Верхнянёманская нізіна

Верхнянёманская нізіна — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў верхнім цячэнні ракі Нёман.

Верхнянёманская нізіна (2001)
Верхнянёманская нізіна (1977)
Налібоцкая пушча вясной

Геаграфія правіць

Нізіна размешчана ў Гродзенскай і на захадзе Мінскай абласцей, уздоўж ракі Нёман. Мяжуе на захадзе з Сярэдненёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на паўночным усходзе з Ашмянскім узвышшам, на ўсходзе са Стаўбцоўскай раўнінай, на поўдні і захадзе з Навагрудскім узвышшам.

Геалогія правіць

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіва і Валожынскага грабена Беларускай антэклізы. Магутнасць чацвярцічных адкладаў 80—120 м, па лагчынах 160—180 м. Большую частку тэрыторыі займае водна-ледавіковая нізіна сожскага ўзросту, невялікімі фрагментамі прадстаўлена азёрна-ледавіковая нізіна. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Заходняя Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Сустракаюцца адорвені мелавых парод. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна Нёмана.

Рэльеф правіць

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Абсалютныя вышыні складаюць звычайна 130—160 м, максімальныя адзнакі дасягаюць на ўсходзе раёна 170 м. Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы адноснай вышынёю да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найбольш выразныя 2 узроўні — вышынёю 4—9 м і 8—12 м.

Клімат правіць

Сярэднія тэмпературы студзеня −5,5…-6,7 °C, ліпеня 17,3…17,7 °C. Ападкаў выпадае 660—703 мм за год.

Гідраграфія правіць

 
Нёман каля Бярозаўкі

Працякае рака Нёман з прытокамі Сула, Уса, Заходняя Бярэзіна, Гаўя, Дзітва (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь (злева). Найбольшае возера — Кромань, значныя памеры маюць Вялічкаўскае возера, Чарэшлі і інш. Паверхня ў значнай ступені забалочаная, тут знаходзіцца Дакудаўскае балота і інш.

Глебы і расліннасць правіць

Глебы дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, тарфяна-балотныя, у далінах рэк поймавыя.

Верхнянёманская нізіна знаходзіцца на мяжы падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пад лесам каля 35% тэрыторыі, найбольшы лясны масіў Налібоцкая пушча. Пераважаюць хваёвыя, мяшаныя, драбналістыя лясы, сустракаюцца ўчасткі дуброў.

Літаратура правіць

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992.
  • Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3