый журнал». Гэты ліст быў неадназначна ўспрыняты грамадскасцю. Многія лічылі, што ён напісаны пад ціскам КДБ, і Шаламаў страціў сяброў сярод былых лагернікаў. Удзельнік дысідэнцкага руху Пётр Якір выказаў у 24-м выпуску «Хроники текущих событий» «жалость в связи с обстоятельствами», што змусілі Шаламава падпісаць гэты ліст. Сучасныя даследчыкі адзначаюць, аднак, што з’яўленне гэтага ліста абумоўлена балючым працэсам разыходжання Шаламава з літаратурнымі коламі і пачуццём бяссілля праз немагчымасць зрабіць сваю галоўную працу даступнай шырокаму колу чытачоў на Радзіме[5][6].

Сям’я правіць

Варлам Шаламаў быў двойчы жанаты. Упершыню — на Галіне Ігнацьеўне Гудзь (1909—1956), якая ў 1935 годзе нарадзіла яму дачку Алену (Шаламава Алена Варламаўна, у замужжы — Янушэўская, пам. у 1990). Другім шлюбам (1956—1965) быў жанаты з Вольгай Сяргееўнай Няклюдавай (1909—1989), гэтаксама пісьменніцай, сын якой ад першага шлюбу (Сяргей Юр’евіч Няклюдаў) — вядомы рускі фалькларыст, доктар філалагічных навук.

Памяць правіць

  • Астэроід 3408 Шаламаў, адкрыты 17 жніўня 1977 года М. С. Чарных, быў названы ў гонар В. Ц. Шаламава.
  • На магіле Шаламава быў усталяваны помнік работы ягонага сябра Фядота Сучкова, які гэтаксама прайшоў праз сталінскія лагеры. У чэрвені 2000 года помнік Варламу Шаламаву быў зруйнаваны. Невядомыя адарвалі і аднеслі бронзавую галаву, пакінуўшы адзін гранітны пастамент. Гэтае злачынства не выклікала шырокага рэзанансу і не было раскрыта. Дзякуючы дапамозе металургаў АТ «Северсталь» (землякоў пісьменніка) у 2001 годзе помнік быў узноўлены.
  • З 1991 года дзейнічае экспазіцыя ў Волагдзе ў Шаламаўскім доме — у будынку, дзе нарадзіўся ды вырас Шаламаў і дзе зараз месціцца Валагодская карцінная галерэя. У Шаламаўскім доме штогод у дні народзінаў і смерці пісьменніка ладзяцца вечары памяці, а таксама прайшло не менш за 5 (1991, 1994, 1997, 2002 і 2007 гады) Міжнародных Шаламаўскіх чытанняў (канферэнцый).
  • У 1992 годзе быў адкрыты Літаратурна-краязнаўчы музей у сяле Тамтор (Рэспубліка Саха (Якуція)), дзе Шаламаў прабыў апошнія два гады (1952—1953) на Калыме.
  • Шаламаву прысвечана частка экспазіцыі Музея палітычных рэпрэсій у пасёлку Ягаднае Магаданскай вобласці, створанага ў 1994 годзе мясцовым краязнаўцам Іванам Панікаравым.
  • У 2005 годзе быў створаны пакой-музей В. Шаламава ў пасёлку Дзебін, дзе дзейнічала Цэнтральная бальніца зняволеных Дальстроя (Севвостлага) і дзе Шаламаў працаваў у 1946—1951 гг.
  • 21 ліпеня 2007 года мемарыял Варлама Шаламава быў адкрыты ў Краснавішарску — горадзе, што вырас на месцы Вішлага, дзе ён адбываў свой першы тэрмін.
  • 20 ліпеня 2012 года на будынку бальніцы п. Дзебін (былая Цэнтральная бальніца УСВИТЛ) на Калыме (Ягаднінскі раён Магаданскай вобласці) адкрыта мемарыяльная дошка.
  • Існуе адмысловы сайт на рускай мове, прысвечаны В. Ц. Шаламаву (shalamov.ru).

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. Varlam Shalamov // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. CHALAMOV VARLAM // Encyclopædia UniversalisEncyclopædia Britannica. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. https://belisrael.info/?p=11770
  5. https://shalamov.ru/memory/37/1.html#1972
  6. https://shalamov.ru/research/339/

Спасылкі правіць

  Вонкавыя відэафайлы
Выступ А. Захаравай
  на канферэнцыі «Судьба и творчество Варлама Шаламова в контексте мировой литературы и советской истории» 16 чэрвеня 2011 года.