Земляны воўк (Proteles cristatus) — афрыканскае млекакормячае з сямейства гіенавых. Традыцыйная назва гэтага віду на афрыкаанс aardwolf ў перакладзе азначае «земляны воўк» і адлюстроўвае яго звычку жыць ў норах.

Воўк земляны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Proteles cristatus Sparrman, 1783

Арэал
выява

  Распаўсюджанне

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  621909
NCBI  9680
EOL  925982

Знешні выгляд правіць

Даўжыня цела 55-95 см, даўжыня хваста — 20-30 см, вышыня ў плячах — 45-50 см. Дарослыя асобіны важаць ад 8 да 14 кг, у залежнасці ад даступнасці ежы[1]. Палавы дымарфізм ў памерах не назіраецца.

Галава падобная да сабачай, падоўжаная, з вузкай пысай. Валасяное покрыва густое, складаецца з доўгага грубага асцюка і мяккай поўсці. Грыву ўтвараюць падоўжаныя валасы, якія растуць ад загрыўку да крупу. Грыва ў выпадку небяспекі дыбіцца, з чаго земляны воўк выглядае буйней.

Колер шэрсці светлы, ад жаўтавата-шэрага да рудаватага; горла і ніжняя частка цела больш бледныя, шэрыя з белым. Кантрасныя ўзоры звычайна складаюцца з 3 папярочных і 1-2 дыяганальных чорных палос на баках і мноства папярочных палос на лапах.

 
Шкілет землянога ваўка ў Музеі астэалогіі

Хвост руністы, у чорных плямах; канец хваста чорны. На мордзе валасы кароткія (10-15 мм) і рэдкія, шэрага колеру; канец морды аголены і чорны[1].

 
Чэрап землянога ваўка

Пальцаў на пярэдніх канечнасцях 5, на задніх — 4, на іх моцныя кіпцюры. Хада пальцаходная.

Вочы даволі буйныя; вушы вялікія і завостраныя. Язык шырокі; сліна, якую выдзяляюць буйныя падсківічныя залозы, клейкая, як і ўва ўсіх тэрмітафагаў. Сківіцы землянога ваўка непрапарцыйна моцныя, з вострымі ікламі, аднак у сувязі з асаблівасцямі яго харчавання карэнныя зубы спрошчаныя і рэдка размешчаныя. Моцная жавальная мускулатура і вострыя іклы неабходныя земляным ваўкам для сутычак з супраціўнікамі і драпежнікамі[2].

Распаўсюджванне правіць

Земляны воўк сустракаецца ўва Усходняй і Паўднёвай Афрыцы.

Адна папуляцыя землянога ваўка жыве ў Паўднёвай Афрыцы (ПАР, Лесота, Свазіленд, Намібія, Батсвана, Зімбабвэ, Паўднёвая Ангола, Паўднёвая Замбія і паўднёва-заходні Мазамбік).

Іншая, больш паўночная, папуляцыя сустракаецца ад Цэнтральнай Танзаніі праз Паўночна-Усходнюю Уганду, Кенію, Самалі, уздоўж узбярэжжа Эфіопіі, Эрытрэі і Судана да паўднёва-ўсходняга ўскрайку Егіпта.

Геаграфічна адрозніваюць 2 падвіды земляных ваўкоў:

  • Proteles cristatus cristatus (Sparrman, 1783) з Паўднёвай Афрыкі,
  • Proteles cristatus septentrionalis (Rothschild, 1902) з Усходняй і Паўночна-Усходняй Афрыкі[3].

Спосаб жыцця правіць

 
Земляны воўк у заапарку Сан Антоніа

Жыве на адкрытых сухіх раўнінах (са штогадовым узроўнем ападкаў 100—800 мм)[2], сустракаецца ў сельскагаспадарчых угоддзях. Гарыстых мясцовасцяў, пустыняў і трапічных лясоў пазбягае. Арэал пераважна супадае з распаўсюджваннем тэрмітаў сямейства Hodotermitidae, якія насяляюць травяністыя раўніны і саваны.

Земляныя ваўкі жывуць манагамнымі сямейнымі парамі. Агрэсіўна абараняюць свае кармавыя тэрыторыі, памеры якіх вар’іруюцца ад 1 да 4 км2 у залежнасці ад колькасці ежы. Звычайна на кожнай кармавой тэрыторыі знаходзіцца каля 3000 тэрмітнікаў, па 55 000 насякомых у кожным[4]. Межы кармавога ўчастка па перыметры пазначаюцца жаўтлява-аранжавымі выдзяленнямі анальных залоз, якія на паветры з-за акіслення хутка набываюць чорны колер. Ўнутры участкаў, каля логаваў таксама ставяцца пахкія меткі.

Земляны воўк актыўны ў прыцемках і па начах, толькі ў Паўднёвай Афрыцы зімой пераходзіць да дзённай актыўнасці, што адпавядае паводніцкім патэрнам яго асноўнай ежы, тэрмітаў. Земляны воўк рухаецца з хуткасцю каля 1,7 км/г, за ноч улетку пакрывае 8-12 км, узімку 3-8 км.

Удзень земляны воўк звычайна хаваецца ў падземных сховішчах, звычайна ў старых норах трубказубаў, а таксама ў пустуючых норах дзікабразаў. Здольны рыць і ўласныя норы. На тэрыторыі землянога ваўка можа быць да дзясятка логавішчаў, якія ў сярэднім выкарыстоўвацца па 6-8 тыдняў.

Земляны воўк сілкуецца тэрмітамі і зрэдку — іншымі насякомымі, іх лічынкамі або павукамі. Аснову яго рацыёну складаюць тэрміты родаў Trinervitermes:

  • Trinervitermes bettonianus ва Усходняй Афрыцы;
  • Trinervitermes rhodesiensis ў Зімбабвэ і Батсване;
  • Trinervitermes trinervoides ў Паўднёвай Афрыцы.

У адрозненне ад іншых тэрмітафагаў, земляны воўк не разбурае тэрмітнікі, але чакае, пакуль тэрміты выйдуць на паверхню і злізвае іх з глебы, для гэтага выкарыстоўвае свой шырокі клейкі язык. Адзін земляны воўк за ноч здольны з’есці ад 200 000 да 300 000 тэрмітаў, што ў год складае каля 105 000 000 тэрмітаў. Земляныя ваўкі практычна не маюць харчовых канкурэнтаў: іншыя віды-тэрмітафагі (трубказуб, дзікабраз) ядуць тэрмітаў роду Trinervitermes шмат радзей. Зрэдку земляны воўк ловіць дробных грызуноў і птушак, якія робяць гнёзды на зямлі, або шукае іх яйкі.

Зноскі

  1. а б Richardson, P.R.K., and S. K. Bearder. 1984. The Aardwolf. The Encyclopaedia of Mammals, vol. 1, pp. 158—159. George Allen and Unwin, London.
  2. а б Smithers, R.H.N. 1983. The mammals of the Southern African subregion. University of Pretoria, Pretoria.
  3. Coetzee, C.G. 1977. The mammals of Africa: an identification manual: order Carnivora, Part 8. (J. Meester and H. W. Setzer, eds.). Smithsonian Institution Press, Washington, D.C., 41 pp.
  4. Richardson, P.R.K. 1985. The social behaviour and ecology of the Aardwolf, Proteles cristatus (Sparrman, 1783) in relation to its food resources. Unpublished Ph.D. dissert., University of Oxford, Oxford, 289 pp.