Венера Урбінская

«Венера Урбінская» — адзін з самых вядомых твораў вялікага італьянскага мастака Тыцыяна.

Тыцыян
Венера Урбінская. 1538
Venere di Urbino
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 119 × 165 см
Уфіцы, Фларэнцыя
(інв. 1437[1])
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя стварэння правіць

Яна была напісана на замову герцага Урбінскага Гвідабальда II дэла Роверэ. Магчыма, прататыпам Венеры Урбінскай паслужыла юная нявеста Гвідабальда Джулія Варана. Па іншай версіі мадэллю для карціны паслужыла каханая Тыцыяна, якую ён адлюстраваў па меншай меры на трох палотнах. Выказвалася таксама меркаванне, што на карціне магла быць намаляваная маці Гвідабальда, Элеанора Ганзага, што грунтуецца на пэўным падабенстве паміж партрэтам Элеаноры працы Тыцыяна і «аголенай жанчынай», а акрамя таго на абодвух палотнах намаляваны адзін і той жа адпачываючы абаранкам сабачка.

 
Аньёла Бранзіна. Партрэт Гвідабальда дэла Роверэ. 1532. Палацца Піці. Фларэнцыя

9 сакавіка 1538 г. Гвідабальда адправіў у Венецыю да пасла свайго бацькі кур’ера з загадам прывезці 2 палатна, замоўленых ім у Тыцыяна. Кур’ер не павінен вяртацца без палотнаў, хоць бы яму і давялося чакаць два месяцы. Гаворка ішла аб партрэце самога Гвідабальда II дэла Роверэ і la donna nuda, аголенай жанчыны.

Апісанне правіць

На пярэднім плане карціны ў раскошных інтэр’ерах палаца ляжыць маладая голая жанчына, якую атаясняюць з багіняй Венерай. На ёй толькі некалькі упрыгожванняў — пярсцёнак, бранзалет і завушніцы. Адкрыты позірк жанчыны накіраваны акурат на гледача. У правай руцэ Венера трымае кветкі, яе левая рука прыкрывае ўлонне, утвараючы цэнтр кампазіцыі карціны. У ног Венеры спіць маленькі сабачка. На заднім плане карціны справа намаляваныя дзве служанкі, занятыя куфрам з нарадамі.

Ёсць дзве супярэчлівыя інтэрпрэтацыі тыцыянаўскай аголенай прыгажуні. Паводле адной карціна сімвалізуе повязі шлюбу. Куфар з уборамі на заднім плане пры гэтым разглядаецца як пасаг дзяўчыны. Іншыя даследчыкі лічаць, што «Венера Урбінская» — партрэт куртызанкі, якая фактычна прапануе сябе гледачу. Хутчэй за ўсё, Тыцыян хацеў расказаць ў сваёй карціне пра сексуальнасць ў шлюбе, злучыў хвалюючую эротыку з цнотамі шлюбу і найперш вернасцю, якую ўвасабляе намаляваны на карціне сабачка.

Ідэал жаночай прыгажосці правіць

У Тыцыяна жанчына трымае ў руцэ ружы, якія лічыліся сімвалам Венеры. Хто б ні была жанчына: Венера або donna nuda, яе цела адлюстроўвае ідэал прыгажосці і з’яўляецца эратычным сімвалам эпохі высокага Адраджэння. Высокі лоб, які лічыўся сімвалам прыгажосці ў Сярэднявеччы, дзеля якога жанчыны вышчыпвалі валасы на ілбе, больш не быў ідэалам. Цяпер валасы апраўляюць твар, змякчаючы яго рысы. Улюбёным колерам валасоў стаў не цёмны, як у большасці італьянак ад прыроды, а светлы. Амаль ва ўсіх міфалагічных фігур, намаляваных мастакамі італьянскага Рэнесансу, былі светлыя валасы. Грудзі лічыліся прыгожымі, калі яны былі маленькімі, круглымі і пругкімі.

Жывот жанчыны Тыцыян намаляваў крыху акругленым. На гатычных палотнах жываты ў жанчын малявалі як правіла больш выпуклымі. У эпоху Рэнесансу жывапісцы адмовіліся ад падобнай практыкі і шукалі больш натуральныя формы. Тым не менш жывот ўсё роўна лічыўся цэнтрам жаночага цела, знакам нараджэння і працягу роду.

Літаратура правіць

  • Rose-Marie Hagen, Rainer Hagen: Meisterwerke im Detail. Vom Teppich von Bayeux bis Diego Rivera, Band I. Taschen Verlag, Köln 2006. ISBN 3-8228-4787-9
  • Kaminski, Marion: Tiziano Vecellio, genannt Tizian. Könemann Verlag, Köln 1998. ISBN 3-8290-0699-3
  • Wieland Schmied (Hg.): Harenberg Museum der Malerei. 525 Meisterwerke aus sieben Jahrhunderten. Harenberg Lexikon Verlag, Dortmund 1999. ISBN 3-611-00814-1
  1. а б 1890 Florentine inventory — 1890. Праверана 17 кастрычніка 2023.