Вераценніца ломкая

адзіны від бязногіх яшчарак, распаўдсюжаных у Беларусі

Вераценніца ломкая (Anguis fragilis), мясцовыя назвы: мядзянка, слімень — паўзун сямейства вераценніцавых.

Вераценніца ломкая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Anguis fragilis L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  1146449
NCBI  102178
EOL  453239

Апісанне правіць

Даўжыня цела 12-22 см, разам з хвастом 23-43 см, маса 15-35 г. Цела верацёнападобнае, доўгае, нагадвае цела змяі. Знешнія прыкметы, якія адрозніваюць вераценніцу ад змей, — гэта наяўнасць рухомых павекаў; лускі брушнога і спіннога бакоў амаль аднолькавыя. Луска тулава выключна гладкая. Маладыя вераценніцы афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер. Уздоўж хрыбта праходзяць адна або дзве тонкія палоскі, якія пачынаюцца на патыліцы трохвугольнай плямай. Бакі і бруха ярка-бурага або чорнага колеру, рэзка кантрастуюць з афарбоўкай спіны. У працэсе росту афарбоўка мяняецца: спіна цямнее, а бакі і брушка, наадварот, святлеюць. З узростам вераценніцы зверху набываюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з характэрным медным або бронзавым адценнем, чым і тлумачыцца іншая назва віду — мядзянка.

Распаўсюджанне правіць

Арэал вераценніцы займае вялікую частку Еўропы, месцамі даходзіць амаль да Палярнага круга. Пашырана яна таксама ў Малой Азіі, на Каўказе, на поўначы Ірана, у Заходняй Сібіры.

Найбольш звыклымі біятопамі для вераценніцы з'яўляюцца мяшаныя, бярозавыя і хваёвыя лясы, алешнікі, у якіх яна аддае перавагу палянам, узлескам, высечкам, прасекам, абочынам дарог. Часам паўзуны трапляюцца ў месцах, дзе хваёвыя лясы мяжуюцца з поймамі рэк, азёр, вярховымі балотамі.

Вераценніца ломкая — адзіны від бязногіх яшчарак у Беларусі. Колькасць вераценніцы даволі нізкая.

Экалогія правіць

У адрозненне ад іншых яшчарак Беларусі вераценніца менш прыкметная ў прыродзе, бо вядзе даволі скрытны спосаб жыцця. Да таго ж яна актыўная ў асноўным у прыцемках і ноччу пры цёплым надвор'і. Днём яна бывае часцей актыўная ў пахмурнае надвор'е, хаця адзначаліся асобныя выпадкі актыўнасці вераценніц у паўдзённую спёку пры тэмпературы больш за 30 °C. Вераценніц, якія «загараюць», часцей можна бачыць вясной, калі яшчэ недастаткова цяпла, а таксама пасля перыяду халоднага надвор'я летам. Любіць гэта яшчарка выйсці на паляванне пасля спорнага летняга дажджу.

Сховішча вераценніца здольна зрабіць сабе сама ў лясным подсціле або мяккай глебе, хаваецца таксама пад стваламі паваленых дрэў і штабялямі бярвення, пад кучамі буралому, у трухлявых пнях і пад іх карой, пад камянямі, у норах розных дробных рыючых жывёл.

Палюе гэта яшчарка пераважна на дажджавых чарвей, якіх бывае шмат на паверхні глебы пасля дажджу. Акрамя таго, яна часта паядае малюскаў. Нямала ў рацыёне гэтых яшчарак насякомых і іх лічынак, мнаганожак.

Ад ворагаў вераценніцу ратуе скрытны спосаб жацця і характэрная для ўсіх іншых яшчарак здольнасць да аўтатаміі — абломвання доўгага хваста, які застаецца ў зубах або кіпцюрах драпежніка (адсюль і другая частка назвы віду — ломкая). Тым не менш вераценніца часта становіцца ахвярай іншых жывёл, якія кормяцца яшчаркамі.

На зімоўку вераценніца адыходзіць даволі позна — у канцы верасня — кастрычніку. Зімовую спячку праводзіць у норах, пад пнямі, у гнілых пнях. Часам збіраецца да 20-30 і больш асобін у адным месцы. Вясной яна з'яўляецца ў красавіку.

Пасля шлюбнага перыяду прыкладна праз 3 месяцы самка шляхам яйкажыванараджэння прыносіць ад 5 да 26 дзіцянят, часцей за ўсё 7-14. Маляўкі звычайна з'яўляюцца ў канцы ліпеня-жніўні і становяцца полаваспелымі на трэці год жыцця. Ліняе вераценніца некалькі разоў на год, пакідаючы пасля сябе, як і змеі, выпаўзак — старую скуру.

Вераценніца добра сябе адчувае ў жывых кутках і прывыкае да чалавека.

Літаратура правіць

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / Белорус. Сов. Энцикл.; И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — 2-е изд. — Мн.: БелСЭ, 1989.

Спасылкі правіць